Для Валянціны Бурак, старасты вёскі Шэйпічы Асіповіцкага раёна, тэма вайны асаблівая. Усе сем сыноў яе бабулі Евы пайшлі на фронт — ні адзін не вярнуўся. Чацвёра з іх загінулі на тэрыторыі Еўропы, там, дзе цяпер зносяць помнікі вызваліцелям. Жанчына вырашыла аднавіць справядлівасць і натхніла на гэта аднавяскоўцаў.
Павел загінуў 9 мая 1945 года ў Берліне. Сцяпана і Пецю пахавалі на полі бітвы ў Польшчы, а Мікола, які таксама дайшоў да Польшчы, не вярнуўся з разведкі. Косця, Аркадзь і Іван — загінулі ў Беларусі.
— Калі пачалі зносіць помнікі чырвонаармейцам у Польшчы і Германіі, начамі не магла спаць, — расказвае Валянціна Бурак. — Звярнулася да людзей, і яны падтрымалі.

Помнік у выглядзе каплічкі з крыжам наверсе, эскіз якога жанчына намалявала, усім спадабаўся. Выраблялі талакой. Істотна дапамаглі Васіль і Наталля Кірылавы, Анатоль Дзмітрыенка, Вольга Селядцова, сын Валянціны Міхайлаўны — Яўген Бурак, Аляксандр Кустаў.
Прозвішчы для помніка Валянціна Бурак выпісала з кнігі «Памяць» і кожнае праверыла. Усяго ў спіс трапілі 44 чалавекі — усе, хто загінуў у Еўропе. Валянціна Міхайлаўна сваіх дзядзькаў, якія склалі галовы ў Беларусі, туды не ўпісвала.
Могілкі ў Шэйпічах старадаўнія. Ды і сама вёска з гісторыяй. Сёлета будзе адзначаць 465-годдзе.
— І сёння жыве традыцыя кожную вясну могілкі прыбіраць— расказвае стараста. — Збіраемся штогод па 20–30 чалавек. Памяць ад бацькоў дзецям перадаецца.
У сярэдзіне 1970-х Валянціне маці расказала пра магілу партызана, якога разам з аднавяскоўцамі хавала. Маці паведаміла Валянціне, што звалі партызана Пётр Дашукевіч і што ён маладым загінуў падчас бою.
— Калі крыж згніў, я папрасіла родных і суседзяў дапамагчы магілу аднавіць, — расказвае стараста. — Прыцягнулі бардзюры, камяні, паднялі яе. Зяць Уладзімір Рубінчык зладзіў металічную тумбу з зоркай. Пафарбавалі, прымацавалі таблічку. Памяць пра партызана жыве.

Валянціна Бурак перакананая, што дарослыя павінны часцей расказваць дзецям пра вайну і продкаў. Тады памяць ніхто не перакруціць.
Клапоціцца Валянціна Бурак і пра жывых. Нездарма яе старастам выбралі. Вёска маленькая — 45 чалавек, але ўсюды павінен быць парадак. У старасты на ганаровым месцы ляжыць вялікая папка, дзе захоўваюцца справаздачы па тых праблемах, якія яна з мясцовымі ўладамі і жыхарамі вырашала.
У пасёлку Ялізава, напрыклад, з'явіліся зручныя пераходы праз чыгунку, а ад самога пасёлка і праз усю вёску Шэйпічы — дарога.
— Усё пачалося з артыкула ў газеце, што да Шэйпіч пабудавана дарога, — усміхаецца жанчына і дэманструе перапіску з афіцыйнымі ўстановамі. — Насамрэч, да царквы праклалі 500 метраў, а напісалі, што дарогу да Шэйпіч пабудавалі. Я патэлефанавала ў рэдакцыю і запрасіла праехацца па гэтай дарозе. Пасля чаго зрабілі нам дарогу.
Асаблівасць Валянціны Міхайлаўны ў тым, што яна не папракае і не патрабуе, а ветліва просіць. Наконт дарогі ў райвыканкам не зварот напісала, а сапраўдны літаратурны твор пад назвай «Жыві, мая вёсачка!». Можа таму праблема была паспяхова вырашана?
Аднойчы жыхарка папрасіла старасту дапамагчы з электрыкамі, маўляў, святло ў доме міргае. І тая напісала ў электрасеткі гістарычную даведку. «Нашай вёсачцы 465 гадоў. На сваім веку яна спазнала ўсё: і голад, і холад, і разруху, і аднаўленне... У 1966 годзе ў вёсцы з'явілася першая лямпачка. І не міргала — трансфарматар вытрымліваў нагрузку. Але з тых часоў многае змянілася. Падключаем да разетак шмат чаго. Зрабіце нам добры трансфарматар, каб вытрымліваў нагрузку». Зрабілі!
— Некаторыя лічаць, што марную сілы, — кажа жанчына. — А мне гэта, наадварот, здароўе прыбаўляе. Прыемна, што магу карыснае людзям зрабіць. Пасля абавязкова дзякую выканаўцам.
— Наша Міхайлаўна ўжо і за іншую вёску ўзялася, — уступае ў размову старшыня Свіслацкага сельсавета Аляксей Траццякоў, які вельмі паважае Валянціну Бурак за яе актыўнасць і неабыякавасць. — Ёй ужо свіслацкія бабулькі тэлефануюць са сваімі праблемамі. Яна і за іх турбуецца.
Наогул жанчына — асоба ў раёне вядомая. Калі працавала ў Ялізаве, спявала ў ансамблі «Вечарынка». З канцэртамі ездзілі і ў іншыя вобласці. Сёлета Валянціна Міхайлаўна на Дзень Незалежнасці, 3 ліпеня, адзначыць 75-годдзе. У ансамблі яна ўжо не спявае, але сябровак заўсёды гатова падтрымаць. Два вялікія сшыткі песень і прыпевак напісала. Апошнім часам часцей да жыццёвых тэм звяртаецца. Склала верш пра тое, што найлепшае лячэнне — не таблеткі, а прыпеўкі. Прысвячэнне старшыні сельсавета ёсць. Пра тое, які ён клапатлівы. Голас у жанчыны сакавіты — прыгожа спявае.

— З дзяцінства з песняй не развітваюся, — усміхаецца яна. — Калі ў маці схваткі пачаліся, родныя пабеглі акушэрку зваць. А калі вярнуліся, я ўжо ляжала на стале і «спявала».
Нягледзячы на хворыя ногі, Валянціна Бурак не ўпускае магчымасці паказаць мне яшчэ і хату бабулі, што па суседстве. Там яна нарадзілася. Кажа: у бабулі Евы вайна адняла сыноў, але не нявестак. Яны з дзецьмі ўсё жыццё з ёй заставаліся. Жылі дружна, адной сям'ёй. І гэта давала сілы.
Фота аўтара