У Магілёўскай вобласці на «Дажынках» існуе добрая традыцыя: падарункі атрымліваюць не толькі работнікі АПК, але і культуры. Трэці год запар па ініцыятыве старшыні аблвыканкама Анатоля ІСАЧАНКІ праводзіцца конкурс «На лепшы дажынкавы падворак». Гэта своеасаблівы тэст, які паказвае, наколькі раён здольны натхняць хлебаробаў на працу і чым унікальныя яго культурныя традыцыі.
Прызавы стымул
На гэты раз пашчасціла Клічаву. Са свята ў Шклове яго дэлегацыя вярталася не толькі з добрым настроем, але і з сертыфікатам на новенькую «Джылі»!
— Мы яшчэ летась стараліся ўзяць гэты прыз, аднак тады яго перахапіў Хоцімск, — адзначае начальнік сектара культуры Клічаўскага райвыканкама Анастасія ШАЛАЙ. — Мы пастараліся ўлічыць усе свае пралікі, і сёлета ў нас атрымалася.
Некалькі гадоў таму раён дапамог набыць для патрэб культработнікаў аўтобус на 19 месцаў. Але для вырашэння аператыўных пытанняў вельмі не хапала легкавога аўтамабіля. І чаму б сапраўды не здабыць яго, калі ёсць такі шанц?
Хлебны млын з эксклюзіўнымі дарамі
Над канцэпцыяй дажынкавага падворка працавалі ўсім светам, а ў дадзеным выпадку дакладней — усім раёнам. Культработнікі, вядома, могуць усё — было б, як той казаў, з чаго рабіць. І ўсё, што трэба, знайшлося. Усялякае садзейнічанне аказваў старшыня райвыканкама Віктар РАБКАВЕЦ.
З будматэрыяламі дапамог мясцовы «Жылкамгас» — толькі драўніны на падворак пайшло два з паловай кубаметра.
— Паўтара тыдня ад станка не адыходзіў, — прызнаецца майстар па дрэве раённага Дома рамёстваў Уладзімір ДЗЕРЖАНСКІ. — З дрэва магу зрабіць усё, але часу ледзь хапала. Натхняла і тое, што летась наш падворак таксама быў у ліку найлепшых. На гэты раз будаваў яго з нуля. Зрабіў нават рухомы хлебны млын. А на кожнай яго лопасці паклалі тыя скарбы, якімі багаты раён: хлеб, садавіну, агародніну, лясныя ягады. Цікава атрымалася. І дары нашы эксклюзіўныя. Клічаўскі раён славіцца сваімі лясамі і журавінамі.
А хлеб клічаўскі з ніякім іншым не пераблытаеш. Вырабляе яго вытворчы аддзел Клічаўскай райспажыўкааперацыі.
Кіраўнік народнай студыі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва «Праца. Творчасць. Ініцыятыва» Таццяна ТАПУНОВА ўклала ўсё сваё майстэрства і душу ў афармленне фотазоны. Усю гэту прыгажосць — сланечнікі, кветачкі — стварыла менавіта яна. Нездарма адбою ад жадаючых сфатаграфавацца на фоне казачнай кампазіцыі не было.
Сакрэтныя дранікі
Дранікамі ў Беларусі нікога не здзівіш, але ў Клічаве яны асаблівыя — панскія! І гэтай стравай на падворку частавалі ўсіх. Рэцэпт не пытайцеся — ніхто не скажа, гэта сакрэт! Як і «формулу» традыцыйных напояў — іх таксама на падворку было багата.
Выпілі, закусілі — і душа патрабуе відовішчаў. Няма праблем! Гаспадары дворыка і пра гэта паклапаціліся — тут пелі, танцавалі, ладзілі гульні. А каб госці міма не праходзілі, іх арыентаваў на мясцовасці элегантны «гняды конік», у касцюм якога апранулася метадыст раённага Дома культуры Юлія МІХНЁНАК.
«Цяпер мы ўсюль даедзем!»
— Тэма «Дажынак» — хлебасольная, але мы вырашылі раскрыць яе праз простыя рэчы — тыя ж дранікі, напоі, млын. Праз выстаўку паказалі традыцыі і хлебаробскія абрады. Арыентаваліся, вядома, на людзей працы. Усім сэрцам імкнуліся стварыць для іх свята, — гаворыць дырэктар цэнтралізаванай клубнай сістэмы Яўгенія ТРУШКО, ідэйная натхняльніца клічаўскага падворка.
Яна не хавае, што рыхтаваліся напружана, але вынік прыдаў новае дыханне. Аўтамабіль — годная адзнака зробленага. У цэнтралізаваную клубную сістэму раёна ўваходзяць 11 устаноў. Самая аддаленая знаходзіцца на адлегласці 40 кіламетраў. Раней не ведалі, як паўсюды справіцца. Для вырашэння лакальнага пытання аўтобус за дзясяткі кіламетраў не пагоніш. І вось пытанне знятае.
— Цяпер мы — мабільныя, усюль даедзем! — усміхаецца Яўгенія Трушко.
Нэлі ЗІГУЛЯ
Фота БелТА і з архіва сектара культуры
Клічаўскага райвыканкама