Сучасна, зручна і камфортна
Дакументы ва ўстановы вышэйшай адукацыі абітурыенты панясуць з 12 ліпеня. Але забраніраваць зручны дзень і час для наведвання прыёмнай камісіі, выбраўшы ВНУ, факультэт і спецыяльнасць, яны могуць ужо цяпер — з 6 ліпеня для абітурыентаў дзейнічае сэрвіс «Электронная чарга».
Можна і па жывой чарзе
У Міністэрстве адукацыі падкрэслілі: паслуга даступна абітурыентам, якія здавалі ЦЭ/ЦТ у 2025-м і 2026 годзе. Тым не менш папярэдні запіс не з’яўляецца абавязковым — падача дакументаў у парадку жывой чаргі захоўваецца. Калі змяніліся планы, можна адмяніць талон і перарэгістравацца на іншы час.
У адукацыйным ведамстве таксама нагадалі пра тэрміны падачы дакументаў: 12–17 ліпеня — прымаюцца дакументы на бюджэтныя месцы, да 1 жніўня — на платныя формы навучання, да 2 жніўня — на спецыяльнасці сельскагаспадарчага профілю.
Як запісацца
З пакрокавай інструкцыяй, як забраніраваць электронную чаргу на падачу дакументаў, азнаёміў Рэспубліканскі інстытут кантролю ведаў.
Спачатку абітурыент заходзіць на афіцыйны сайт РІКВ і адкрывае асабісты кабінет. Спосаб уваходу на сайт залежыць ад таго, калі абітурыент здаваў цэнтралізаванае тэсціраванне: для тых, хто рабіў гэта ў 2026 годзе, — уваход па ідэнтыфікацыйным нумары, які пазначаны ў сертыфікаце. Выпускнікі 2025 года выкарыстоўваюць серыю і нумар пашпарта лацінскімі літарамі, напрыклад, MP1234567.
Важнае ўдакладненне для тых, хто здаваў ЦТ у мінулым годзе: калі вы нядаўна мянялі пашпарт, абавязкова загадзя звяжыцеся з РІКВ, каб перааформіць сертыфікат на новыя пашпартныя даныя. Без гэтага запісацца не атрымаецца.
Калі з усімі фармальнасцямі будзе скончана, абітурыент выбірае ВНУ і спецыяльнасці — для гэтага ў сістэме ёсць зручны фільтр. Па чарзе трэба выбраць вобласць, навучальную ўстанову, факультэт, спецыяльнасць, форму навучання (бюджэт / платнае), а сістэма пакажа даступныя слоты для запісу. Пасля абітурыент выбірае прыдатны дзень, а таксама гадзіну з прапанаваных варыянтаў і націскае кнопку «Заказаць талон». Пасля гэтага заяўка адпраўлена.
У тэму
Усё празрыста і зразумела
— Прыкладна траціна абітурыентаў, якія паступілі летась, скарысталіся электроннай чаргой, — канстатуе першы намеснік міністра адукацыі Аляксандр БАХАНОВІЧ. — Усе ацанілі і былі рады такой магчымасці. Сёлета рэгістрацыя на сайце РІКВ адкрытая з 6 ліпеня, але мы ўжо бачым, што ў гэтым годзе паслугай скарыстаецца практычна палова тых, хто паступае. Таму ВНУ дадзена каманда павялічыць колькасць рабочых месцаў і спецыялістаў, каб задаволіць усіх ахвотных падаць дакументы праз электронную рэгістрацыю. Да праграмы далучаныя ўсе ВНУ краіны.
Правілы прыёму і паступлення ў ВНУ, якія зацверджаныя Указам Прэзідэнта, ствараюць роўныя і справядлівыя ўмовы, а электронная чарга — камфортныя, падкрэслівае Аляксандр Бахановіч.
— Сітуацыю мы маніторым у рэжыме анлайн пастаянна. Так, 2 ліпеня мы залічылі ў 21 абласную ВНУ 367 пераможцаў рэгіянальных універсітэцкіх алімпіяд. Цяпер ідуць унутраныя ўступныя экзамены для маладых людзей, якія паступаюць на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі. Нагадаю, што сёлетні план — каля 6,3 тысячы чалавек, а падалі дакументы 9,1 тысячы. Чакаем заканчэння ўступных выпрабаванняў, па выніках якіх залічым у ВНУ мэтавікоў, якія іх паспяхова прайшлі. 12 ліпеня пачнецца асноўны этап уступнай кампаніі ва ўстановы вышэйшай адукацыі.
Алена ВІНАГРАДАВА