Дарожнікі — гэта не прафесія, а стан душы, — так кажуць пра сябе самі людзі гэтай, без перабольшання, гераічнай прафесіі. Яны з намі і дзеля нас кожны дзень клапоцяцца аб тым, каб усе нашы маршруты — да дзіцячых садкоў і школ, да прадпрыемстваў і арганізацый,
да вялікіх гарадоў і маленькіх вёсачак — былі бяспечнымі і камфортнымі, без калдобін і ям. А сезоннасць у працы дарожнікаў — паняцце вельмі адноснае, таму што на дарогах яны і ў летнюю спёку, і ў зімовую сцюжу, іх адпачынкам нярэдка «кіруе» надвор’е.
Намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення аўтамабільных дарог Міністэрства транспарту і камунікацый Сяргей ЛЯВОНЧЫК лічыць працаўнікоў дарожнай галіны сапраўднымі патрыётамі сваёй Радзімы і сваёй прафесіі:
— Яны аб’яднаныя адной мэтай — рабіць жыццё сваіх суайчыннікаў яшчэ лепшым, яшчэ больш зручным і бяспечным.
Пад знакам бясконцасці
Удасканаленне, рэканструкцыя, будаўніцтва дарог — працэс ва ўсе часы перманентны. А ў сучасных умовах — яшчэ і інтэнсіўны. Узводзіцца жыллё, развіваецца прамысловасць, штогод адкрываюцца новыя аб’екты аграпрамысловага комплексу і сацыяльнай сферы, і да ўсіх іх патрэбны бесперашкодны і бяспечны доступ.
— У Беларусі сёння эксплуатуецца 16 тысяч кіламетраў дарог рэспубліканскага і 70 тысяч кіламетраў мясцовага значэння. За 2026–2030 гады плануецца адрамантаваць, пабудаваць і рэканструяваць не менш за 25 тысяч кіламетраў дарог агульнага карыстання і каля 500 мастоў, — канстатуе прадстаўнік Мінтранса. — Гэта многа — у 1,4 раза больш, чым за папярэднія пяць гадоў.
У 2026-м беларускія дарожнікі ўжо адрамантавалі больш за 4 тысячы кіламетраў дарог рэспубліканскага і мясцовага значэння. Сярод самых значных Сяргей Аляксандравіч назваў рэканструкцыю Р53 на ўчастку ад Жодзіна да Барысава — 10 кіламетраў. Абнавіліся рэспубліканскія дарогі Р46, Р53 і трасы М10 і М3.
— Пасля завяршэння рамонту Р53 мы злучылі Мінск з Барысавам дарогай першай катэгорыі з чатырма палосамі для руху, — праінфармаваў Сяргей Лявончык. —
У стадыі заканчэння таксама работы ў Віцебскай вобласці — там рэканструюецца аўтадарога Р46 ад Лепеля да Сарочына, участак працягласцю 30 кіламетраў. У Гомельскай вобласці маштабныя работы вядуцца на М10 — завяршаецца рэканструкцыя аднаго з участкаў ад Рэчыцы да Калінкавічаў. Заканчваюцца работы на мастах цераз рэкі Вілія і Мухавец.
Дарэчы, што датычыцца мастоў, у планах дарожнай галіны нязменным застаецца адкрыццё да Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі чарговага адноўленага маставога збудавання. Што гэта будзе за аб’ект сёлета, пакуль трымаецца ў сакрэце. Але тое, што мост ці пуцеправод стане годным падарункам да свята жыхарам аднаго з рэгіёнаў Беларусі, — факт.
— Працэс рамонту і рэканструкцыі мастоў і пуцеправодаў працягваецца, — удакладніў Сяргей Лявончык. — Аб’ёмы работ тут вялікія — штогод да 100 маставых збудаванняў.
Адзіны аператар
У Беларусі ствараецца адзіны аператар інтэлектуальнай транспартнай сістэмы (ІТС), падзяліўся навіной прадстаўнік Мінтранса:
— Прававая аснова гэтага рашэння была закладзеная ў двух дакументах — Указе Прэзідэнта ад 20 жніўня 2025 года № 311 і пастанове Мінтранса ад 15 чэрвеня 2026 года № 26. Адзіным аператарам прызначана РУП «Белдарсувязь».
Па словах Сяргея Лявончыка, у сферу дзейнасці «Белдарсувязі» ўвойдуць існуючыя і перспектыўныя сістэмы метэаманіторынгу, відэаназірання, вагагабарытнага кантролю, платных дарог, дынамічнага ўзважвання, а таксама аўтаматычнага выяўлення інцыдэнтаў на дарожнай сетцы. Размова таксама ідзе аб праграмна-апаратным комплексе цэнтра маніторынгу дарожнага руху. Сярод задач, якія будзе выконваць калектыў прадпрыемства, — развіццё інтэлектуальнай транспартнай сістэмы, кіраванне яе функцыянаваннем, розныя тэхнічныя работы па эксплуатацыі яе абсталявання і сетак.
— Аб’яднанне ІТС з адным аператарам дазволіць рэалізоўваць адзіную тэхнічную палітыку па ўкараненні беларускіх распрацовак,
аптымізаваць выдаткі на іх эксплуатацыю і развіццё. Акрамя таго, будуць выключаны дублюючыя функцыі па абслугоўванні, мадэрнізацыі і абнаўленні розных элементаў сістэмы, — растлумачыў Сяргей Лявончык.
Алена ВІНАГРАДАВА
Фота БелТА