Top.Mail.Ru

У Беларусі пачалася маштабная кампанія па вакцынацыі ад шаленства дзікіх жывёл

Пачатак красавіка 2026 года ў Беларусі прынёс трывожныя навіны: выпадкі шаленства сярод жывёл значна ўзраслі. У Брэсцкай вобласці, напрыклад, толькі за два першыя месяцы 2026 года было выяўлена 25 лабараторна пацверджаных выпадкаў захворвання — гэта ў 5 разоў перавышае паказчыкі аналагічнага перыяду мінулага года. У Гродзенскай вобласці з пачатку 2026 года зарэгістравана 11 выпадкаў шаленства.


Гэта хоць і сумны, але рэальны адказ на пытанне аб тым, чаму так важна вакцынацыя дзікіх жывёл і якую пагрозу яны ўяўляюць?

Шаленства перадаецца пры ўкусах праз сліну. Гэта смяротна небяспечнае віруснае захворванне, аднолькава небяспечнае як для хатніх і сельскагаспадарчых жывёл, так і для чалавека. Яно ўвогуле не лечыцца — пасля з'яўлення яго сімптомаў лятальнасць складае 100 працэнтаў! Адзінае мерапрыемства, якое прадухіляе шаленства, — вакцынацыя.

Больш за мільён доз вакцыны

У Беларусі пачынаецца вялікая кампанія па вакцынацыі дзікіх патагенных жывёл. Аб тым, як яна будзе праходзіць, расказаў намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання — дырэктар Дэпартамента ветэрынарнага і харчовага нагляду Іван СМІЛЬГІНЬ:

— Вакцынацыя будзе праходзіць у Брэсцкай, Гродзенскай, Мінскай і Віцебскай абласцях. Мы пакрыем тэрыторыю агульнай плошчай прыкладна 5-6 тысяч квадратных кіламетраў і менавіта ў вясновы перыяд раскідаем каля 1 мільёна 370 тысяч доз вакцыны. Гэта першы і вельмі важны этап. Паўторную вакцынацыю правядзём восенню на той жа тэрыторыі. Пасля вывучым эфектыўнасць.


Прышчапляцца жывёлы будуць прэпаратам беларускай вытворчасці. Па словах Івана Іванавіча, гэтай вакцынай ужо карысталіся і яна сябе вельмі добра зарэкамендавала:

— Такія мерапрыемствы мы праводзім не першы год і ўжо можам судзіць аб іх эфектыўнасці.

Намеснік міністра канстатаваў, што на апрацаваных раней тэрыторыях колькасць выпадкаў шаленства жывёл знізілася да адзінкавых.

— Але ўсё ж яны застаюцца?

— На жаль, так. Па-першае, не ўся тэрыторыя нашай краіны апрацоўваецца. Па-другое, да нас могуць мігрыраваць жывёлы з сумежных краін, дзе апрацоўка не праводзіцца зусім.

Прынада з «начыннем»

Вакцынаваць дзікіх жывёл будуць незвычайным спосабам: з паветра раскідаюць ядомыя прынады, якія заменяць прышчэпку ад небяспечнага захворвання. У зону апрацоўкі не трапяць жылыя тэрыторыі і вадаёмы.

— Але наколькі такая прынада бяспечная для жывёл? З чаго яна зроблена? І ці ёсць меры бяспекі, калі раптам знойдзеш такі брыкет, возьмеш яго ў рукі або яго пакаштуюць твае чатырохногія гадаванцы?

— Прынада ўяўляе сабой брыкет вагой каля 25 грамаў, унутры — «начынне» з вакцыны, — тлумачыць Іван Смільгінь. — Прызначаная для дзікіх жывёл, яна абсалютна бяспечная і для хатніх — калі яе з'есць нейкая іншая жывёла, яна таксама можа атрымаць абарону ад шаленства.

Колер прынады — ад шэрага да цёмна-карычневага. Прадстаўнік Мінсельгасхарча настойліва рэкамендуе людзям, якія ўбачылі такі брыкет, не чапаць яго рукамі і не дазваляць гэта рабіць дзецям. Калі ўсё ж вакцына трапіла на скуру ці адкрытыя ўчасткі цела, іх неабходна старанна вымыць з мылам. А калі пад яе ўздзеяннем апынуліся слізістыя абалонкі (вочы, нос, рот) або адкрытыя раны — гэта падстава для неадкладнага звароту да ўрача.

Алена ВІНАГРАДАВА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю