Top.Mail.Ru

У Брэсце дэпутат Вольга Сцепусь рэалізоўвае аўтарскі адукацыйны праект

Спартыўны менеджар са знакам якасці



Член Пастаяннай камісіі па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы Палаты прадстаўнікоў Вольга Сцепусь нарадзілася і вырасла ў Брэсце. Тут яна атрымала сваю першую вышэйшую адукацыю, тут працавала да таго, як стала парламентарыем. Цяпер прадстаўляе родны горад у высокім заканадаўчым органе краіны. «Брэсцкая цэнтральная акруга № 2 — гэта цэнтр горада, і арганізацыі, прадпрыемствы, установы, якія там знаходзяцца, дазваляюць мне больш шырока раскрыцца ў якасці дэпутата», — кажа яна.

Жыццё Вольгі Сцепусь звязана з фізічнай культурай і спортам. Асабісты прыклад бацькі, Васіля Фаміча, майстра спорту СССР па цяжкай атлетыцы, спартыўнага педагога, а таксама літаратура, прысвечаная спорту, сярод якой расла Вольга, вызначылі яе выбар.

«Гэта дастаткова вялікі шлях — ад прафесійнага спартсмена да спартыўнага менеджара, — расказвае парламентарый пра сваю сувязь са спортам. — У Палату прадстаўнікоў балатавалася з пасады дырэктара аднаго з буйных спартыўных аб’ектаў Беларусі, флагмана краіны — Брэсцкага абласнога цэнтра алімпійскага рэзерву па водных відах спорту. Таму асноўны кірунак маёй перадвыбарнай кампаніі — рэалізацыя ініцыятыў, арыентаваных на падтрымку фізічнай культуры, прафесійнага спорту, фарміраванне здаровага ладу жыцця — усяго, дзе магу быць станоўчым прыкладам. Бо штодня займаюся рознымі відамі фізічнай актыўнасці».

Брэст славіцца сваімі спартыўнымі аб’ектамі: тры палацы спорту, два цэнтры алімпійскага рэзерву, вяслярны канал, стралковы цір, лёгкаатлетычны манеж, бейсбольныя палі, некалькі стадыёнаў... Вольга Сцепусь марыць пра тое, каб статус спартыўнай сталіцы стаў для яе горада афіцыйным, і шмат для гэтага робіць цяпер ужо як дэпутат.

«Акрамя спартыўных аб’ектаў, гэта яшчэ і ініцыятывы гараджан, у тым ліку па будаўніцтве профільных дзіцячых пляцовак, вулічнай інфраструктуры. Удзельнічаю ва ўсім гэтым, а таксама па магчымасці бяру ўдзел у праектаванні новых профільных збудаванняў. Удалося прычыніцца да адаптыўных спорту і фізічнай культуры, пабачыць, як у нас займаюцца людзі „сярэбранага“ ўзросту, дапамагчы з набыццём спартыўнага інвентару, абсталявання для фізічных заняткаў у сацыяльных і дзіцячых цэнтрах», — пералічвае яна

Усё гэта арганічна ўвайшло ў яе дэпутацкую дзейнасць, але народная выбранніца пайшла далей. Яна распрацавала і рэалізоўвае ўласны аўтарскі адукацыйны праект «Спартыўны менеджар са знакам якасці». Ён — рэгіянальны, але ў выпадку поспеху можа быць распаўсюджаны на краіну. Ініцыятыва падтрымана кіраўніцтвам парламента і рэгіёна.

«Праект мае шмат мэт: ад павышэння кампетэнцый кіраўніка спартыўнага аб’екта да аказання паслуг насельніцтву і правядзення масавых мерапрыемстваў. Яго адтэрмінаваны сацыяльны эфект дазволіць праз спартыўных менеджараў, якія сёння павінны падстройвацца пад сучасныя інфраструктуру і выклікі, укараняць такія каштоўнасці, як спорт, фізічная культура, здаровы лад жыцця, што ў выніку паўплывае на здароўе нацыі», — расказвае аўтар.

Праект, разлічаны на год, прадугледжвае, што пасля яго заканчэння кожны з 30 удзельнікаў (а гэта кіраўнікі або намеснікі) прадставіць план стратэгічнага развіцця свайго аб’екта або рэалізацыі новых масавых мерапрыемстваў. «Ужо нарадзілася ідэя ўключэння інклюзіўных праграм у традыцыйныя спаборніцтвы. Прагучала прапанова аб новым фестывалі „Фітнес і здаровы лад жыцця“. Калі ўдасца гэта рэалізаваць, то першы рэгіён прырасце якаснымі мерапрыемствамі, — расказвае прадстаўнік Брэста ў парламенце. — Сёння асноўныя акцэнты нашага жыцця — якасць і эфектыўнасць. Нездарма Прэзідэнт падкрэслівае неабходнасць павышэння ролі кіраўнікоў ва ўсіх сферах».

Пра прафесіяналізм і аўтарытэт Вольгі Сцепусь у сферы спорту сведчыць і той факт, што нядаўна яна ўзначаліла Беларускую федэрацыю плавання. «Гэта дадатковая грамадская нагрузка, якая звязана з развіццём выдатнага віду, прыярытэтнага ў нашай краіне, і прадстаўленні яго на міжнароднай арэне», — каментуе дэпутат новыя абавязкі.

Развіццё на Брэстчыне спорту і фізічнай культуры — адзін з важных вектараў работы дэпутата ў акрузе. Не менш важны — работа з моладдзю. Сустрэч было шмат, але і тут парламентарый глабалізавала задачу, на гэты раз — разам з калегамі.

  • «Калі ў Палаце прадстаўнікоў быў створаны Маладзёжны савет, дэпутаты з Брэстчыны рэалізавалі яшчэ адзін праект, таксама рэгіянальны — „Партнёрства пакаленняў“. Ён інфармацыйна-асветніцкі, мае на ўвазе, што кожны квартал на базе прадпрыемстваў Брэстчыны праходзяць сустрэчы з удзелам як членаў Маладзёжнага савета, так і іх равеснікаў. Мэта — аб’яднаць маладых людзей і паказаць ім патэнцыял роднага рэгіёна. Першы этап адбыўся на РУП „Граніт“ у Мікашэвічах. Атрымаўся сапраўды дыялог пакаленняў, адкрытая размова плюс азнаямленне з дзейнасцю ўнікальнага прадпрыемства. Наперадзе — Баранавічы, Камянецкі раён, Брэст...» — расказала Вольга Сцепусь.

Трэці важны вектар дзейнасці дэпутата ў акрузе — работа са зваротамі грамадзян. І тут магчымасці парламентарыя ў многім залежаць ад узаемадзеяння з мясцовымі органамі ўлады. Супрацоўніцтвам з мясцовай вертыкаллю парламентарый задаволена. «Без іх падтрымкі ніякія задумы рэалізаваць не атрымаецца, — кажа яна. — Мы сістэматычна сустракаемся з мэрам Брэста, вызначаем парадак дня, праблемы, перспектывы і ініцыятывы».

Зваротаў грамадзян шмат. Сярод вырашаных — пераход праз чыгунку ў раёне станцыі «Брэст-Палескі». «Там з прычыны небяспекі быў закрыты пераход, але прапанаваны шлях праз пуцеправод для пенсіянераў, асабліва ў дачны сезон, аказаўся нязручны. Нам удалося знайсці больш прымальны варыянт, зрабіць пераход і бяспечным, і камфортным. Праблему ўдалося вырашыць, дзякуючы падтрымцы мэра, кіраўніка Маскоўскага раёна горада і кіраўніцтва рэгіянальнай чыгункі», — прывяла прыклад парламентарый.

Падсумоўваючы размову, Вольга Сцепусь падкрэслівае: «Мне вельмі важна, каб людзі бачылі ў дэпутаце палітыка з чалавечым тварам. Мы — прадстаўнікі ўлады і адначасова — тыя, хто гатовы дапамагчы, падтрымаць, пачуць кожнага. Здольныя асабістым прыкладам паказаць, што ўсе праблемы вырашальныя, проста некаторыя з іх патрабуюць больш часу і рэсурсаў».

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю