Тэма даступнасці музеяў у Беларусі пакуль застаецца недастаткова прапрацаванай, таму праект стаў значным крокам у фарміраванні інклюзіўнага турыстычнага асяроддзя. Для распрацоўкі рэкамендацый студэнтамі быў праведзены комплексны аналіз ступені даступнасці шэрагу беларускіх музеяў для людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Атрыманыя вынікі дазволілі сфарміраваць прапановы па павышэнні даступнасці ўмоў наведвання музеяў усімі катэгорыямі людзей.

Умоўна рэкамендацыі могуць быць падзеленыя на тры блокі. Першы накіраваны на інфраструктурную даступнасць, якая прадугледжвае ўстаноўку пандусаў, наяўнасць спецыялізаваных ліфтаў і санвузлоў, шырокіх дзвярэй, якія дазваляюць людзям з абмежаваннямі наведваць музеі без перашкод. Другая катэгорыя тычылася інфармацыйнага блока, арыентаванага на адаптацыю інфармацыі і сайтаў музеяў для людзей са слабым слыхам і са слабым зрокам. Трэці блок утрымліваў прапановы па адаптацыі інтэрактыўных паслуг, якія ўключаюць квэсты, лекцыі і іншыя мерапрыемствы.

Акрамя таго, на аснове праекта быў створаны навукова-практычны квэст «Інклюзіўны музей». Ён накіраваны на навучанне студэнтаў асновам забеспячэння даступнасці для людзей з абмежаваннямі і стварэння інклюзіўных умоў у музеях Беларусі. Гэты квэст сёння выкарыстоўваецца на факультэце міжнародных адносін ў рамках навучальных дысцыплін «Практыка арганізацыі інклюзіўнага турызму і «Экскурсійны турызм». Таксама квэст ужо два гады праходзяць школьнікі на гарадскім турніры «Мая прафесія ў сферы турызму і гасціннасці», які арганізоўвае кафедра міжнароднага турызму і гасціннасці. На сённяшні дзень дадзеныя рэкамендацыі ўкараняюцца ў працу Нацыянальных мастацкага і гістарычнага музеяў, Баранавіцкага краязнаўчага музея, музеяў гісторыі і землязнаўства БДУ. Мяркуецца, што гэты вопыт будзе рэалізаваны і ў іншых музейных установах Беларусі.