Праз адзін навучальны 2025-2026-ы год былі падведзены папярэднія вынікі, якія парадавалі: значна знізілася колькасць адходаў, талеркі дзяцей пасля прыёму ежы сталі чысцей — і карэспандэнты «Звязды» пераконваліся ў гэтым не раз, наведваючы харчблокі ўстаноў адукацыі. А сярод прапаноў і заўваг усё часцей сталі з’яўляцца падзякі ад бацькоў.
Маніторынг школьнага харчавання працягваецца пастаянна. Адпрацаваўшы чарговы пункт па яго аптымізацыі і ўдасканаленні, спецыялісты Мінадукацыі, Міністэрства аховы здароўя і іншых ведамстваў і арганізацый прыступаюць да наступнага з адзінай важнай мэтай — рыхтаваць для падрастаючага пакалення здаровыя, якасныя і смачныя стравы.
Якім будзе меню дзяцей і якімі навацыямі ў «смачным і карысным» пытанні сустрэне школьнікаў новы навучальны год, расказалі эксперты.
Другі сняданак у першую змену
Начальнік аддзела па арганізацыі харчавання Акадэміі адукацыі Міністэрства адукацыі Люцыя МІХАЛЬЧУК пацвердзіла, што новаўвядзенні сапраўды будуць:
— З 1 верасня пры аднаразовым харчаванні навучэнцаў уводзіцца адзіны від прыёму ежы, які будзе называцца другім сняданкам у першую змену, а ў другую — падвячоркам. Прычым іх каларыйнасць будзе аднолькавай, абодва павінны абавязкова ўключаць гарачыя стравы. Таксама з’явіцца больш магчымасцяў у выбары рацыёнаў. Для гэтага ўдасканалены падыходы да ўжывання натуральных нормаў і фарміравання саміх рацыёнаў, што дазволіць іх гнутка мяняць з улікам смакавых пераваг навучэнцаў.
Акрамя таго, пашыраецца пералік прадукцыі, дазволенай да выкарыстання ў школьным харчаванні, у тым ліку за кошт гатовых айчынных паўфабрыкатаў. Але з істотнай агаворкай — гэта павінны быць вельмі якасныя паўфабрыкаты, адзначыла Люцыя Чаславаўна:
— Усе яны — хай гэта будуць мясныя, рыбныя, агароднінныя або мучныя паўфабрыкаты — павінны праходзіць гігіенічную ацэнку і адпавядаць усім патрабаванням для дзіцячага харчавання.
Кошт не кусаецца
Што яшчэ зменіцца? З 1 верасня на 5 % павялічваецца памер грашовых нормаў на харчаванне. А ў далейшым прадугледжана іх штогадовая індэксацыя з улікам змянення цэн на прадукты харчавання.
— Бацькі, чые дзеці атрымліваюць платнае харчаванне, аплачваюць толькі ўсталяваную грашовую норму выдаткаў на кожны канкрэтны прыём ежы. Усе астатнія выдаткі на прыгатаванне ежы — утрыманне персаналу, камунальныя і іншыя выдаткі — ажыццяўляюцца за кошт бюджэтных сродкаў, — патлумачыла Люцыя Міхальчук.
Не хочаш есці — не еш
Спынілася Люцыя Чаславаўна і на пытанні, якое задаюць бацькі школьнікаў кожны год: ці абавязковы ў школе прыём ежы?
— Такая абавязковасць нарматыўнымі прававымі актамі не ўстаноўлена, — удакладніла яна. — У выпадку адмовы ад ежы ніякай дадатковай заявы ад бацькоў не патрабуецца. Дастаткова вуснага паведамлення альбо класнаму кіраўніку, альбо адміністрацыі ўстановы адукацыі. Аднак спадзяёмся, дарослыя разумеюць, што іх дзеці ў школе знаходзяцца працяглы час і што для іх жа здароўя і карысці гарачая ежа на працягу дня проста неабходная.
Замест дзвюх груп — тры
Яшчэ адно новаўвядзенне. З 1 верасня меню будзе складацца для трох, а не дзвюх, як было раней, узроставых груп з разбіўкай па класах: навучэнцы 1-5-х класаў, 6-8-х класаў і 9-11-х класаў.
І другі сняданак, і падвячорак будуць разлічаныя на адпаведны ўзрост і грашовую норму.
— Кошт другога сняданку для навучэнцаў 1-5-х класаў складзе 2,41 рубля, 6-8-х — 2,64 рубля, 9-11-х — 2,85 рубля. Абед для дзяцей, якія наведваюць групу падоўжанага дня, будзе каштаваць 3,45 рубля, — дала грашовы расклад дырэктар дзяржаўнага прадпрыемства «Камбінат школьнага харчавання Мінска» Людміла КРУПСКАЯ.
У меню восеньскага сезона, па словах дырэктар КШХ, уключаны самыя топавыя стравы, якія карысталіся попытам сярод навучэнцаў у мінулым навучальным годзе.
— Гэта нагетсы, блінцы з рознымі начынкамі, каўбаскі, сырнікі з рыкотай, пельмені, курыныя біточкі з сырам, запечаная долькамі бульба з таматавым соусам, — падзялілася магчымым меню Людміла Сяргееўна. — Нягледзячы на тое, што ў сваёй рабоце мы сталі выкарыстоўваць паўфабрыкаты высокай ступені гатоўнасці, прынцып адпаведнасці патрабаванням дзіцячай дыетэтыкі захоўваецца.
Галоўнае адрозненне ад фастфуду — чысты склад без узмацняльнікаў густу, фарбавальнікаў і кансервантаў, сцвярджае кіраўнік камбіната. І што вельмі важна — у школьнай сталовай і блінцы, і нагетсы праходзяць цеплавую апрацоўку ў параканвектамаце або смажальнай шафе, захоўваючы ўсе карысныя рэчывы. У фастфудзе іх смажаць у фрыцюры ў вялікай колькасці алею, што робіць ежу каларыйнай і шкоднай.
Акрамя таго, традыцыйна на падставе прыкладных рацыёнаў тэхнолагамі камбіната распрацоўваецца меню для арганізацыі дыетычнага харчавання, паказаннямі для якога з’яўляюцца цукровы дыябет, фенілкетанурыя, непераноснасць глютену, а таксама пры непераноснасці асобных груп харчовых прадуктаў.
«Зялёны праект»
У красавіку гэтага года ў дзвюх мінскіх школах стартаваў новы праект па ўключэнні ў рацыёны харчавання навучэнцаў зялёнай прадукцыі і салаты айчыннай вытворчасці.
— Яго сутнасць у тым, каб кожны дзень уключаць у гарачыя стравы школьнікаў свежую зеляніну, — растлумачыла Людміла Крупская. — У школьным меню гэтых устаноў адукацыі ўжо з’явіліся стравы са шпінатам, кропам, пятрушкай, зялёнай цыбуляй і ліставой салатай. З новага навучальнага года да праекта падключыцца яшчэ адна сталічная школа.
Хутка і без чаргі
Дырэктар камбіната падзялілася праблемай набыцця дзецьмі буфетнай прадукцыі падчас школьных перапынкаў. Як правіла, іх кароткага часу хапае не заўсёды і не ўсім, хто паміж заняткамі жадае паласавацца чымсьці смачненькім.
— Мы разглядалі розныя спосабы вырашэння гэтай праблемы, — сказала Людміла Сяргееўна. — Вядома, можна ўзяць яшчэ аднаго супрацоўніка, адкрыць яшчэ адну касу, але тут існуюць пэўныя цяжкасці — кадравыя, па большай частцы. Таму ўстаноўку вендынгавых апаратаў у школах разглядаем як цалкам прымальны выхад.
Дарэчы, вопыт у іх выкарыстанні ўжо ёсць — у верасні 2025 года такі апарат усталявалі ў фае сярэдняй школы № 52 горада Мінска. Снекавыя апараты ўстаноўлены і працуюць у гімназіях № 16 і 29, у сярэдняй школе № 19.
— Уся прадукцыя, якая рэалізуецца ў вендынгавых апаратах, — прамысловай вытворчасці, у індывідуальнай ўпакоўцы і цалкам адпавядае патрабаванням дзіцячай дыетыкі, — сцвярджае кіраўнік КШХ. — У іх можна набыць падушачкі з малочным начыннем, шакаладныя цукеркі, дыетычныя батончыкі з паніжаным утрыманнем глютену, зефір, фруктова-ягадныя цукеркі, арэхавыя сумесі, ваду і напоі, печыва. Плануем, што ў пачатку новага навучальнага года мы ўсталюем яшчэ пяць такіх апаратаў.
Алена ВІНАГРАДАВА