Суровая зіма, якая сёлета прымусіла беларусаў добра паварушыцца, стала выпрабаваннем і для лясных жывёл. Кур’ёзны выпадак адбыўся ў Бабруйскім раёне каля вёскі Крапіўкі, дзе трактарыст Любоніцкага лясніцтва чысціў дарогу на сваім МТЗ 82.
Як расказалі ў лясніцтве, нечакана з лесу выйшла казуля і накіравалася да яго.
— Было бачна, што яна галодная і ўся дрыжала, — расказалі на прадпрыемстве. — Мужчына скарміў ёй амаль увесь свой хлеб. Калі трактарыст «прапанаваў» ёй пагрэцца ў кабіне, яна была не супраць. Разляглася на паўсядзення і нават не хацела выходзіць, калі гаспадар пачаў яе выправаджваць.
У лясніцтве сказалі, што гэта першы падобны выпадак за апошнія гады, калі дзікія жывёлы ідуць да чалавека ў пошуках паратунку.
Нэлі ЗІГУЛЯ
Фота з інфармацыйнага партала Kirovsk.by