Top.Mail.Ru

У Чавускім лясгасе паказалі майстар-клас па ўтаймаванні ляснога пажару

Лес выдатны рэлакс, але летам, асабліва, калі вельмі доўга няма дажджоў, шпацыраваць там бывае небяспечна. Сёння, напрыклад, на тэрыторыі лясоў Магілёўшчыны дзейнічае трэці клас небяспекі. Гэта значыць, што прагулкі магчымы, але выключна пешыя, без выкарыстання машын і раскладання вогнішчаў. Наведванне лесу цалкам забароняць, калі будзе ўведзены чацвёрты ці яшчэ больш крытычны —5 клас небяспекі.


Як ахоўваюць лясы ад пажараў і што ёсць на ўзбраенні пажарных каманд, знаёміліся ў рамках прэс-тура Магілёўскага дзяржаўнага вытворчага лесагаспадарчага аб’яднання па пажарнай бяспецы на прыкладзе Чавускага лясгаса. 

Менавіта тут знаходзіцца адзіная ў вобласці ўзбуйненая ПХС (пажарна-хімічная станцыя), якая пераехала сюды з Бялыніцкага раёна. Як растлумачыў дырэктар Чавускага лясгаса Аляксандр Падабед, зроблена гэта ў мэтах бяспекі, паколькі адсюль бліжэй за ўсё да лясаў Краснапольскага, Чэрыкаўскага, Касцюковіцкага раёнаў, закранутых Чарнобылем. Ведамства зацікаўлена папярэджваць такія пажары і на яго ўзбраенні ёсць уся неабходная тэхніка і спецыяльная амуніцыя. 

На сённяшні дзень тэрыторыя Магілёўскай вобласці на 100 працэнтаў ахоплена сістэмай маніторынгу і ранняга выяўлення лясных пажараў «Лясны стрыж». Акрамя ўзбуйненай ПХС, дзейнічае яшчэ 29 ПХС другога і першага тыпаў, а таксама 102 пункты з наборам усяго неабходнага супрацьпажарнага інвентара. Абсталяванне ў леснікоў Магілёўскай вобласці сур’ёзнае — 64 пажарныя аўтамабілі, 4 усюдыходы, прычапныя механізмы. А яшчэ так званая лясная радыёсувязь, якая працуе на асаблівай частаце, са сваімі пазыўнымі.


У Чавускім лясгасе акрамя тэхнікі і спецрыштунка, ёсць палаткі, спальнікі, халадзільнае абсталяванне. Гэта на той выпадак, калі плошча ўзгарання складзе больш за 5 гектараў і барацьба з агнём зацягнецца. Сярод інвентара маюцца і тарфяныя ствалы для тушэння самых небяспечных — падземных пажараў. Зверху быццам усё нармальна, але калі дзейнічаць неасцярожна, можна праваліцца і апынуцца ў агністай ловушцы.

У наяўнасці ёсць і вогнетрывалая спецадзенне. «У гэтых касцюмах можна сябе камфортна адчуваць нават, калі градус стыхіі дасягне 300 градусаў», — удакладняе начальнік ПХС Уладзімір Саўчанка. 

— Пры ўзнікненні ўзгарання, паведамленне перадаецца галоўнаму ляснічаму вобласці, — кажа вядучы інжынер па ахове і абароне лесу Магілёўскага ДВЛГА Фёдар Яраслаўскі. — На месца адразу ж выязджае каманда ў складзе 5 чалавек — начальнік ПХС, кіроўца, работнікі. Калі пажар павялічваецца і нельга абысціся сваімі сіламі, запрашаюцца суседнія лясніцтва або лясгасы.

На базе Чавускага лясгаса дыслацыруецца пажарна-тэхнiчная станцыя 2 тыпу, дзе працуе 2 каманды па пажаратушэнні ў складзе 8 чалавек. Яны не пажарныя — звычайныя лесаводы, але валодаюць усімі неабходнымі навыкамі па ліквідацыі пажараў. Як толькі сістэма мініторынгу вызначае небяспечны ачаг, гучыць трывога і каманда спяшаецца на выезд.


— У гэтым годзе першае ўзгаранне было зафіксавана ў канцы сакавіка на тэрыторыі Бабруйскага раёна, — паведаміў начальнік аддзела Магілёўскага ДВЛГА Антон Бальшакоў. — За аналагічны перыяд гэтага года адбылося на 12 пажараў менш, чым летась.

Кульмінацыяй мерапрыемства стала імітацыя тушэння ляснога пажару. І хоць усё было не па сапраўднаму, адчувалася трывога. Асабліва, калі занепакоіліся птушкі. Пакуль каманда тушыла невялікія ачагі ўзгарання, над палянай кружылі два ўспалошаныя буслы. І толькі калі лесаводы збілі полымя, птушкі супакоіліся і з цікаўнасцю сталі вывучаць траншэі, спецыяльна зробленыя для лакалізацыі пажару.

—Узгаранне ў лесе гэта практычна заўсёды чалавечы фактар, — адзначыла намесніца генеральнага дырэктара Магілёўскага ДВЛГА Ірына Цысельская. — Як, зрэшты, і сцецце. Яго стала ў лясах менш, але ўсё яшчэ хапае. Многія лічаць, што паход у лес — гэта іх асабістае права, але пры гэтым забываюць свае абавязкі.

Лясгасы рэгулярна папярэджваюць насельніцтва наконт лясных пажараў, але, на жаль, парушальнікі здараюцца. Антон Бальшакоў удакладніў, што з 10 сакавіка — пачатку пажаранебяспечнага сезона — да адміністрацыйнай адказнасці ў Магілёўскай вобласці ўжо было прыцягнута 25 грамадзян.


Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю