Top.Mail.Ru

У Беларусі ўшаноўвалі памяць ахвяр Хатынскай трагедыі і ўсіх спаленых вёсак

Штогод 22 сакавіка беларусы ўспамінаюць журботную дату — Дзень памяці ахвяр Хатынскай трагедыі. У гэты дзень у 1943 годзе карнікі ўвайшлі ў вёску Хатынь. Яе жыхароў сагналі ў хлеў і падпалілі, а тых, хто выбягаў, расстрэльвалі. Усяго было знішчана 149 жыхароў, і, што самае страшнае, сярод іх было 75 дзяцей... Беларусь памятае пра тую страшную трагедыю, пра нечалавечыя зверствы фашыстаў і іх памагатых. Яскравы доказ таму — масавае ўсенароднае ўскладанне кветак у мемарыяльным комплексе «Хатынь», якое адбылося ў гэту суботу. Аддаць даніну памяці ахвярам Хатынскай трагедыі прыехалі тысячы беларусаў з усіх куткоў нашай краіны.


Першым да Вечнага агню ў Хатыні лёг вянок ад Прэзідэнта Беларусі. Сімвал таго, што ўся краіна смуткуе, успамінаючы жыхароў Хатыні, а таксама жыхароў беларускіх вёсак, якія падзялілі яе лёс. Такіх населеных пунктаў, якія падзялілі горкі лёс Хатыні, — былі спалены разам з людзьмі і больш не адрадзіліся — 288. Часткова або цалкам знішчаных фашыстамі паселішчаў у нашай краіне больш за 12 тысяч.

«Беларусь — гэта жывы помнік той вайне»

Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава падкрэсліла, што ў нашай краіне памяць — святая: «І мы стараемся яе перадаваць з пакалення ў пакаленне. Таму што для нас гэта скрэпы нашага патрыятызму і любові да сваёй Радзімы. Няма такой сям’і ў Беларусі, якую б не закранула гэта трагедыя. Як можна забыцца, калі гэта датычыцца тваёй сям’і?» — адзначыла спікер.

Войны прыходзілі на нашу зямлю не па нашай ініцыятыве, падкрэсліла Наталля Качанава: «Гэта страшная трагедыя. Людзі разумеюць гэта і цэняць мір. Самае галоўнае для чалавека — магчымасць жыць у міры, ствараць сем’і, нараджаць дзяцей і не баяцца за іх будучыню. Не баяцца, што заўтра адбудзецца страшная трагедыя, якая была 82 гады таму тут, на гэтым святым для нас месцы. А такіх месцаў у Беларусі вельмі шмат. І правільна гаворыць наш Прэзідэнт, што Беларусь — гэта жывы помнік той вайне. Мы павінны цаніць, што жывём у мірнай краіне», — дапоўніла спікер.

«Трэба берагчы, шанаваць мір, сваіх родных і блізкіх»

Складана нават уявіць, бываючы тут, што адчувала маці, якая была зачынена ў гэтым хляве і разумела, што не зможа абараніць сваіх дзяцей, сказаў у размове з журналістамі Старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар Сергяенка: «Складана ўявіць і тое, што адчувалі людзі, сваякі, якія прыходзілі на гэтыя папялішчы пасля ў надзеі знайсці нейкія сляды сваіх родных. Вось гэта трэба разумець. Трэба берагчы, шанаваць мір, сваіх родных і блізкіх».

Спікер адзначыў: «Мы можам захаваць памяць бываючы тут, распавядаючы пра такія месцы і помнікі, пра канкрэтныя жыццёвыя сітуацыі на старонках нашых выданняў. І гэта памяць, напэўна, перадаецца з пакалення ў пакаленне. І важна перадаваць яе ад старэйшага да малодшага, каб у гэтыя месцы прыходзілі маладыя людзі. Хатынь — гэта памяць і адначасова боль. Мы прыходзім сюды, каб пакланіцца памяці людзей, якія згінулі ў горне вайны, якія былі знішчаны ў гэтым хляве, спалены жыўцом. Тут адчуваеш гэты звярыны ашчэр нацызму».

«Мы зрабілі многае, каб захаваць памяць»

Цяпер ужо няма белых плям, гісторыя гэтай трагедыі адноўлена пахвілінна. Пра гэта заявіў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Дзмітрый Крутой: «За апошнія гады мы зрабілі вельмі многае, каб захаваць памяць беларускага народа і адстаяць сваю праўду: велізарная праграма па аднаўленні помнікаў і мемарыялаў, таксама вядзецца работа ў рамках расследавання злачынстваў генацыду беларускага народа, дазваляючы адкрываць абсалютна новыя факты. Радуе і колькасць моладзі, уцягнутай у пошукавыя атрады па рабоце з нашымі архівамі, новымі даследаваннямі і кнігамі... Працягваецца завочны суд над катамі Хатыні — 118-м паліцэйскім батальёнам, усе яны практычна ўстаноўлены. Таксама працягваецца разбор архіваў і ў Германіі, і ў Польшчы, і ў Расіі».

Ён падкрэсліў, што Хатынь — гэта адно з месцаў сілы кожнага беларуса. «Мемарыяльны комплекс наведала ўжо больш за 40 мільёнаў чалавек з моманту яго адкрыцця. Тут бываюць усе замежныя дэлегацыі, якія прыязджаюць з розным узроўнем візітаў у нашу краіну. Госці застаюцца пад велізарным уражаннем і дзякуюць беларусам за тое, што так беражліва захоўваем сваю гісторыю. У той жа час нашы гісторыкі не спыняюць работу, і, пакуль мы не ўстановім апошняга загінулага і апошняга вінаватага ў трагедыі генацыду беларускага народа на нашай зямлі, яна не спыніцца».

Працоўныя калектывы, сем’і, школьнікі — людзі наведваюць мемарыяльны комплекс «Хатынь» па закліку сэрца, падкрэсліў Дзмітрый Крутой: «Гэты дзень з кожным годам набывае ўсё больш асаблівы сэнс для нашых жыхароў. І дзякуючы гэтаму, тая страшная трагедыя ніколі не будзе забыта».

«Такога маштабнага знішчэння людзей не ведала ні адна краіна свету»

Генацыд беларускага народа — гэта адна з самых страшных старонак не толькі ў нашай гісторыі, але і ў гісторыі ўсяго чалавецтва. Пра гэта заявіў генеральны пракурор Андрэй Швед: «Па выніках расследавання крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа мы робім выснову, заснаваную на доказе, што такога маштабнага знішчэння людзей не ведала ні адна краіна свету. На сёння намі ўстаноўлена 587 лагераў смерці, больш за 180 буйных карных аперацый, былі спалены поўнасцю або часткова больш за 12 300 населеных пунктаў, і гэта сумная лічба, на жаль, кожны дзень па выніках расследавання павялічваецца». 

Паводле яго слоў, расследаванне крымінальнай справы аб генацыдзе — гэта агульнанацыянальны праект, які закрануў усіх і кожнага, не толькі дзяржаўныя органы, але і ўсіх неабыякавых людзей, таму што вельмі важна, каб да кожнага месца масавага знішчэння людзей не зарастала народная сцежка. Гэта прыярытэт ўсёй нашай работы.

Што датычыцца падзей, звязаных з ушанаваннем памяці ахвяр генацыду, сёння па ўсёй краіне праводзяцца розныя акцыі: «І вельмі важна, што да гэтых мерапрыемстваў далучаецца наша моладзь. Толькі тады, калі нашы дзеці і ўнукі будуць распавядаць будучым пакаленням пра зверствы фашыстаў і іх памагатых, тады наша сумесная работа будзе мець свой плён, і мы будзем лічыць, што дамагліся свайго выніку», — дадаў Андрэй Швед. 

Сёння адкрываюцца новыя факты злачынстваў. «Лёс Хатыні стаў доляй не менш за 288 населеных пунктаў. Калі раней доўгія гады лічылася, што 186 вёсак, то сёння гэтая лічба значна большая і, на жаль, яна будзе павялічвацца. Знішчалі ўсіх запар, нікога не шкадавалі. Мы павінны памятаць, стаяць на каленях перад тымі, хто здабываў Перамогу, памятаць аб усіх ахвярах тых нявінна забітых, каго замучылі фашысты і іх памагатыя, аддаваць даніну памяці як мага часцей, не толькі ў святыя і памятныя даты, але і па закліку сэрца кожны дзень», — падагульніў ён. 

«Такія мерапрыемствы — унёсак у забеспячэнне бяспекі»

Дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Аляксандр Вальфовіч у Хатыні гаварыў аб нашым абавязку захаваць гістарычную праўду аб той страшнай вайне. Паводле яго слоў, сёння ў свеце развязана інфармацыйная вайна, у тым ліку супраць нашай краіны: «Інфармацыйная вайна нацэлена на перапісванне гісторыі, на фальсіфікацыю падзей, на перафарматаванне думак і кірункаў у галовах нашай моладзі. Таму ў Беларусі пытанні гістарычнай памяці аднесены да нацыянальных інтарэсаў, і мы гэтыя нацыянальныя інтарэсы абараняем, прыходзячы сюды, успамінаючы, прыводзячы моладзь. Такія моманты — гэта свайго роду прышчэпка, імунітэт ад тых выклікаў і пагроз, якія сёння ў інфармацыйным плане развязаны супраць суверэнных дзяржаў і народаў, і ў Беларусі гэта выдатна разумеюць. Наша краіна нацэлена на забеспячэнне бяспекі, міру. І вось такімі мерапрыемствамі, учынкамі мы ўносім лепту ў забеспячэнне бяспекі. Такім чынам мы абараняем свае нацыянальныя інтарэсы, таму што сёння гэтага патрабуе жыццё. Калі не будзем абараняць, не будзем памятаць, тады гісторыю перапішуць, і мы акунёмся ў бездань таго, што было 80 гадоў назад. Мы гэтага не хочам. Таму важна памятаць, шанаваць мінулае, выхоўваць моладзь на гістарычных прыкладах, на прыкладах памяці нашых продкаў, якія сапраўды былі вялікім пакаленнем пераможцаў», — сказаў Аляксандр Вальфовіч.

Паводле яго слоў, сёння ў свеце развязана інфармацыйная вайна, у тым ліку супраць нашай краіны: «Інфармацыйная вайна нацэлена на перапісванне гісторыі, на фальсіфікацыю падзей, на перафарматаванне думак і кірункаў у галовах нашай моладзі. Таму ў Беларусі пытанні гістарычнай памяці аднесены да нацыянальных інтарэсаў, і мы гэтыя нацыянальныя інтарэсы абараняем, прыходзячы сюды, успамінаючы, кажучы, прыводзячы моладзь. Такія моманты — гэта свайго роду прышчэпка, імунітэт ад тых выклікаў і пагроз, якія сёння ў інфармацыйным плане развязаныя супраць суверэнных дзяржаў і народаў, і ў Беларусі гэта выдатна разумеюць. Наша краіна нацэлена на забеспячэнне бяспекі, міру. І вось такімі, у тым ліку мерапрыемствамі, такімі ўчынкамі мы ўносім лепту ў забеспячэнне бяспекі. Такім чынам мы абараняем свае нацыянальныя інтарэсы, таму што сёння гэта патрабуе жыццё. Калі не будзем абараняць,не будзем памятаць, тады гісторыю перапішуць, і мы акунемся ў бездань таго, што было 80 гадоў таму. Мы гэтага не хочам. Таму важна памятаць, шанаваць, выхоўваць моладзь на гістарычных прыкладах, на прыкладах памяці нашых продкаў, якія сапраўды былі вялікім пакаленнем пераможцаў», — падагульніў Аляксандр Вальфовіч. 

«Наступствы той вайны адчуваем і сёння»

Мы павінны памятаць дзеля таго, каб падрастаючае пакаленне разумела, што ў іх венах цячэ кроў пераможцаў. Пра гэта заявіў намеснік прэм’ер-міністра Уладзімір Каранік: «Гэта былі людзі, у якіх было вельмі шмат планаў. Яны хацелі проста жыць на сваёй зямлі, вырошчваць хлеб, гадаваць сваіх дзяцей. І хтосьці вырашыў, што гэта няправільныя людзі, што ён можа адымаць чыёсьці жыццё. У гэтыя моманты мы адчуваем смутак, а асноўнае — мы ўсведамляем, што павінны перадаць памяць аб гэтай трагедыі наступным пакаленням. Мы ўсе павінны памятаць, але не каб помсціць, а каб не дазволіць нікому зноў пачаць дзяліць людзей на правільных і няправільных. Памятаць дзеля таго, каб наша падрастаючае пакаленне разумела, што ў іх венах цячэ кроў пакалення пераможцаў, якое, нягледзячы на ўсе жахі вайны, выстаяла і перамагло».

Ён адзначыў, што сучаснае пакаленне ў адказе перад тымі, хто загінуў у гады Вялікай Айчыннай вайны: «Дэмаграфічныя наступствы той страшнай вайны мы адчуваем дагэтуль. Мы павінны памятаць пра тых, хто не дажыў да гэтага моманту, і быць вартымі іх, зрабіць усё, каб, абапіраючыся на гэты падмурак, наша краіна развівалася, каб тут гучаў дзіцячы смех, каб нашы любімыя беларускі нараджалі дзяцей, каб гэтыя дзеці заўсёды без страху глядзелі ў неба, каб мы забяспечылі мір і стабільнасць на нашай зямлі».  

«Пачуццё справядлівасці і гонару за продкаў»

Беларусы не могуць мірыцца з агрэсіўнымі нацысцкімі выказваннямі аб нашай краіне. Пра гэта заявіў намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Уладзімір Пярцоў: «Па-першае, міжнародная абстаноўка змяняецца, па-другое, тая нацысцкая пагроза, якая, як нам здавалася, была канчаткова знішчана Савецкай Арміяй і саюзнікамі ў 1945 годзе, зноў падымае галаву. У тым ліку ў краінах, якія калісьці ўваходзілі ў Савецкі Саюз і ў сацыялістычны лагер. Яшчэ некалькі дзесяцігоддзяў таму нам здавалася, што гэта немагчыма. Беларусы жылі з адчуваннем, што ўстанавіўся баланс у цывілізаваным свеце. Мы памыляліся, думаючы, што рэваншысцкія настроі ў дачыненні да нас зніклі. Паглядзіце, што адбываецца цяпер, якія выказванні і тэрміналогія выкарыстоўваюцца, калі пра беларусаў кажуць як пра людзей другога гатунку, калі нас называюць „унтэрменшамі“, як пісалася ў фашысцкіх дакументах. Тады ў беларускім народзе закіпае пачуццё справядлівасці і гонару за продкаў, якія заваявалі мір і вызвалілі планету ад карычневай чумы».

На яго думку, беларусы не могуць дазволіць сабе мірыцца з маніпуляцыямі і агрэсіўнымі нацысцкімі выказваннямі аб нашай краіне: «Менавіта таму народ згуртоўваецца. Мы прыходзім не толькі ў знакавыя даты, як сёння, у Хатынь і ў іншыя мемарыяльныя комплексы, каб прыцягнуць увагу ўсёй цывілізаванай грамадскасці да трагедый, якія адбыліся на беларускай зямлі, да лёсу мірных людзей — старых, дзяцей і жанчын, якія былі знішчаны, спалены жыўцом па плане „Ост“».

Акрамя таго, беларусы памятаюць, што Хатынь знішчылі менавіта калабарацыяністы, падкрэсліў Уладзімір Пярцоў: «У савецкі час пра гэта замоўчвалі, таму што была дружба народаў, але такія батальёны існавалі ў постсавецкіх рэспубліках, захопленых фашыстамі. Напрыклад, карныя аперацыі на поўначы Беларусі, у Полацкім і Верхнядзвінскім раёнах, ажыццяўляліся ў асноўным фашысцкімі нацыяналістычнымі фарміраваннямі, такімі як Вафен-СС і іншымі. Гэтыя людзі, як распавядалі відавочцы, былі яшчэ больш бесчалавечнымі, чым немцы, якія прыходзілі на нашу зямлю. Калабарацыяністы выслужваліся, спрабавалі даказаць сваім новым гаспадарам, што не маюць ніякага дачынення да савецкага народа, да тых, каго яны знішчалі. Гэта, напэўна, самае вялікае зло Вялікай Айчыннай вайны, калі яна ператваралася збольшага ў братазабойчую трагедыю. Але такіх людзей былі адзінкі: большасць супраціўлялася акупантам і паліцаям».

«Хатынь — знакавае месца смутку для ўсіх жыхароў нашай краіны, ды і не толькі»

Цынізм карнікаў не паддаецца асэнсаванню. Такім меркаваннем падзяліўся старшыня Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Аляксей Волкаў. Ён расказаў, што супрацоўнікі ведамства прымаюць непасрэдны ўдзел у расследаванні крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. «Калі зараз высвятляецца, наколькі шмат белых плям у гісторыі, якія страшныя злачынствы рабіліся на нашай зямлі, разумееш, што гэта і быў сапраўдны генацыд. У расстрэльных ямах мы знаходзім астанкі жанчын, падлеткаў, маленькіх дзяцей. Знішчалі планава, з эканамічнай выгадай», — падкрэсліў ён.

Ён адзначыў: «Пасля таго, як пакідаеш Хатынь, яшчэ хвілін трыццаць-сорак не хочацца нічога казаць. Думаеш пра людзей, якія загінулі тут пакутлівай смерцю. Пра дзяцей, якія не выраслі, не пасталелі. Хатынь — знакавае месца смутку для ўсіх жыхароў нашай краіны, ды і не толькі. Гэта сведчанне генацыду, якому падвергліся нашы продкі». 

«Пакуль наша маладое пакаленне прыходзіць на такія мемарыялы, даглядае помнікі, будзе мір і парадак на нашай зямлі»

Пакуль мы будзем памятаць нашых калег, памятаць нашых герояў, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, заўсёды будзе мір і парадак. Аб гэтым расказаў міністр унутраных спраў генерал-лейтэнант міліцыі Іван Кубракоў: «Мы павінны перадаваць з пакалення ў пакаленне тую памяць, памяць пра герояў, таму што сёння, на жаль, мы ўсе выдатна разумеем, хто забывае, а хто перапісвае — што адбываецца ў гэтых краінах. Таму мы шануем, памятаем, і сёння, у гэты дзень, успомніць ахвяр Вялікай Айчыннай вайны прыйшлі нашы курсанты». 

Самаму малодшаму ўдзельніку ад дэлегацыі МУС Сямёну ўсяго 6 гадоў. «Ён выхаванец ваенна-патрыятычнага клуба «Арляняты». З самага дзяцінства яго бацькі распавядаюць і паказваюць яму пра тыя рэчы, што нельга забываць, што галоўная задача — захаваць мір на нашай зямлі. І я ўпэўнены: пакуль наша маладое пакаленне прыходзіць на такія мемарыялы, даглядае помнікі, у нас усё будзе добра, будзе мір і парадак на нашай зямлі», — адзначыў міністр. 

Сямён расказаў журналістам, што ўжо восенню пойдзе ў школу: «Мне вельмі падабаецца ў ваенна-патрыятычным клубе, там я займаюся спортам і, самае галоўнае, разам з іншымі хлапчукамі і дзяўчынкамі вучуся абараняць Радзіму». 

«Спапялёныя шрамы на роднай Беларусі, якія нельга забыць»

Беларусь у розныя этапы свайго развіцця, станаўлення, амаль гібелі і адраджэння прайшла праз такія гістарычныя падзеі, якія, з пункту гледжання разумнага чалавека, наогул ніколі нельга забываць для таго, каб іх ніколі не дапусціць і прадухіліць у выпадку ўзнікнення чаго-небудзь падобнага, падкрэсліў міністр па надзвычайных сітуацыях генерал-маёр унутранай службы Вадзім Сіняўскі: «І сёння — адна са знакавых дат, якую ўся Беларусь памятае — 22 сакавіка 1943 года, калі фашысты знішчылі жыхароў вёскі Хатынь. Сёння гэта фактычна помнік усім спаленым і знішчаным вёскам у нашай краіне. Расследаванне крымінальнай справы па факце генацыду беларускага народа, подзвіг герояў Брэсцкай крэпасці, бітва за Магілёў, партызанскі рух па ўсёй краіне, знакаміты прарыў ва Ушачах і многія іншыя падзеі — спапялёныя шрамы на роднай Беларусі, якія нельга забыць». 

Таму ўсе цывілізаваныя людзі сёння памятаюць пра гэтыя падзеі, распавядаюць пра гэта сваім дзецям. «Гэтая памяць святая для кожнага грамадзяніна нашай краіны», — упэўнены міністр. 

«Будзем беражліва і свята захоўваць памяць аб той трагедыі, якой падвергнуўся наш народ»

«Любы чалавек, у якога ёсць сэрца, тут, у Хатыні зразумее, чаму мы так цэнім мір», — заявіў міністр абароны генерал-лейтэнант Віктар Хрэнін. 

У размове з журналістамі кіраўнік ваеннага ведамства падкрэсліў сакральны сэнс мемарыяльнага комплексу «Хатынь» і адзначыў важнасць захавання гістарычнай памяці: «Прыходзім мы сюды, каб у цішыні, пад звон званоў нашай Хатыні, пакланіцца памяці загінуўшых. Каб самім сабе нагадаць трагічную гісторыю, якую прайшоў наш народ. Можна выкарыстаць шмат слоў, распавядаючы нашу гісторыю, а можна прыехаць у гэта святое месца і ўбачыць на свае вочы. Любы чалавек, у якога ёсць сэрца, тут, у Хатыні зразумее, чаму мы так цэнім мір». 

У нашай краіне праходзіць расследаванне крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа. «У рамках крымінальнай справы ваеннаслужачыя Узброеных Сіл і спецыялісты 52-га пошукавага батальёна сумесна з супрацоўнікамі пракуратуры і Следчага камітэта ўжо адпрацавалі больш за 100 аб’ектаў пошуку. На жаль, спісы загінулых, ды і катаў-карнікаў, становяцца ўсё большымі. Мы робім гэта не таму, што хочам прад’явіць рахунак нашчадкам катаў, а таму, што бачым, як на абломках помнікаў падымае галаву сучасны неанацызм. Мы ведаем і бачым на прыкладзе суседніх краін, да чаго гэта можа прывесці. Мы больш не хочам паўтарэння трагічнай гісторыі нашай зямлі. Таму мы будзем прыходзіць сюды самі, распавядаць нашым дзецям, будзем беражліва і свята захоўваць памяць аб той трагедыі, якой падвергнуўся наш народ. Мы будзем гэта рабіць, каб гэтая трагедыя не паўтарылася. Каб звон званоў Хатыні заўсёды аберагаў нас». 

Міністр абароны адзначыў значнасць ваенна-патрыятычнага выхавання моладзі: «Мы надавалі і працягваем надаваць увагу ваенна-патрыятычнаму выхаванню дзесьці нават з падвоенай або патроенай сілай. Разумеючы, што сёння ідзе барацьба за розумы нашых дзяцей, мы ні ў якім разе не павінны аддаць сэрцы і душы нашых дзяцей нашчадкам тых катаў, каб яны ні нас, ні нашу зямлю не падвергнулі трагедыі. Мы займаліся і будзем займацца патрыятычным выхаваннем нашай моладзі. І мы бачым, што нашым дзецям гэта падабаецца». 

«Перадаць ген стойкасці»

Сучаснаму пакаленню неабходна перадаць ген беларускасці і стойкасці. Пра гэта сказаў журналістам міністр замежных спраў Максім Рыжанкоў. Міністр расказаў, што трагедыя, падобная да той, якая здарылася ў Хатыні, ёсць і ў гісторыі яго сям’і. У 1943 годзе была спалена вёска, дзе загінулі многія яго сваякі: «Толькі мая бабуля разам са сваім братам, якія сышлі да гэтага на фронт, засталіся жывыя. Для мяне захаванне памяці — пытанне ўнутранага пераканання ў правільнасці таго, што мы робім, правільнасці нашай перамогі тады, нашых дзеянняў сёння і нашай перамогі заўтра».

Кіраўніка МЗС таксама папрасілі пракаментаваць той факт, што прадстаўнікі шэрагу краін Еўрасаюза напярэдадні Хатынскай трагедыі фактычна інкогніта наведалі мемарыяльны комплекс. Яны пажадалі, каб іх прыезд не асвятляўся ў прэсе. «Мне цяжка сказаць, з чым гэта звязана. Нейкая хітрасць ва ўсім гэтым ёсць. З аднаго боку, краіны ўзбройваюцца, ва ўсіх сваіх дактрынах запісваюць Беларусь і Расію як галоўныя крыніцы пагроз, ставяць задачу па стварэнні адзінай арміі Еўропы, вядуць пошукі 800 мільярдаў толькі на найбліжэйшыя праграмы ўзбраення. Цяпер яны адначасова са сваімі такімі планамі, найвышэйшым узроўнем русафобіі і антыбеларускасці прыязджаюць сюды, успамінаюць і ўскладаюць», — адзначыў ён.

Максім Рыжанкоў выказаў здагадку, што такім чынам гэтыя краіны ў асобе іх прадстаўнікоў жадаюць хоць так паказаць сваю нібыта міралюбнасць і пакаянне: «Насамрэч мы ж бачым, што гэтага раскаяння няма. 

Гэта чыста афіцыйныя такія знакі ўвагі. 

І тое, што без камер, без якіх-небудзь СМІ, толькі пацвярджае, што шчырасці ў гэтым няшмат», — канстатаваў ён.

«Мы не маем права забываць»

Як толькі мы страцім гэту памяць, трагедыя можа паўтарыцца, заявіў міністр інфармацыі Марат Маркаў. Ён адзначыў, што наведванне Хатыні стала штогадовай традыцыяй для многіх беларусаў і гасцей краіны: «Мы кожны год сюды прыязджаем, і, напэўна, многія прыязджаюць, і не адзін раз. Разам з дзецьмі, разам з калегамі, сябрамі, якія прыязджаюць з усяго свету ў Беларусь, каб наведаць гэтае месца. Гэта адбываецца, напэўна, з адной вельмі важнай мэтай: мы не маем права забываць тое, што тут адбывалася 82 гады назад. Проста не маем права».

Марат Маркаў выказаў занепакоенасць спробамі сказіць гістарычную праўду і прымусіць забыцца пра ролю беларускага народа ў перамозе над фашызмам: «Нас цяпер спрабуюць прымусіць забыцца, што мы былі пераможцамі ў гэтай вайне, што мы зламалі хрыбет фашызму».

Паводле яго слоў, для таго, каб гэтая памяць ад нас не сышла, мы абавязаны тут быць кожны дзень, абавязаны прыводзіць сюды сваіх дзяцей, сваіх унукаў: «Таму што, як толькі мы страцім памяць, гэтая трагедыя можа паўтарыцца. І я шчыра скажу: людзі, якія хочуць памятаць і адчуваць сябе нашчадкамі гэтых пераможцаў, павінны сюды прыехаць хоць бы адзін раз у год, паслухаць гэтую звонкую цішыню, якая, напэўна, толькі тут прысутнічае, адчуць яе ўсім целам, кожнай клеткай сваёй скуры. І тады, напэўна, мы будзем лічыцца людзьмі. Калі мы не перастанем памятаць, значыць, усё ў нашай краіне будзе добра. Я вельмі спадзяюся, што прынамсі тыя, хто прыйшоў сюды сёння, гэта разумеюць».

«Мы павінны памятаць і зрабіць усё, каб захаваць мір, каб наша краіна была квітнеючай і суверэннай»

У школах Беларусі дзейнічае больш за 5,5 тысячы экспазіцый, прысвечаных генацыду нашага народа, створана звыш 2,5 тысячы музеяў або музейных пакояў. Пра гэта расказаў міністр адукацыі Андрэй Іванец: «Пакуль не зарасце сцежка да помнікаў, мы будзем памятаць гісторыю, а значыць, наш народ будзе мець будучыню. Таму сёння ва ўстановах адукацыі мы праводзім работу па ўвекавечанні памяці аб подзвігу савецкага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. У школах дзейнічае больш за 5,5 тысячы экспазіцый, прысвечаных генацыду нашага народа. 

Створана больш за 2,5 тысячы музеяў і музейных пакояў. Акрамя таго, у кожнай установе адукацыі вядзецца кніга памяці, у якую навучэнцы, школьнікі ўносяць дадзеныя аб сваіх прадзедах, якія ваявалі. Дзякуючы гэтаму яны ўсведамляюць, што подзвіг, які здзейсніў савецкі народ, — гэта подзвіг кожнай сям’і. Мы павінны памятаць гэта і зрабіць усё, каб захаваць мір, каб наша краіна была квітнеючай і суверэннай».

У сям’і міністра адукацыі ёсць традыцыя кожны год напярэдадні Дня Перамогі прыязджаць у Хатынь з дзецьмі: «Тут няма ніводнага дома, сёння сімвалічна пазначанага званамі, у якім не было б дзяцей. Мы расказваем, якая страшная трагедыя адбылася з такімі ж маленькімі дзецьмі. Яны разумеюць, як гэта страшна, спачуваюць тым дзецям. Упэўнены, яны будуць захоўваць і шанаваць памяць аб Хатыні»

«Мы і далей будзем рабіць усё для таго, каб больш такой трагедыі ніколі не дапусціць»

«Кожны год я бачу, што ўсё больш і больш людзей прыходзіць сюды, каб аддаць даніну павагі, — адзначыў міністр культуры Руслан Чарнецкі. — Гэта добра, гэта сведчанне таго, што беларусы памятаюць. 82 гады прайшло, але мы ўсё роўна памятаем і ні ў якім разе не забываем тое, што зрабілі з намі гэтыя нелюдзі. Мы і далей будзем рабіць усё для таго, каб больш такой трагедыі ніколі не дапусціць».

З боку Міністэрства культуры, паводле яго слоў, заўсёды рабілася ўсё для захавання гістарычнай памяці: «Здымаюцца фільмы, ставяцца спектаклі, пішуцца песні, вершы, раманы і многае іншае. Галоўнае, каб было як мага больш матэрыялу, каб захаваць гэтую памяць. Усе выдатна ведаюць, што вось ужо тры гады генеральная пракуратура вядзе расследаванне крымінальнай справы па генацыдзе беларускага народа. А зусім нядаўна мастацкі савет прыняў двухсерыйны фільм пра генацыд. Я думаю, хутка ён выйдзе на экраны. У фільме пра генацыд беларускага народа генеральная пракуратура апублікуе новыя факты пра тыя зверствы, якія рабіліся тут, на нашай зямлі, больш за 80 гадоў таму падчас Вялікай Айчыннай вайны». 

«Там былі мае равеснікі. Гэта страшна...»

22 сакавіка — дзень усенароднага болю, дзень са слязамі на вачах... І сапраўды: стогн званоў, бясконцая цішыня, імёны тых людзей, якія больш ніколі не загавораць, дзяцей, якія ніколі не засмяюцца... Знаходзіцца ў гэтым святым для беларусаў месцы заўсёды цяжка. Тым не менш у мемарыяльны комплекс «Хатынь» штогод прыязджаюць людзі, каб хай нават праз слёзы і боль аддаць даніну памяці. А ў мінулую суботу, у 82-ю гадавіну трагедыі, тут таксама было асабліва шматлюдна.

У гэты жалобны дзень на мемарыяле бясконцыя патокі людзей. Многія прыехалі сем’ямі, каб паказаць сваім дзецям гісторыю, застылую ў камені. Сярод іх — сям’я Кур’янчык з Вілейкі. Маленькая Маша, якой споўнілася ўсяго восем гадоў, гісторыю пра спаленую фашыстамі вёску Хатынь пачула ў школе. Менавіта яна стала ініцыятарам таго, каб 22 сакавіка прыехаць з бацькамі на мемарыял. «Дачка так уразілася пачутым, што папрасіла прывезці яе ў гэтае месца. Мы не змаглі адмовіць», — расказаў тата Аляксандр. Ён таксама ўспомніў, што сам яшчэ школьнікам бываў на мемарыяле.

«Гэта не проста традыцыя, якая павінна працягвацца з году ў год. Гэта, перш за ўсё, наша памяць пра людзей, дзякуючы якім мы жывем сёння пад мірным небам», — падзялілася мама Юлія, падкрэсліўшы, што, калі Маша падрасце, яны абавязкова прыедуць сям’ёй у новы музей Хатыні. «У школе нам расказалі, колькі вёсак спалілі ў гады вайны фашысты. Я цяпер ведаю гісторыю, як яны сагналі людзей у хлеў і падпалілі. Там былі мае равеснікі. Гэта страшна...» — адзначыла Маша.

На думку бацькоў дзяўчынкі, сёння вельмі важна прыводзіць дзяцей на такія знакавыя месцы, прывіваць падрастаючаму пакаленню любоў да Радзімы: «Аб падзеях Вялікай Айчыннай вайны трэба расказваць любому чалавеку, не толькі дзіцяці. Кожны беларус павінен ведаць сваю гісторыю, каб не дапускаць паўтарэння тых трагічных падзей. Важна даносіць да людзей, якой цаной дасталася нам Перамога і ў якой выдатнай краіне мы жывём сёння, наколькі шчаслівыя нашы дзеці ў параўнанні з тымі, хто спазнаў жахі той вайны».

Мемарыяльны комплекс «Хатынь» — святое месца для кожнага беларуса, месца, якое павінен наведаць кожны. Асабліва важна прыехаць у такія знакавыя аб’екты маладому пакаленню, і школьныя канікулы — хіба не самы зручны час, каб паказаць сваім дзецям памятныя месцы нашай Радзімы?..

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ, фота БелТА.


У Магілёўскай вобласці ўшанавалі памяць ахвяр фашызму

Вёска Боркi Кіраўскага раёна была цалкам сцёртыя з зямлi падчас карнай аперацыi ў чэрвенi 1942 года. На 15 чэрвеня 1942 года гэта была самая вялiкая карнiцкая аперацыя на тэрыторыi Еўропы. Падобнага свет яшчэ не бачыў. За дзень было знiшчана дзве тысячы чалавек мiрнага насельнiцтва — сем вёсак.... Разам з Боркамі вёскі Доўгае Поле, Чырвоны Араты, Хватаўка, Дзяржынскі, Пралетарскі, Закрынічча. 

Першы помнік на месцы трагедыі з’явіўся ў 1953 годзе, потым была пабудаваная капліца, каб сумным звонам напамінаць пра той жах, што тут адбыўся, а пяць гадоў таму на гэтым месцы быў пабудаваны мемарыял «Памяці спаленых вёсак Магілёўскай вобласці». Скульптары стварылі цэлы комплекс сімвалаў, якія вельмі трапна перадаюць жах, які тут адбываўся ў той трагічны чэрвеньскі дзень.

  • У мітынгу-рэквіеме, прымеркаваным да Дня памяці ахвяр Хатынскай трагедыі і 82 —годдзя са дня трагедыі ў Борках, прынялі ўдзел прадстаўнікі кіраўніцтва вобласці і Кіраўскага раёна, сенатары, дэпутаты, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, працоўных калектываў, моладзь. Яны ўсклалі кветкі да мемарыялу і ўшанавалі хвілінай маўчання памяць ахвяр.

— Сёння мы ўспамінаем Хатынь, Боркі, тысячы вёсак, якія былі спаленыя разам з жыхарамі, — адзначыў у сваёй прамове сенатар, старшыня Магілёўскага аблсавета Аляксандр Гарошкін. —Сёння як некалі важна казаць пра гэтыя падзеі, бо там, дзе пра іх забываюць, галаву падымае фашызм. А гэта прыводзіць да новай вайны. Па нашым братэрскім краінам зноў ідуць танкі. Гэта вынік таго, што гісторыю забылі. Таму трэба помніць аб горкіх датах, нягледзячы на тое, што гэта вельмі балюча. 

Жалобныя мітынгі прайшлі ва ўсіх месцах смутку вобласці. Была ўшанаваная памяць ахвяр Лупалаўскага лагера смерці па праспекце Шмідта ў Магілёве, адбылася цырымонія ўскладання кветак да помніка Героя Савецкага Саюза Аслана Фархада-аглы Везірава на перасячэнні вуліц Касманаўтаў і Лазарэнка. 

Нэлі ЗІГУЛЯ


Мітынг-рэквіем адбыўся на месцы спаленай вёскі ў Жабінкаўскім раёне

У дзень хатынскай трагедыі ў мемарыяльным комплексе «Драмлёва», які знаходзіцца каля вёскі Сцепанкі Жабінкаўскага раёна, адбыўся мітынг-рэквіем «Памяць, якая жыве». 

Драмлёва было спалена 11 верасня 1942 года. Акупанты знішчылі амаль дзве сотні чалавек. Вёска не адрадзілася. Цяпер на яе месцы стаіць помнік — скульптуры жанчын трох пакаленняў, якія смуткуюць. Вось і на гэты раз сюды прыйшлі людзі розных пакаленняў, каб згадаць трагедыю, ушанаваць памяць ахвяраў. На мерапрыемстве была і Вера Кірыльчук, апошняя сведка таго страшнага дня. А 78-гадовая Марыя Грыняк, унучка Васіля і Аксінні Алізаркаў, якія загінулі ў агні, выступіла на мітынгу. 

Да прысутных звярнуўся намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама Вадзім КРАЎЧУК і нагадаў пра злачынствы, здзейсненыя акупантамі і іх памагатымі на нашай зямлі ў час вайны, сказаў пры наш абавязак помніць: 

— Толькі за апошнія два гады ў выніку работы, якую праводзяць дзяржаўныя органы і жыхары Брэстчыны, былі адноўлены імёны 21 тысячы раней невядомых ахвяр ваеннага часу. Амаль 90 працэнтаў іх — мірныя жыхары. З кожным днём сведак тых страшных трагедый становіцца меней. Наша задача — пранесці іх успаміны праз гады, каб нашчадкі пачулі і даведаліся" — сказаў Вадзім Краўчук.

Удзельнікі мітынгу ўшанавалі памяць хвілінай маўчання і ўсклалі кветкі да манумента. 

Святлана ЯСКЕВІЧ. 

Фота Брэцкага аблвыканкама


Памяць аб трагедыі Хатыні ўшанавалі ва ўсіх раёнах Гомешчыны

Ушанаванні ў памяць аб трагедыі Хатыні прайшлі ва ўсіх раёнах Гомельскай вобласці. У Светлагорскім раёне на мемарыяльным комплексе «Ала» да мерапрыемстваў, прысвечаных 82-й гадавіне з дня трагедыі беларускай вёскі, далучылася кіраўніцтва Гомельскай вобласці. 

На Гомельшчыне менавіта мемарыяльны комплекс «Ала» — сведка жахлівага злачынства нацыстаў і сімвалічнае месца памяці. Са 1452 населеных пунктаў Гомельскай вобласці, спаленых нямецка-фашыцскімі акупантамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, 51 вёска так і не адрадзілася... З нагоды гадавіны трагедыі Хатыні і ў памяць аб усіх беларусіх населеных пунктах, якія падзялілі яе лёс, на Гомельшчыне ўшанавалі кожнага, хто нявінна загінуў ад рук акупантаў.

На мемарыяльным комплексе «Ала» старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко, памочнік Прэзідэнта — інспектар па Гомельскай вобласці Руслан Пархамовіч, член Савета Рэспублікі, старшыня абласнога Савета дэпутатаў Кацярына Зенкевіч ушанавалі памяць загінулых у гады Вялікай Айчыннай вайны хвілінай маўчання і ўсклалі кветкі да памятнага знака.

— Падобныя месцы пакідаюць змешаныя ўражанні, гэта душэўнае абурэнне і пытанні «завошта?», «чаму?». Мне здаецца, што кожны грамадзянін павінен пабываць у такіх месцах, адчуць усім сэрцам тое гора і пакуты, якія, на жаль прыйшлося зведаць нашым продкам, — падкрэсліў памочнік Прэзідэнта — інспектар па Гомельскай вобласці Руслан Пархамовіч.

Памочнік Прэзідэнта нагадаў, што памяць аб мінулым трэба абавязкова захоўваць і перадаваць будучым пакаленням, і вельмі важна шанаваць, што мы сёння жывем у мірнай краіне.

— Нездарма кажуць, што калі мы забываемся пра сваё мінулае, то не будзем мець ніякай будучыні. Менавіта таму палітыка нашай дзяржавы выбудоўваецца такім чынам, каб мы памяталі, дзеля чаго мы змагаемся, развіваем сваю краіну і што мы робім, каб надалей не дапускаць такога на нашай зямлі. Гэта безумоўна важна, — акцэнтаваў увагу памочнік Прэзідэнта — інспектар па Гомельскай вобласці Руслан Пархамовіч.

Ва ўсіх раёнах Гомешчыны памяць аб трагедыі Хатыні ўшанавалі прадстаўнікі ўлады, грамадскіх аб’яднанняў і арганізацый, працоўных калектываў, дэпутаты, вайскоўцы і моладзь рэгіёна. 

Наталля КАПРЫЛЕНКА, 
фота sn.by


На Віцебшчыне аддалі даніну ахвярам спаленых вёсак

Каля мемарыяльнага комплексу «Пантэон памяці» у Гарадку прайшоў мітынг-рэквіем, прысвечаны Дню памяці ахвяраў Хатынскай трагедыі. У ім узялі ўдзел кіраўніцтва Віцебскай вобласці і Гарадоцкага раёна, прадстаўнікі дэпутацкага корпуса, прадпрыемстваў і арганізацый, грамадскіх аб’яднанняў, моладзь.

«Мы адзначаем смутную дату ў гісторыі нашай краіны — Дзень памяці ахвяр Хатынскай трагедыі, таму тысячы нашых землякоў сёння наведваюць месцы смутку. Мітынгі-рэквіемы праходзяць па ўсёй Віцебшчыне. Напрыклад, каля памятнага знака на месцы пакарання савецкіх патрыётаў у гады Вялікай Айчыннай вайны ў Віцебску, каля мемарыяльных комплексаў «Вішанькі» ў Чашніцкім раёне, «Шунеўка» — у Докшыцкім. 82 гады таму ні ў чым не павінным людзям з вёскі Хатынь фашысты вынеслі смяротны прысуд. З дамоў выгналі старых, дзяцей, жанчын і мужчын. Хворых і нямоглых падштурхоўвалі прыкладамі. Сагналі ўсіх у хлеў на ўскраіне вёскі і падпалілі. Гэты дзень стаў апошнім для 149 мясцовых жыхароў. Хатынская трагедыя адгукаецца болем і ў сэрцах жыхароў Віцебшчыны. Ёсць такія населеныя пункты і ў нас, якія паўтаралі лёс Хатыні двойчы, тройчы і нават чатыры разы», — адзначыў старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Субоцін.

Мерапрыемства прайшло ва ўрочышчы «Вараб’ёвы горы» на месцы трагедыі, дзе фашыстамі ў гады акупацыі былі знішчаны больш за 2 тысячы чалавек з 26 бліжэйшых вёсак. 

Мітынг-рэквіем прайшоў таксама у Мемарыяльным парку ў Расонскім раёне. «Успаміны нашых бабуль, дзядуляў, усіх тых, хто выжыў і тых, хто перажыў жах акупацыі, — добрая прышчэпка ўсім нам. І напамін, што трэба гадаваць дзяцей у духу патрыятызму, берагчы сваю Радзіму, быць гатовымі яе абараняць», — адзначыў старшыня дэпутацкага корпуса Віцебшчыны Дзмітрый Дзямідаў. Ён падкрэсліў, што калі ў Мемарыяльным парку ўсталёўвалі помнік, ведалі толькі пра 109 спаленых вёсак на Расоншчыне. Сёння гэтыя лічбы растуць праз расследаванне крымінальнай справы аб фактах генацыду беларускага народа ў гады акупацыі. 

Аляксандра Гвоздзева.

Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю