У Беларусі адсвяткавалі 80-годдзе Вялікай Перамогі

11.05.2025 | 11:05

У Рэспубліцы Беларусь 9 мая адзначылі Дзень Перамогі — свята, здабытае ў цяжкіх баях за свабоду і незалежнасць Радзімы. Для жыхароў рэспублікі гэта не толькі святочны дзень, але і дзень памяці, глыбокай павагі і ўдзячнасці ўсім, хто набліжаў Вялікую Перамогу.


Прэзідэнт Беларусі павіншаваў замежных лідараў з 80-й гадавінай Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне


Наталля Качанава павіншавала беларусаў з 80-годдзем Перамогі


У Мінску ўсклалі кветкі да абеліска Перамогі



«Наша задача — памятаць гераічнае мінулае беларускага народа, захоўваць і ўмацоўваць дзяржаўны суверэнітэт і незалежнасць»

image-09-05-25-04-23.jpeg
Святочныя мерапрыемствы з нагоды Дня Перамогі прайшлі на Кургане Славы

9 Мая 2025 года ўся Беларусь адзначае адно з самых галоўных святаў — Дзень Вялікай Перамогі. Роўна 80 гадоў таму нашы гераічныя прадзеды і дзяды зламалі хрыбет фашызму, пазбавіўшыся ад карычневай чумы, якая пагражала ўсяму свету. І сёння, праз амаль цэлае стагоддзе беларусы памятаюць: тысячамі яны прыехалі да знака гераізму і стойкасці нашага народа — мемарыяльнага комплексу «Курган Славы», каб аддаць даніну памяці, схіліць свае галовы перад героямі, якія аддалі свае жыцці, абараняючы і вызваляючы родныя рубяжы. Ва ўрачыстай цырымоніі ўскладання кветак і вянкоў узяло ўдзел кіраўніцтва цэнтральнага рэгіёна на чале са старшынёй Мінскага аблвыканкама Аляксеем Кушнарэнкам, намеснік міністра абароны генерал-маёр Аляксандр Навуменка і, вядома ж, самыя галоўныя госці — 9 ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны з Міншчыны. «Звязда» таксама далучылася да народнага святкавання.

«Сыны і дочкі Міншчыны змагаліся на ўсіх франтах Вялікай Айчыннай вайны, уліваліся ў шматлікія партызанскія злучэнні, стваралі падполле».

Роўна 80 гадоў таму была разгромлена гітлераўская Германія. У полыме вайны загінуў кожны трэці жыхар нашай краіны, звяртаючыся да прысутных, заявіў старшыня Мінскага аблвыканкама Аляксей КУШНАРЭНКА: «Варварскаму разграбленню падвергліся прамысловыя прадпрыемствы, школы і бальніцы, калгасы і саўгасы. Але зверствы нацыстаў не зламалі волю нашага народа. Сыны і дочкі Міншчыны змагаліся на ўсіх франтах Вялікай Айчыннай вайны, уліваліся ў шматлікія партызанскія злучэнні, стваралі падполле». 

Кіраўнік рэгіёна падкрэсліў, што ў кожным населеным пункце вобласці ёсць свае героі: «Маладзечанцы і віляйчане памятаюць пра подзвігі Андрэя Валынца, які пайшоў у партызаны разам з маленькім сынам, тройчы быў паранены, але кожны раз вяртаўся ў строй. Юны ўраджэнец Дзяржынскага раёна, чатырнаццацігадовы Марат Казей, акружаны фашыстамі, падарваў сябе гранатай, партызанка-падпольшчыца Людміла Чалоўская з Барысава пад страшнымі катаваннямі гестапаўцаў не выдала сваю брыгаду. Васямнаццацігадовы жодзінец Пётр Купрыянаў падчас штурму варожых пазіцый закрыў сваімі грудзьмі амбразуру дзота. Мы схіляемся перад матулямі, якія выхавалі такіх дзяцей. Бо аплакваць сваіх родных у пару ваеннага ліхалецця прыйшлося амаль кожнай сям’і. Мы ніколі не забудзем тых, хто цаной неймаверных пакут, цаной жыцця заваяваў для нас свабоду і незалежнасць». 

На ўрачыстым мерапрыемстве прысутнічалі самыя галоўныя людзі — ветэраны, адзначаныя баявымі ордэнамі і медалямі, высокімі ўзнагародамі мірнага часу. Аляксей Кушнарэнка павіншаваў іх з гэтым знамянальным днём: «Нізкі вам паклон за тое, што абаранялі родную зямлю, за тое, што ў гады цяжкіх пазбаўленняў адрадзілі яе да новага светлага жыцця. Дзякуючы вам мы сёння жывём мірна, расцім дзяцей, жывём у цудоўнай краіне. Вечная слава тым, хто аддаў жыццё за свабоду Айчыны»

Затым памяць загінуўшых у гады страшнай вайны ўшанавалі хвілінай маўчання. Дарэчы, упершыню на мемарыяльным комплексе былі прадстаўлены ўсе 7 вымпелаў, якімі за мужнасць і стойкасць былі адзначаны сем гарадоў Мінскай вобласці. А яшчэ на Міншчыне працягваецца добраўпарадкаванне сімвалаў Вялікай Перамогі. «Бо кожны мемарыял — гэта прыклад мужнасці, стойкасці і сілы духу нашага народа, — працягнуў пасля хвіліны маўчання губернатар. — Ахвярны подзвіг абаронцаў Айчыны заўсёды жыве ў нашых сэрцах, служыць для нас крыніцай стваральнай сілы і любові да Радзімы. Наша задача — памятаць гераічнае мінулае беларускага народа, захоўваць і ўмацоўваць дзяржаўны суверэнітэт і незалежнасць. Міру і шчасця вам. З Днём Перамогі!»

image-09-05-25-04-23_1.jpeg

У размове з журналістамі Аляксей Кушнарэнка абвясціў аб адкрыцці мемарыяльнага комплексу пасля глабальнай рэканструкцыі: «Сёння, У Дзень Перамогі, пасля маштабнай рэканструкцыі мы адкрываем мемарыяльны комплекс „Курган Славы“. Гэта знакавае для Беларусі месца, якое было створана ў гонар подзвігу воінаў 1-га, 2-га, 3-га Беларускага 1-га Прыбалтыйскага фронту ў азнаменаванні пераможнай аперацыі „Баграціён“. І калі ў 1966 годзе прымалася рашэнне па ўзвядзенню гэтага збудавання, кожны палічыў сваім абавязкам прынесці сюды жменю зямлі. Тут ёсць зямля Брэсцкай крэпасці, з Масквы, Кіева, Адэсы, Валгаграда, з краін Еўропы, Азіі і Афрыкі. Кожны адчуваў сваё яднанне ў барацьбе з фашызмам. Гэта не проста 70-метровыя збудаванне. Гэта сімвал нашай агульнай Перамогі, і я ўпэўнены, што Курган Славы і далей будзе месцам пакланення для людзей з усяго свету. І мы разлічваем, што не менш за 100 тысяч чалавек будуць сюды прыязджаць штогод. І гэта вельмі важна, таму што праз такія мемарыялы захоўваецца гістарычная праўда». 

Губернатар падрабязна расказаў аб рэканструкцыі мемарыяльнага комплексу, якая працягвалася два гады. «Абноўлена інжынерная інфраструктура, пляцоўкі, дарожкі, рэканструявана лесвіца, непасрэдна сам абеліск. Да 13 існуючых адзінак тэхнікі дадалі яшчэ 10, разгарнулі экспазіцыю стралковай зброі, устанавілі мультымедыйныя экраны для таго, каб ужо ў сучасным фармаце даводзіць праўду аб Вялікай Айчыннай вайне», — пералічыў кіраўнік цэнтральнага рэгіёна.

«Аблічча нашай памяці»

Мемарыяльны комплекс «Курган Славы» стаў для беларусаў сімвалам сапраўднай любові да Радзімы і нязломнай сілы духу. Аб гэтым, звяртаючыся да беларусаў, заявіў намеснік міністра абароны генерал-маёр Аляксандр НАВУМЕНКА: «Мы схіляем галаву перад подзвігам тых, хто цаной уласнага жыцця набліжаў май 1945 года, хто не толькі падарыў нам з вамі магчымасць жыць пад мірным небам, але і абараніў права на жыццё як такое. Развязаная фашыстамі вайна мела адну мэту — знішчэнне славян і засяленне палітых крывёю тэрыторый нелюдзямі, якія ўявілі сябе нейкай вышэйшай расай. Беларуская зямля дашчэнту прасякнута ўспамінамі аб тых трагічных і гераічных падзеях». 

Паводле слоў генерала, сёння нашчадкі нацыстаў і прадаўжальнікі іх страшных ідэй зноў спрабуюць вырасціць нябачанае зло, заахвочваючы неанацызм, ганебна пакланяючыся тым, хто знішчыў мільёны жыццяў: «Хай вучаць гісторыю! Мы гэтага не дапусцім. Любыя спробы вывярнуць гістарычную праўду навыварат бессэнсоўныя. Мы нічога не забыліся! Памяць застыла ў шматлікіх абелісках і манументах, яе захоўваюць больш за 8 тысяч масавых пахаванняў. У гэты дзень беларусы па ўсёй краіне прыходзяць да помнікаў, каб ушанаваць памяць герояў».

Адно з такіх знакавых месцаў — Курган Славы. Зусім нядаўна сіламі ваеннага ведамства і Мінскага аблвыканкама завершана рэканструкцыя гэтага мемарыяльнага комплексу. «Мемарыялы — аблічча нашай памяці. Іх годны выгляд для нас — гэта справа гонару і сумлення, а яшчэ — адказ усім тым, хто там, на Захадзе, руйнуючы помнікі воінам-вызваліцелям, спрабуе сцерці памяць аб гераічным подзвігу савецкага народа. Гэта яшчэ раз таму пацверджанне, што мы ніколі не дазволім гэта зрабіць. Гэтая памяць у нас у крыві, яе не зрынуць з пастаментаў», — падкрэсліў намеснік міністра абароны.

«Было столькі слёз, але гэта былі слёзы радасці, шчасця...»

У дзень 80-годдзя Вялікай Перамогі на Кургане Славы яблыку няма дзе ўпасці. Тысячамі сюды едуць і старыя, і маладыя. Сярод сённяшніх самых галоўных гасцей — 97-гадовы ветэран Вялікай Айчыннай вайны Філіп Іванавіч КАРЛАЎ з Жодзіна. Ён падзяліўся сваімі ўражаннямі пра гэты светлы дзень: «Сёння прыемнае, сонечнае надвор’е. 80 гадоў таму, у маі 1945-га таксама быў добры дзень. Я як раз служыў у войску ў Прыморскім краі: і тут абвясцілі, што мы перамаглі! Было столькі слёз, але гэта былі слёзы радасці, шчасця. Наш асабісты склад сабралі ў клубе: камандзір палка скакаў чачотку! Ну, вядома, усім выдалі па 100 грам. Служыў я ў марской авіяцыі на аэрадроме: мы стралялі з ракетніц. На ахове аэрадрома стаяла гармата „Арлікон“, стралялі з яе. Зенітна-кулямётная кропка, дзе я служыў — таксама чаргу давалі ў неба. Увесь народ радаваўся, бо кровапралітная вайна скончылася!»

Калі пачалася вайна, Філіпу Карлаву было 14 гадоў. Сям’я жыла ў Башкірыі. Калі бацька пайшоў на фронт, Філіп уладкаваўся ў калгас — байцам Чырвонай Арміі неабходна было харчаванне. У канцы 1944 года сямнаццацігадовага юнака прызвалі на вайсковую службу ў Чырвоную Армію, накіравалі ў Прыморскі край у 7-ю авіяцыйна-тэхнічную базу Ціхаакіянскага флоту, дзе ён спачатку скончыў курс маладога байца, а затым ахоўваў аэрадром у складзе зенітна-кулямётнага разліку. Там і заслужыў сваю ўзнагароду «За Перамогу над Японіяй», а пазней — «За баявыя заслугі».

image-09-05-25-04-23_2.jpeg

На Далёкім Усходзе Філіп Іванавіч сустрэў сваю будучую жонку. Яны шчасліва пражылі разам шмат гадоў, выхавалі дзвюх дачок. Ветэран, паводле яго слоў, упершыню наведаў Беларусь яшчэ падчас службы: «Мне краіна адразу спадабалася: чыста, дагледжана, у магазінах самаабслугоўванне. Пасля дэмабілізацыі вырашыў прыехаць сюды, і з 1974 года жыву ў Жодзіне — атрымаў кватэру ад ваенкамата». 

Ветэран падкрэсліў: «Беларускаму народу пашанцавала з такім кіраўніком, які захаваў усё лепшае, што было пры Савецкім Саюзе. Я бачыў Мінск 30 гадоў таму і бачу, якім ён стаў цяпер. Гэта зусім іншы горад. Столькі пабудавалі жылля, прамысловых прадпрыемстваў! Сельская гаспадарка добра развіта. Я езджу на Урал, на сваю малую радзіму, і мне кажуць: „Вам добра, у вас — Бацька!“ Згаджаюся — пашанцавала! Беларусь квітнее, з кожным годам становіцца ўсё лепш і лепш».

Галоўны пасыл, які сёння прагучаў ад пакалення пераможцаў — захаваць мір. Каб ніколі беларусы больш не зведалі слова «вайна», каб заўсёды над нашай краінай было блакітнае мірнае неба, каб як і сёння да мемарыялаў і воінскіх пахаванняў прыходзілі сем’і, бацькі прыводзілі сваіх дзяцей, каб памяць аб тым трагічным часе і далей перадавалася з пакалення ў пакаленне.

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ

Фота аўтара

Смалявіцкі раён


Захаванне памяці — справа гонару і адказнасці

Каля 70 тысяч чалавек сабралася на мітынгу ў Брэсцкай крэпасці.

Старт святочным мерапрыемствам 9 мая ў Брэсце даў парад Перамогі з удзелам ветэранаў, тэхнікі часоў Вялікай Айчыннай вайны і спецыяльнай ваеннай тэхнікі. Роўна ў 9 гадзін пачаўся ўрачысты марш па галоўнай плошчы горада. Яго адкрыў бронеаўтамабіль «Волат» са сцягам Брэсцкай крэпасці-героя. У галаве калоны — рарытэтныя УАЗы з ветэранамі, затым матацыклы, аўтамабілі часоў вайны. Інсталяцыя «Цяплушка» ў выкананні рэканструктараў нагадала транспарт, на якім 80 гадоў таму франтавікі вярталіся дадому. Па плошчы прайшлі ваеннаслужачыя Брэсцкага гарнізона і органаў пагранічнай службы, сілавых структур, а таксама выхаванцы ваенна-патрыятычных клубаў, вучні кадэцкіх класаў. Абапал дарогі выстраіліся сотні людзей, каб паглядзець на парад. У асноўным прыйшлі сем’ямі, дзеці махалі сцяжкамі, дарослыя ўсміхаліся. 

photo_2025-05-09_13-12-49.jpg

Завяршылася шэсце вынасам аграмаднага палотнішча Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь, якое пранеслі лепшыя навучэнцы сярэдніх навучальных устаноў абласнога цэнтра. Затым ўдзельнікі парада накіраваліся ў Брэсцкую крэпасць. Тым часам сюды ўжо сцякаліся людскія патокі. Прадстаўнікі грамадскасці, працоўных калектываў, школьнікі са сваімі настаўнікамі сталі збірацца ў цэнтры горада загадзя, а потым рушылі арганізаванымі калонамі ў бок галоўнай святыні горада над Бугам. У шэсці «Беларусь памятае. Памятаем кожнага» на гэты раз удзельнічала больш за 7 тысяч чалавек. Да 11 гадзін, паводле ацэнкі арганізатараў, каля 70 тысяч чалавек сабраліся на плошчы Цырыманіялаў і яе ваколіцах. 

Мерапрыемствы ў крэпасці пачаліся з ускладання кветак да Вечнага агню Мемарыяльнага комплексу "Брэсцкая крэпасць-герой«.«Вечная слава героям, якія загінулі за свабоду і незалежнасць нашай Радзімы!» — гэтыя словы вось тут, у Брэсцкай крэпасці, гучаць асабліва шчымліва і ўрачыста. 

Старшыня Брэсцкага аблвыканкама Пётр ПАРХОМЧЫК павіншаваў прысутных з Днём Перамогі і нагадаў, якой цаной яна была здабытая: «За гады вайны Беларусь прайшла праз сапраўднае пекла. Фашысты не ведалі спагады і шкадавання. Яны рабавалі, забівалі, палілі. Нацысцкая машына катком прайшла па нашай зямлі, пакідаючы пасля сябе попел і разбураныя лёсы. За адну толькі ноч з 16 на 17 кастрычніка 1942 года жыхароў Брэста на 16 тысяч стала меней! Кожны горад, кожная вёска да гэтай пары смуткуе пра сваіх старых, жанчынах і дзецях, якія засталіся пад плітамі абеліскаў навечна».

photo_2025-05-09_13-29-28.jpg

Старшыня аблвыканкама падкрэсліў, што ніякімі пакутамі і болем не ўдалося запужаць беларусаў. Яны мужна змагаліся на франтах, у партызанскіх атрадах, у падполлі. «Такая яна, гісторыя Вялікай Перамогі, горкая і гераічная, назаўсёды ўпісаная ў летапіс народа», — кіраўнік вобласці назваў гонарам і адказнасцю справу захавання і перадачы будучым пакаленням памяці аб подзвігу, а таксама справу зберажэння міру на нашай зямлі

У крэпасці працавала выстава ваеннай тэхнікі. І пасля мерапрыемстваў людзі не спяшаліся разыходзіцца з гэтага асаблівага месца. Карэспандэнт пацікавілася меркаваннямі некаторых удзельнікаў святкавання.

Брастаўчанка Вольга Васілюк была з сынам Кірылам, вучнем 10 класа: «Для нашай сям’і гэта асаблівае свята. Мой дзед, яго прадзед, Антон Сямёнавіч Бабко з вёскі Галынка Клецкага раёна, ваяваў у складзе 5-й ударнай арміі, якая брала Берлін. У нас беражліва захоўваецца здымак, на якім дзядуля разам з баявымі таварышамі ў Берліне ў адзін з дзён мая 45-га. А на вайну дзед Антось пайшоў у 1944 годзе амаль адразу пасля вяселля. Яго маладая жонка, бабуля Зіна, чакала і малілася. І малітвы былі пачутыя. Аб гэтым яна не раз казала нам потым. Так што для нас гэты дзень асаблівы. Звычайна мы збіраемся ўсёй сям’ёй, згадваем нашых франтавікоў і па запавету бабулі молімся за мірнае неба над нашымі галовамі».

photo_2025-05-09_12-59-59.jpg

Марына Гуранда прыехала з Ніжняга Ноўгарада, яна не першы раз у Брэсце, але на святкаванні Дня Перамогі ўпершыню: «Я была аднойчы на начным мітынгу 22 чэрвеня. І гэтае мерапрыемства пакінула асабліва моцныя ўражанні. А цяпер вось сваю паездку знарок прымеркавала за Дня Перамогі. Для мяне Брэсцкая зямля асаблівая. Тут пачынаў вайну мой дзед, лейтэнант Чырвонай Арміі. Ён на жаль, загінуў у першы ці другі дзень вайны. А яго сям’ю, жонку і чацвярых дзяцей ратавала беларуская сям’я з Камянецкага раёна. Заўсёды пры магчымасці наведваю магілы простых беларускіх сялян, які па сутнасці здзейснілі подзвіг, далі прытулак іншым людзям». 

«Гэтую гісторыю добра ведаюць мая дачка, мае ўнукі, — працягвала расповед Марына. — Мы лічым, што памяць пра гераізм, пакуты, перамогу нашага народа трэба падтрымліваць менавіта на сямейным узроўні. І ў гэтым сэнсе ганаруся сваімі ўнучкамі-масквічкамі. Старэйшая з рэфератам пра сямейную гісторыю заняла першае месца ў школьным конкурсе. Спадзяюся, што мае ўнучкі, калі вырастуць, перададуць памяць сваім дзецям і ўнукам».

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота Брэсцкага гарвыканкама


Урачысты мітынг і шэсце «Беларусь памятае». Гродна святкуе 9 Мая

Святочны дзень у Гродне пачала рэспубліканская акцыя «Беларусь памятае». Тысячы людзей прайшлі вялікай калонай ад плошчы Савецкай да плошчы Леніна. У руках яны трымалі партрэты сваіх родных, якія ваявалі ў Вялікай Айчыннай вайне. Шэсце завяршылася ўрачыстым мітынгам, прысвечаным 80-годдзю Вялікай перамогі. Да ўдзельнікаў мерапрыемства звярнуўся старшыня Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Юрый Караеў:

— Сёння мы ўздымаем Сцяг Перамогі не толькі як сімвал памяці, але і нязломнасці нашага народа, рашучасці абараніць свае нацыянальныя інтарэсы і святую Перамогу. Прытрымліваючыся запаветаў продкаў, мы раўняемся на іх ратныя і працоўныя подзвігі, адзінства і згуртаванасць. Абараняючы межы Радзімы, працягваем плённа працаваць, дэманструючы лепшыя нацыянальныя рысы: працавітасць і адкрытасць, ветлівасць і гасціннасць. Мы ясна бачым свой шлях, заснаваны на пераемнасці пакаленняў, непарушнасці традыцый і нязломнай гістарычнай памяці. Важна быць вартымі памяці загінуўшых, зберагчы сваю цудоўную краіну і забяспечыць будучыню пад мірным небам

Пасля адбылася цырымонія ўскладання кветак да помніка савецкім воінам і партызанам, якія загінулі ў гады вайны. Памяць герояў ушанавалі старшыня Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Юрый Караеў, памочнік Прэзідэнта — інспектар па Гродзенскай вобласці Канстанцін Бурак, старшыня абласнога Савета дэпутатаў Алена Пасюта, старшыня Гродзенскага гарвыканкама Андрэй Хмель, а таксама прадстаўнікі органаў выканаўчай улады, дэпутацкага корпуса, сілавых структур, кіраўнікі адміністрацый, грамадскіх аб’яднанняў.

255519-01.jpg

Праграма святкавання распісана да позняга вечара. Гродзенцы і госці горада з задавальненнем далучыліся да яе, атрымліваючы асалоду ад прыгажосці, міру і ўтульнасці. Сваімі думкамі і ўражаннямі падзяліўся ўдзельнік урачыстых мерапрыемстваў Арсень Сідаркевіч:

— Яшчэ са школьных часоў Дзень Перамогі заўсёды быў значным для мяне святам. Штогод браў удзел у мітынгах, дапамагаў ветэранам, прыходзіў на сустрэчы. Заўсёды захапляўся іх сілай, стойкасцю духу. Як і многія сем’і беларусаў, маю таксама апаліла вайна. Мой прадзядуля Аляксандр Іванавіч Мелянец загінуў на фронце. Дзякуючы сайту «Памяць народа» мне ўдалося знайсці дакументы аб яго прызыве і інфармацыю аб месцы пахавання. Прадзядуля амаль дайшоў да Берліна, яго магіла прыкладна за 100 кіламетраў ад горада. Хаця ў 1944 годзе ён ужо мог вярнуцца дадому. Але Аляксандр Іванавіч вырашыў прайсці ўвесь шлях да канца і здабыць Перамогу, якую ўсе так чакалі. Яго асоба паўплывала на выбар маёй першай адукацыі. Я вырашыў, што хачу быць гісторыкам, вывучыць больш глыбока не толькі перыяд Вялікай Айчыннай вайны, але і ў цэлым пагрузіцца ў мінулае, бо без яго не было б будучыні і сучаснасці.

8G0A6845-2.jpg

Героі вайны будуць жывыя, пакуль пра іх памятаюць. Наш абавязак пранесці праз стагоддзі гісторыю тых крывавых дзён, каб жахі вайны ніколі не паўтарыліся.

Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ


Каля 85 тысяч чалавек прайшлі ва ўрачыстым шэсці ў Гомелі

З самай раніцы жыхары ўсіх раёнаў абласнога цэнтра і госці горада сабраліся каля плошчы Паўстання, каб падзяліць радасць пераможнага мая з усёй краінай.

Дзень 80-й гадавіны Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне Гомель сустрэў урачыстым шэсцем. У калоне па вуліцы Савецкай прайшлі кіраўніцтва вобласці і горада, ветэраны і вайскоўцы, дэпутаты і парламентарыі, грамадскія арганізацыі, моладзь, работнікі ўсіх прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў Гомеля, дэлегацыі Бранскай і Арлоўскай абласцей Расійскай Федэрацыі, госці з Кітайскай Народнай Рэспублікі. Усяго ў шэсці ўдзельнічалі каля 85 тысяч чалавек. 

На чале калоны афіцэры МНС пранеслі 12-метровую копію Сцяга Перамогі, узнятага ў 1945-м годзе над Рэйхстагам. Гамяльчане ішлі са сцягі і партрэтамі герояў Вялікай Айчыннай вайны. Каля 30 тысяч чалавек аб’яднала акцыя «Беларусь памятае» ў Гомелі. 

Сёмы год запар у шэрагах калоны ўдзельнікаў гэтай акцыі з гонарам партрэт свайго дзеда Станіслава Іванавіча Мурашкі пранёс Дзмітрый Мурашка — старшыня Гомельскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў будаўніцтва і прамысловасці будаўнічых матэрыялаў. 

1.png

— Дзеда прызвалі на тэрміновую службу да вайны. У 1941-м яго часць перакідвалі да Масквы, але каля пасёлка Победа Гомельскага раёна іх эшалон гітлераўцы разбамбілі. Прынялі першы бой, а пасля пешшу прабіраліся да сваіх пад Маскву. Дзед прайшоў усю вайну, служыў камандзірам зенітнай зброі, у канцы вайны — у органах легендарнай контрразведкі «СМЕРШ». Пасля вайны дзед жыў у Хойніцкім раёне, а яго сыны, мой тата і дзядзька, пераехалі бліжэй да Гомеля, атрымалі ўчастак, пабудаваліся і прывезлі нашага дзеда Станіслава паказаць дамы. Неверагодна, але той самы мой бацькоўскі дом — у пасёлку Пабеда Гомельскага раёна, дзе прыняў першае баявое хрышчэнне мой дзед. Ён быў вельмі ўсхваляваны, калі трапіў у Пабеду, назваў дакладна ўсе аб’екты, што былі ў акрузе падчас вайны, — падзяліўся сямейнай гісторыяй Дзмітрый Мурашка.

Афіцэр у адстаўцы, удзельнік вайны ў Афганістане, гамяльчанін Васіль Сільчанка — у калоне акцыя «Беларусь памятае» з партрэтамі сваіх маці і бацькі.

— Дзень Перамогі — найвялікшае свята. Свята памяці, у якой, лічу, уся сутнасць нашага народа, наша жыццё, — перакананы гамяльчанін.

 2.jpg

Усе пакаленні вялікай сям’і з Гомеля і Мінска 9 мая аб’ядналі героі — Міхаіл Аляксандравіч Сокал і Аляксей Антонавіч Вайцянкоў. З гонарам партрэты сваіх дзядоў і прадзедаў пранеслі сем’і Сокал і Громавых. 

— Ганарымся! Усё — у адным гэтым слове. Гэта свята памяці аб нашым народзе, які вытрымаў такое нечалавечае выпрабаванне. Усіх са святам! — павіншавалі чытачоў «Звязды» Таццяна і Сяргей Сокал, Вікторыя Громава з сям’ёй

3.jpg

Жыхарка Масквы Святлана Маргун больш дзесяці гадоў кожнае 9 мая абавязкова прыязджае ў Гомель, каб сустрэць з роднымі свята Вялікай Перамогі. Святлана разам з пляменнікам Цімурам ва ўрачыстым шэсці прайшлі з партрэтам дзеда і прадзеда — байца партызанскага руху Васіля Іванавіча Сялецкага: 

— Гэта для нашай сям’і вельмі значны дзень. Сапраўды, свята са слязамі на вачах. Памяць аб подзвігах герояў перадаецца праз пакаленні, яна гарыць у сэрцы, жадаю каб гэты аганёк памяці ў нас ніколі-ніколі не згасаў, каб Дзень Перамогі заўжды святкавалі.

4.jpg

Вельмі рады прадстаўляць свой туркменскі народ на святкаванні 9 мая ў Гомелі студэнткі філалагічнага факультэта ГДУ імя Ф. Скарыны Мержэн і Айна: 

— У нас на радзіме абавязкова адзначалі з сем’ямі 9 мая. Вельмі рады, што 80 гадоў Вялікай Перамогі святкуем разам з беларусамі.

Тысячы жыхароў і гасцей абласнога цэнтра аддалі даніну памяці і ўшанавалі подзвіг герояў Вялікай Айчыннай вайны на брацкай магіле савецкіх воінаў і падпольшчыкаў каля Вечнага агню на плошчы Працы.

— Мы сабраліся, каб яшчэ раз падзякаваць тым, хто самааддана абараняў Радзіму, працаваў у тыле, лячыў і выходжваў параненых, нёс на сваіх плячах цяжар ваеннага часу. Чатыры доўгія гады кровапралітных баёў і гібелі мільёнаў салдат і мірных жыхароў, слёзы маці і жонак, якія да апошняга верылі і чакалі. Усе яны — нашы бабулі, дзяды і прадзеды набліжалі гэты святы дзень — Дзень Перамогі! У памяць аб іх гераічным і працоўным подзвігу мы схіляем галовы і гаворым дзякуй — за тое, што перамаглі, выстаялі, вынеслі, адолелі. За тое, што далі нам жыццё, свабоду і мірнае неба, — звярнуўся на ўрачыстым мітынгу да жыхароў і гасцей рэгіёна старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко

5.jpg


У гістарычным цэнтры Гомеля адкрыліся дзесяткі інтэрактыўных выставачных праектаў, танцавальныя, музычныя пляцоўкі, выстаўкі майстроў-рамеснікаў. Гамяльчане розных пакаленняў, цэлыя сем’і жыхароў абласнога цэнтра, госці горада над Сожам з кветкамі, паветранымі шарамі, сцяжкамі віталі свята у гонар 80-годдзя Вялікай Перамогі на плошчы Леніна. Запамінальнай яскравай падзеяй святочнай праграмы стаў урачысты парад воінскіх падраздзяленняў, сілавых структур, кадэцкіх класаў, ваенна-патрыятычных клубаў і шэсце калоны ваеннай тэхнікі. 

6.jpg

Наталля КАПРЫЛЕНКА

фота аўтара


У святочным шэсці ў Віцебску на плошчы Перамогі прынялі ўдзел 48 тысяч чалавек 

«Дзень Вялікай Перамогі стаў для нас сімвалам яднання народаў супраць фашызму, генацыду і прыгнёту. Вось ужо 80 гадоў гэтая гістарычная дата з’яўляецца для нас адной з самых ушанаваных, светлых і значных. Жывым шчытом стала Беларусь на шляху агрэсара. Нашы суайчыннікі, дзяды, прадзеды, бацькі да смерці стаялі пад Магілёвам, Віцебскам, Полацкам, Лепелем. Мы памятаем тысячы подзвігаў франтавікоў, народных мсціўцаў, падпольшчыкаў, якія цаной неймаверных намаганняў, у найцяжэйшых умовах змагаліся за кожную пядзю роднай зямлі», — адзначыў старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Субоцін. 

9 мая — асаблівая дата і найгалоўнейшае свята для 74-гадовай жыхаркі Віцебскага раёна Аксаны Іванаўны Шніткоўскай. Яе бацька, Галашчоў Іван Ермалаевіч, прайшоў Вялікую Айчынную вайну пехацінцам, вярнуўся дадому з раненнямі, але жывым. Сустрэў будучую жонку Усцінню Васільеўну, пабудавалі хату, нарадзілі семярых дзяцей. 

photo_2025-05-09_15-00-59 - копия (2).jpg

«Усё жыццё, колькі я памятаю, бацька вельмі рыхтаваўся да Дня Перамогі. Пасля таго, як адзін з сыноў пайшоў у армію, Іван Ермалаевіч адпусціў доўгую, ніжэй за грудзі, бараду. І быў цэлы рытуал прывесці яе ў парадак перад святам. Рыхтаваў пінжак з медалямі, пасля 100 грамаў „франтавых“ любіў спяваць „Матрасёнка“. Калі ўжо стаў дрэнна хадзіць, штогод вазілі яго на мемарыял у Заронаве на калясцы. Бацька пайшоў з жыцця ў 91 год, пахаваны разам з жонкай на старых могілках у Варанове. І штогод наша 9 мая пачынаецца з наведвання пахавання нашага сямейнага героя. Імя Галашчова Івана Ермалаевіча ёсць і на памятным знаку на Заронаўскім мемарыяле, ён занесены ў невялікі спіс мясцовых людзей, якія вярнуліся з вайны», — падзялілася жанчына.

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА


Дзякуй за Перамогу! — скандзіравалі магіляўчане ўдзельнікам парада

Гукі ваенных песень і маршаў гучаць на вуліцах Магілёва, райцэнтараў вобласці, іншых пасёлкаў і вёсак рэгіёна ў гонар 80-годдзя Вялікай Перамогі праходзяць выставы, канцэрты, спартыўныя мерапрыемствы, кінапрагляды, рэканструкцыі, флэшмобы. Прадстаўнікі ўлады, грамадскіх аб’яднанняў, моладзь з кветкамі і падарункамі наведваюць ветэранаў вайны і тылу, былых вязняў фашысцкіх канцлагераў. 
photo_2025-05-09_14-28-49 (2).jpg

Раніца Дня Перамогі пачалася з урачыстага параду на плошчы Леніна. Калі святочная калона рушыла на плошчу Славы, на ўсім шляху яе суправаджалі крыкі: «Дзякуй за Перамогу!». На некалькіх рарытэтных аўтамабілях ехалі ветэраны вайны, былыя малалетнія вязні. Сярод іх — удзельнік Вялікай Айчыннай вайны Міхаіл Цітоў, былыя вязні канцлагераў Азарычы Тамара Царык, «Майданек» і «Равенсбрюк» Аля Круглікава... За гадзіну да пачатку парада іх асабіста павіншавалі старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка, памочнік Прэзідэнта — інспектар па Магілёўскай вобласці Сяргей Налівайка, сенатар, старшыня аблсавета Аляксандр Гарошкін. Ветэранам уручылі падарункі і кветкі. Іх успаміны — жывы боль і незагойная рана. 

Міхаіл Цітоў быў падлеткам, калі пачалася вайна, але паспеў паваяваць і ў партызанах, і ў складзе 5-й гвардзейскай стралковай дывізіі 3-га Беларускага фронту. Пад Кёнігсбергам атрымаў цяжкае раненне і Дзень Перамогі сустрэў у шпіталі.

— Вайна была найцяжэйшай, — кажа ён. — Яна забрала мільёны жыццяў, зруйнавала нашы гарады і вёскі. Мне цяжка зразумець тых людзей, якія сёння развязваюць войны. Чалавек павінен ствараць жыццё, а не разбураць яго. 

Тамара Царык апынулася ў канцлагеры «Азарычы», калі ёй было ўсяго 9 гадоў. Яна ўспомніла пра тое, як фашысты заганялі палонных ў балота, каб зрабіць жывы шчыт з людзей і не прапусціць Чырвоную Армію. Людзей забівалі, здзекаваліся з іх, не шкадавалі нават дзяцей... 

— Дзень Перамогі — гэта вялікае свята са слязамі на вачах, — падкрэсліў Анатоль Ісачанка. — На жаль, ветэраны сыходзяць, іх усё менш і менш. Мы сёння жывем пад мірным небам, дзякуючы нашым дзедам і прадзедам. Менавіта яны заваявалі для нас гэту свабоду. Сёння ў нашым свеце не зусім спакойна, ачагі гарачых канфліктаў успыхваюць па ўсёй планеце. І мы больш востра адчуваем, як важна захаваць той мір і спакой, якія ёсць у нас. Калі не будзе памяці, веры, патрыятызму, не будзе і краіны. Мы — нашчадкі тых, хто паказаў нам прыклад сапраўднага патрыятызму і гераізму. І мы павінны быць годнымі іх памяці.
photo_2025-05-09_14-28-50 (2).jpg

У святочным шэсці і народным ускладанні кветак да Вечнага агню прыняла ўдзел каля 50 тысяч чалавек. Рустам Янусаў прыйшоў на свята з дачкой Стэфаніяй. Ён расказаў, што падчас вайны яго дзед Леанід Зуеў прапаў без ветак і гэта было трагедыяй для сям’і. «Для нас, нашчадкаў, Дзень Перамогі — самае важнае свята», — прызнаўся ён. 

Другакласнік Раман Кастрамін на свяце разам са сваёй бабуляй. «Мой прадзед ваяваў і загінуў, — паведаміў хлопчык. — Нам шмат расказваюць пра вайну і я ведаю, што гэта вельмі страшна».
Магіляўчанін Вадзім прывёў маленькага сына Івана.

— Гэта першы для Вані парад, — паведаміў малады чалавек. — Нам яшчэ і двух годзікаў няма, але трэба, каб сын убачыў гэта свята. Мая бабуля падчас вайны жыла ў Быхаўскім раёне. Яна была падлеткам, зведала голад і холад. Ім недзе было жыць, немцы адабралі іх дом пад шпіталь. Вайна — гэта вельмі страшна, нельга, каб яна паўтарылася. 
Святочныя гулянні ў Магілёве працягнуцца да самага вечара і закончацца на плошчы Славы канцэртам і пераможным салютам. 

Нэлі ЗІГУЛЯ
Фота аўтара
arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю