Урачыстая цырымонія прайшла 30 студзеня. Павіншаваць галоўную ВНУ краіны са знамянальнай падзеяй прыбылі старшыня Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў Арцём ЦУРАН, намеснік кіраўніка Адміністрацыі Маскоўскага раёна сталіцы Наталля ЕЛІСЕЕВА, рэктар БДУ Андрэй КАРОЛЬ, кіраўніцтва будаўнічай арганізацыі, студэнты і супрацоўнікі ВНУ.
Арцём Цуран адзначыў, што адкрыццё новага фізкультурна-аздараўленчага комплексу чарговы раз дэманструе жаданне моладзі весці здаровы лад жыцця.
— Кіраўнік дзяржавы ўдзяляе пільную ўвагу развіццю спартыўнай інфраструктуры нашай краіны, — сказаў ён. — Менавіта таму сёння ў Мінску створаны ўсе ўмовы для развіцця кожнага віду спорту.
Ён таксама выказаў перакананасць у тым, што ФАК БДУ дазволіць моладзі рэалізаваць свае спартыўныя памкненні, прынясе станоўчыя эмоцыі і зарад бадзёрасці.
— Прыемна, што кіраўніцтва вядучага ўніверсітэта Беларусі звяртае вялікую ўвагу на вольны час сваіх студэнтаў і стварае ўсе ўмовы для іх пазанавучальнай самарэалізацыі, — далучылася да віншаванняў Наталля Елісеева.
А кіраўнік БДУ Андрэй Кароль правёў змястоўны экскурс па структуры ФАКа.
— Сімвалічна, што дата яго адкрыцця каляндарна супала з пачаткам 2026 года і другім навучальным семестрам ва ўніверсітэце, — сказаў ён. — Але самае галоўнае, наша цырымонія дае старт юбілейнай праграме 105-годдзя БДУ, пад эгідай якога пройдзе ўвесь бягучы год.
Рэктар таксама звярнуў увагу на неабходнасць і першараднасць адкрыцця другога буйнога па сваім маштабе спартыўнага аб’екта ВНУ.
— У раёне вуліцы Курчатава ў нас размешчаны тры факультэты, два студэнцкія інтэрнаты, навукова-даследчыя інстытуты і прадпрыемствы. Гэта маленькі ўніверсітэцкі гарадок, які меў патрэбу ў прасторы для заняткаў спортам, умацавання фізічнага здароўя і актыўнага адпачынку моладзі, — расказаў Андрэй Кароль.
Ён таксама адзначыў, што ФАК стаў цэласным дадаткам усяго архітэктурнага вобраза БДУ ў раёне вуліцы Курчатава. І сапраўды, будынак выкананы ў экастылі, які цалкам адпавядае яго выключнаму месцу размяшчэння — дуброве «Шчомысліцкая».
Агульная плошча комплексу складае 4 782,605 кв. м. Ён уключае дзве крытыя шматфункцыянальныя спартыўныя пляцоўкі для правядзення вучэбных заняткаў па фізічнай культуры са студэнтамі-біёлагамі, радыёфізікамі, культуролагамі, лінгвістамі і дызайнерамі.
— ФАК будзе даступны для ўсіх навучэнцаў, магістрантаў, аспірантаў і супрацоўнікаў БДУ, — падкрэсліў Андрэй Кароль. — Яны змогуць наведваць трэнажорныя і фітнес-залы з сучасным спартыўным абсталяваннем. Акрамя таго, на тэрыторыі комплексу размешчаны адкрытыя зоны для заняткаў рознымі відамі спорту.
Мяркуецца, што на пляцоўках новага комплексу будуць таксама праходзіць падрыхтоўка каманд БДУ па міні-футболе, гандболе, валейболе і баскетболе, спаборніцтвы ўніверсітэцкага і рэспубліканскага ўзроўняў.
У бліжэйшы час ФАК змогуць наведаць усе ахвотныя прадстаўнікі БДУ.
Алена Вінаградава
Фота дадзена БДУ