Вясна, якая корміць год
Вясна, якая корміць год
Пераадолела экватар не толькі сяўба збожжавых. Кукуруза і бульба практычна ва ўсіх рэгіёнах перасеклі мяжу ў 90 %, грэчка — 62 % . Але да заканчэння «гарачай» пары вясновых палявых работ яшчэ далёка: у самым разгары праходзіць сяўба проса і агароднінных культур, пад яравую сяўбу ўносяцца арганічныя ўгнаенні. У штабе галіны — Мінсельгасхарчы — некалькі разоў на тыдзень праходзяць селектарныя нарады з абласнымі камітэтамі, дзе апошнія даюць справаздачу аб зробленым і атрымліваюць чарговыя задачы па кожным кірунку пасяўной кампаніі.
Для баршчу і не толькі
Агароднінных культур пасеяна на плошчы больш за 6 тыс. гектараў, што складае 83 % ад плана, так што можна лічыць, што сяўба капусты, буракоў, морквы і іншай агародніны таксама знаходзіцца на фінішнай прамой.
Цяпер у гаспадарках у грунт высаджваюць расаду капусты — сяўба гэтай культуры ў Беларусі з’яўляецца часткай маштабнай вясновай пасяўной кампаніі агароднінных культур і ахоплівае ўсе шэсць абласцей краіны. Работы павінны завяршыцца да канца мая.
Сотні гектараў пад капусту і спадарожныя культуры адведзены ў Магілёўскай вобласці. Брэстчына разам з раннімі збожжавымі і кармавымі культурамі актыўна завяршае веснавую сяўбу агароднінных груп. У Віцебскай і Гомельскай абласцях мясцовыя сельскагаспадарчыя прадпрыемствы і буйныя цяплічныя комплексы таксама забяспечваюць планавую пасадку агародніннага набору для ўнутранага рынку і перапрацоўкі. А вось на Гродзеншчыне, акрамя традыцыйнай агародніны для «баршчовага набору», вырошчваюць яшчэ і экзотыку — брокалі, каляровую капусту і салату айсберг.
Корм — усяму галава
Урад Беларусі паставіў перад аграрнай галіной задачу: у 2026 годзе стварыць трывалую кармавую базу для забеспячэння бесперабойнай работы жывёлагадоўчага сектара і харчовай бяспекі і вызначыў арыенцір — нарыхтаваць не менш за 38 цэнтнераў кармавых адзінак на адну ўмоўную галаву жывёлы. Таму асноўная ўвага працаўнікоў сельскагаспадарчай галіны сёння засяроджана на ўборцы кармавых.
Масавы пакос пачаўся пакуль толькі ў дзвюх абласцях — Брэсцкай і Магілёўскай, але пра гатоўнасць да гэтай важнай працы далажылі ўсе рэгіёны краіны. Як сказаў міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Юрый ГОРЛАЎ пры наведванні Нясвіжскага філіяла РУСП «Мінскае племпрадпрыемства», у племянной справе, як і ва ўсёй жывёлагадоўлі, важны не толькі якасны біяматэрыял і граматная селекцыя, але і своечасовая нарыхтоўка кармоў — тады ёсць рост і надояў, і прыбаўленняў.
Алена ВІНАГРАДАВА
Фота БелТА