Рэгістрацыя на ЦТ пройдзе з 9 да 22 красавіка. І гэта будзе апошнім падрыхтоўчым этапам перад асноўным іспытам для тых, хто збіраецца паступаць у ВНУ.
Начальнік галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі Міністэрства адукацыі Сяргей ПІШЧОЎ яшчэ раз завастрыў увагу на тым, што ніякіх кардынальных змен у самім працэсе тэсціравання няма. Усё будзе вельмі празрыста і справядліва, з шырокім інфармаваннем абітурыентаў і іх бацькоў. Неабходная інфармацыя будзе размяшчацца на сайтах універсітэтаў, абнаўляючыся тры разы на дзень.
Без змен і сюрпрызаў
— У апошнія гады ў правілах прыёму і асаблівасцях паступлення істотных змен для абітурыентаў няма: цалкам захавана этапнасць кампаніі, уключаючы асобны этап для тых, хто паступае на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі. Кропкавыя карэкціроўкі прадугледжаны толькі для ЦТ, — канстатаваў Сяргей Пішчоў.
Першае — гэта ідэнтыфікацыя ўдзельнікаў па ідэнтыфікацыйным нумары. Рашэнне, па словах Сяргея Мікалаевіча, прынята ў інтарэсах выпускнікоў: нярэдка абітурыенты мяняюць пашпарты, з-за чаго пасля ім даводзілася замяняць і сертыфікаты тэсціравання. Таксама ўдакладнены патрабаванні да калькулятара на іспытах па фізіцы і хіміі — гэта павінен быць элементарны аднарадковы прыбор з простымі вылічальнымі функцыямі.
Яшчэ адзін пункт датычыцца абітурыентаў з хранічнымі захворваннямі, якім патрэбны пастаянны медыцынскі кантроль. Яны могуць прыносіць у аўдыторыю медыцынскія прылады, у тым ліку мабільныя. Для гэтага на этапе рэгістрацыі на ЦТ неабходна прад’явіць адпаведную медыцынскую даведку.
Як і раней, паступіць на мэтавае навучанне можна будзе толькі пры наяўнасці конкурсу больш як адзін чалавек на месца. Прычым, нагадвае Сяргей Пішчоў, наяўнасць конкурсу неабходна як на этапе падачы дакументаў, так і пасля ўнутраных экзаменаў у ВНУ. Мэтавікі паступаюць асобным этапам. Начальнік галоўнага ўпраўлення праінфармаваў, што пакуль ідзе зацвярджэнне колькасці мэтавых месцаў, проста неабходна дачакацца завяршэння працэсу і заключыць дагавор аб мэтавай падрыхтоўцы.
Першыя абітурыенты — гэта пераможцы ўніверсітэцкіх алімпіяд. Спаборніцтвы для адораных дзяцей праходзілі ў 21 універсітэце краіны. Найлепшыя з найлепшых змогуць стаць студэнтамі без уступных экзаменаў у першыя дні прыёму дакументаў.
І анлайн, і асабіста
Сёлета зарэгістравацца на ЦТ можна як анлайн, запоўніўшы электронную форму на сайце РІКВ, так і асабіста ў пункце рэгістрацыі пры прад’яўленні дакумента (копіі дакумента), які сведчыць асобу (пашпарт, ідэнтыфікацыйная карта, від на жыхарства ў Рэспубліцы Беларусь, пасведчанне бежанца), або даведкі, што выдаецца ў выпадку страты (крадзяжу) дакумента, які сведчыць асобу.
У РІКВ праінфармавалі, што пасля заканчэння рэгістрацыі і пацвярджэння факта аплаты прыёму і афармлення дакументаў для ўдзелу ў ЦТ абітурыенту выдаецца пропуск, які неабходна атрымаць не пазней за 22 красавіка ў тым пункце рэгістрацыі, у якім абітурыент падаў заяву для ўдзелу ў ЦТ. Для гэтага неабходна з’явіцца асабіста альбо атрымаць дакумент праз законнага прадстаўніка непаўналетняга абітурыента ці прадстаўніка, які дзейнічае на падставе даверанасці, засведчанай натарыяльна.
Важна!
Пропуск для ўдзелу ў ЦТ лічыцца зарэгістраваным, калі на ім маюцца пячатка ўстановы, вызначаная пунктам рэгістрацыі, подпіс упаўнаважанага прадстаўніка пункта рэгістрацыі і паказаны рэгістрацыйны нумар.
Алена ВІНАГРАДАВА