Top.Mail.Ru

У аграгарадку Пудаўня жыхары абнавілі да Дня Незалежнасці помнік землякам, якія паклалі свае жыцці на алтар Перамогі

Памяць, якая яднае 


Урачыстае мерапрыемства, у якім прынялі ўдзел жыхары аграгарадка і найбліжэйшых вёсак, адбылося 2 ліпеня. Помнік землякам, на плітах якога болей за сто прозвішчаў, існаваў і раней, але за гады пацямнелі імёны на плітах, пагоршыўся стан самога мемарыяла, патрэскалася пакрыццё пешаходных дарожак. Летась было прынятае рашэнне абнавіць важны для памяці аб’ект, і жыхары яго аднагалосна падтрымалі. 

Праект стаў адным з пераможцаў на абласным конкурсе грамадзянскіх ініцыятыў.

Ідэю абнавіць помнік гераічным землякам агучыў старшыня Чэрнеўскага сельвыканкама Аляксандр Кавалёў, а дэпутат Дрыбінскага райсавета, настаўніца філіяла Дрыбінскай дзіцячай школы мастацтваў у аграгарадку Пудаўня Аксана Галенка вырашыла справу рэалізаваць. У гэтым ёй дапамагала галоўны спецыяліст сельсавета Наталля Лісава.

— Было зроблена апісанне, складзена калькуляцыя, — удакладняе суразмоўніца. — На прэзентацыі я казала пра тое, што гэты праект вельмі важны для нашага сельсавета і наогул раёна. Яго падтрымалі жыхары не толькі Пудаўні, а і найбліжэйшых вёсак: Жданавіч, Карзеева, Мілаўя, Яськаўшчыны і іншых.

Дэпутат расказвае, што ініцыятыва была адразу ж падхопленая жыхарамі. Фінансава ў ёй паўдзельнічалі прадпрыемствы і арганізацыі сельсавета: ААТ «ЧэрнеўкаАгра», участак Дрыбінскага «Жылкамгаса» ў Пудаўні, мясцовая сярэдняя школа, грамадскія аб’яднанні. Энную суму ахвяравала насельніцтва. У зборы грошай Аксане Галенка дапамагала аднамысніца Марыя Распуцька — за тыдзень яны абышлі практычна ўсе дамы. Нікога ўгаворваць не трэба было. Усе разумелі важнасць справы.

Усяго было сабрана амаль дзве тысячы рублёў — 10 % ад патрэбнай сумы. Астатнія грошы выдзеліў бюджэт.

Помнік абнаўлялі сумеснымі намаганнямі. У рабоце былі задзейнічаныя будаўнікі, камунальнікі, жыхары, моладзь. Мастакі з ліку выкладчыкаў філіяла дзіцячай школы мастацтваў аднавілі прозвішчы на плітах.

— Людзі працавалі з настроем, нікога ўгаворваць не прыходзілася, — кажа дэпутат. — Аб’ект вельмі знакавы для нашага сельсавета. Тут заўсёды праводзяцца важныя мерапрыемствы, мітынгі да афіцыйных свят. На іх прысутнічае шмат народу. Таму з улікам гэтага і пашырылі пляцоўку перад помнікам. Стала больш прасторна і ўрачыста. На адкрыццё былі запрошаны ўсе, дзякуючы каму гэта памятнае месца было адноўлена — кіраўніцтва аблсавета, раёна, сельсавета, Магілёўскай абласной асацыяцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў, жыхары, моладзь.

Аксана Галенка лічыць, што аб’ект з’яўляецца нагляднай пляцоўкай для патрыятычнага выхавання моладзі. І тое, што школьнікі прымалі непасрэдны ўдзел у работах на ім, працавалі на суботніку, таксама вельмі важна.

— Нашы дзеці выхоўваюцца на прыкладах нашых мужных землякоў, — кажа суразмоўніца. — На гэтым базіруюцца культура і патрыятызм нашага маладога пакалення. І мы павінны паказваць ім прыклад. Дзякуючы подзвігу нашых продкаў, мы сёння жывем.

Старшыня Дрыбінскага райсавета Цімафей МАРЦІНОВІЧ удакладняе, што падобныя ініцыятывы насельніцтва заўсёды гатовае падтрымаць і ўнесці пасільны ўклад. І гэты праект прамое таму пацвярджэнне.

— Памяць — гэта святое, — кажа ён. — У 1941 годзе, калі на нашу зямлю прыйшла страшная бяда, людзі сталі на абарону Радзімы і далі рашучы адпор ворагу. На жаль, шмат хто з іх не вярнуўся дамоў. Але мы не забываем пра іх подзвіг. Ён жыве ў нашых сэрцах, і памяць пра яго мы перадаём нашым нашчадкам.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота з архіва Аксаны ГАЛЕНКА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю