Падчас пленарнага пасяджэння старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка агучыў прывітанне ад Прэзідэнта Беларусі.
«Пабрацімскі рух з’яўляецца адным з ключавых элементаў беларуска-расійскай народнай дыпламатыі, які пашырае сферы супрацоўніцтва, надае магутны імпульс інтэграцыйным працэсам, — гаворыцца ў прывітанні беларускага лідара. — Кожная такая сустрэча — гэта не толькі дыялог сяброў, аб’яднаных агульнымі задачамі, але і абмен перадавым вопытам паміж рэгіёнамі дзвюх краін, пошук новых фарматаў і механізмаў узаемавыгаднага партнёрства».



Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што парадак дня мерапрыемства змяшчае шырокую палітру напрамкаў: эканамічная кааперацыя, рэалізацыя сацыяльных праектаў, узрастаючая роля культуры і турызму ў якасці камунікатыўных інструментаў развіцця пабрацімскіх адносін. «Гэта сведчыць аб нязменным і жывым інтарэсе да ўмацавання дружбы паміж нашымі дзяржавамі. Упэўнены, сёлетні форум стане эфектыўнай платформай для вырашэння многіх практычных пытанняў саюзнага будаўніцтва», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Форум праводзіцца па чарзе ў Беларусі і Расіі, і штогод гарадоў-пабрацімаў становіцца ўсё больш. На гэты раз дагаворы аб пабрацімстве былі падпісаны паміж гарадамі Круглае Магілёўскай вобласці і Рассказава — Тамбоўскай. Таксама пабраталіся горад Лунінец Брэсцкай вобласці і пасёлак Вад — Ніжагародскай. Акрамя таго, дагаворы аб пабрацімскіх сувязях заключылі Беларускае таварыства сяброўства і культурнай сувязі з замежнымі краінамі і Федэральная нацыянальна-культурная аўтаномія беларусаў Расіі.

Па словах старшыні праўлення беларускага грамадскага аб’яднання «Параднёныя гарады» Барыса Батуры, развіццё пабрацімскіх сувязяў з’яўляецца агульным унёскам ва ўмацаванне Саюзнай дзяржавы.
На чатырох тэматычных секцыях былі разгледжаны пытанні аб стварэнні ўстойлівых фарматаў эканамічнай кааперацыі і рэалізацыі сумесных сацыяльных праектаў. Прадстаўнікі беларукіх і расійскіх гарадоў абмеркавалі перспектывы развіцця турыстычнага і культурнага супрацоўніцтва, маладзёжную тэматыку. Прапановы ўдзельнікаў уключаны ў выніковую рэзалюцыю XIV Форума гарадоў-пабрацімаў.
Нэлі ЗІГУЛЯ