З 2026 года ў Беларускім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце студэнты лясных факультэтаў будуць сумяшчаць вучобу з работай на прадпрыемствах-партнёрах.
Усе навучэнцы-леснікі пры гэтым атрымаюць правы кіроўцы і афіцыйнае працаўладкаванне з заработнай платай. Дуальная форма навучання прадугледжвае, што значная частка часу студэнтаў праходзіць на рэальным працоўным месцы. Тэорыя вывучаецца ва ўніверсітэце, а практыка — непасрэдна на прадпрыемстве, што дазваляе адразу прымяняць атрыманыя веды на справе.
Пераход на такое навучанне закране студэнтаў факультэта лясной інжынерыі, матэрыялазнаўства і дызайну, а таксама лесагаспадарчага факультэта.
У вучэбныя планы ўнясуць карэкціроўкі: павялічаць колькасць практычных заняткаў за кошт скарачэння некаторых дысцыплін, не звязаных з профілем.
Алена ВІНАГРАДАВА.