Зразумела, што сёння меркаваць аб ходзе і выніках прыёмнай кампаніі на завочную форму навучання рана. Аднак вынікі паступлення і залічэння ў ходзе прыёмнай кампаніі на дзённае навучанне даюць падставы думаць, што яны будуць станоўчыя. Сёлета 3 000 студэнтаў выбралі аграрныя спецыяльнасці, аднавіўшы такім чынам гістарычны максімум. Напрыклад, у БДАТУ сярэдні конкурс павялічыўся практычна ў 1,4 раза і склаў 1,5 чалавека на месца. Пры плане прыёму 465 бюджэтных месцаў было пададзена 710 заяў ад абітурыентаў, прахадныя балы па спецыяльнасцях узраслі ў 1,1–1,4 раза. У Міністэрстве адукацыі разлічваюць, што на завочную форму навучання ў лістападзе—снежні паступяць каля 2 400 студэнтаў, прычым палова з іх — на бюджэтныя месцы.
Калі і куды?
Да канчатковых вынікаў уступнай кампаніі 2025 года амаль два месяцы. І пакуль мы з нецярпеннем чакаем станоўчую статыстыку, абітурыентам, якія хочуць звязаць сваю працоўную дзейнасць з аграрным сектарам эканомікі, самы час пачаць фінішную падрыхтоўку да паступлення. Для іх мы нагадваем, што прыём дакументаў на завочную форму навучання пачнецца 15 лістапада і працягнецца па 5 снежня. На наступны дзень, 6 снежня, пачнуцца ўступныя выпрабаванні і працягнуцца да 15 снежня. Да 20 снежня абітурыенты змогуць знайсці сябе ў спісе залічаных. Усе тэрміны ў роўнай ступені адносяцца як да бюджэтнікаў, так і да тых, хто будзе паступаць на платнае завочнае навучанне.
Што датычыцца геаграфіі паступлення, то абітурыентаў гатовыя прыняць вядучыя аграрныя ВНУ, размешчаныя ў розных рэгіёнах краіны, — Беларуская дзяржаўная сельскагаспадарчая акадэмія ў Горках, Беларускі дзяржаўны аграрны тэхнічны ўніверсітэт у Мінску, Віцебская дзяржаўная акадэмія ветэрынарнай медыцыны і Гродзенскі дзяржаўны аграрны ўніверсітэт.
Правілы для ўсіх і для кожнага
Як праінфармавалі ў Міністэрстве сельскай гаспадаркі і харчавання, у конкурсе на атрыманне вышэйшай адукацыі на завочнай форме за кошт сродкаў бюджэту і на платнай аснове (за выключэннем тых, хто паступае ва ўніверсітэты сельскагаспадарчага профілю па напрамках «Сельская гаспадарка», «Ветэрынарыя», «Рыбная гаспадарка» і «Ахова працы») могуць удзельнічаць абітурыенты, якія маюць: агульную сярэднюю адукацыю, працуюць у сельскагаспадарчых, перапрацоўчых і абслугоўваючых сельскую гаспадарку арганізацыях, у арганізацыях, якія ажыццяўляюць прадпрымальніцкую дзейнасць па вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі, сялянскіх (фермерскіх) гаспадарках. Сюды ж уваходзяць асобы, якія маюць прафесійна-тэхнічную адукацыю з агульнай сярэдняй адукацыяй альбо сярэднюю спецыяльную адукацыю, калі паступаюць для атрымання вышэйшай адукацыі па сваёй спецыяльнасці.
У выпускнікоў школ павінен быць стаж працы не менш за 10 месяцаў у сельскагаспадарчых, перапрацоўчых і абслугоўваючых сельскую гаспадарку арганізацыях, у арганізацыях, якія ажыццяўляюць прадпрымальніцкую дзейнасць па вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі, а таксама ў сялянскіх (фермерскіх) гаспадарках. Падставай можа служыць ажыццяўленне прадпрымальніцкай дзейнасці або дзейнасці, якая не адносіцца да прадпрымальніцкай, — па абраным профілі адукацыі.
У правілах прыёму асоб для атрымання вышэйшай адукацыі значацца і іншыя катэгорыі грамадзян, якія могуць паступаць у ВНУ на завочную форму навучання з пералікам неабходных дакументаў для кожнай з іх.
Алена ВІНАГРАДАВА