Top.Mail.Ru
139

У Бабруйску фінансавая міліцыя рыхтуе кадры са школы

Першы падатковы клас, які нядаўна адкрыўся на базе сярэдняй школы № 34 Бабруйска, стаў яшчэ адным матыватарам для прафесійнага самавызначэння школьнікаў.

У яго ўвайшлі 25 вучняў 10-га класа. Яны цікавяцца асновамі фінансавай адукаванасці і не супраць звязаць сваю будучыню з падатковымі органамі. 

Як паведамілі ў прэс-цэнтры інспекцыі МПЗ Рэспублікі Беларусь па Магілёўскай вобласці, адкрыццё падатковага класа стала магчымым дзякуючы пагадненню аб узаемадзеянні і супрацоўніцтве паміж адміністрацыяй школы № 34 і інспекцыяй Міністэрства па падатках і зборах Бабруйска. Асноўная мэта праекта — фарміраванне ў вучняў асноў падатковай культуры і фінансавай адукаванасці, развіццё навыкаў планавання і прыняцця абдуманых фінансавых рашэнняў.

Школа выбрана невыпадкова. Яна адкрылася летась і з’яўляецца адной з сучасных устаноў адукацыі, дзе створаны ўсе ўмовы не толькі для вучобы, але і для раскрыцця талентаў навучэнцаў. Тут яны з ранняга ўзросту займаюцца робататэхнікай, ставяць беларускамоўныя лялечныя спектаклі, дасягаюць спартыўных поспехаў... 

Падатковы клас таксама дапаможа вызначыцца са сваім месцам у жыцці. Як выказаўся падчас яго адкрыцця міністр па падатках і зборах Дзмітрый Кійко, вучні, якія прынялі рашэнне займацца ў гэтым класе, змогуць стаць годным папаўненнем падатковых органаў і працаваць на карысць развіцця роднай краіны. 

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота з сайта bobrlife.by

Чытайце таксама: Як нараджаюцца інавацыі, якія робяць вучобу творчай і пазнавальнай

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю