Top.Mail.Ru

У чым асаблівасці сёлетняй прыёмнай кампаніі ў БДУ?

У БДУ зацверджаны план прыёму на 2025/2026 навучальны год. Для атрымання агульнай вышэйшай і спецыяльнай вышэйшай адукацыі дзённай бюджэтнай формы тут плануюць прыняць 2538 чалавек, на завочную бюджэтную — 112. На дзённую платную форму навучання заяўлена 1401 месца, а на завочную платную — 142.


Як і абяцалі ў Мінадукацыі, ніякіх значных навацый у цяперашнюю ўступную кампанію не будзе. Толькі карэкціроўкі. У БДУ, напрыклад, скарэкціраваны лічбы прыёму з тэндэнцыяй павелічэння колькасці бюджэтных месцаў, скарачэння завочнага і платнага навучання. Акрамя таго, з гэтага года павялічаны набор на педагагічныя спецыяльнасці прыродазнаўчанавуковых факультэтаў, а таксама выпускнікам інжынерных класаў дадзена магчымасць паступаць па сумоўі на дзве спецыяльнасці — «Фізіка» фізічнага факультэта і «Хімія» хімічнага факультэта.

Стаўка — на навукова-педагагічныя кадры

Як адзначыў рэктар БДУ Андрэй Кароль, у ВНУ вялікі патэнцыял у падрыхтоўцы навукова-педагагічных кадраў. Таму заканамерным стаў той факт, што набор на педагагічныя спецыяльнасці сёлета быў павялічаны.

— Калі ў 2024 годзе на спецыяльнасць «Матэматыка» набіралі 20 чалавек, то сёлета план прыёму — 50, — кажа кіраўнік БДУ. — Падобная сітуацыя назіраецца і на спецыяльнасць «Фізіка»: у 2024 годзе —10 месцаў, у цяперашнім — 50. Больш чым удвая вырасла колькасць месцаў і на спецыяльнасць «Хімія (навукова-педагагічная дзейнасць)»: 30 сёлета супраць 14 у 2024 годзе.

Па словах рэктара, універсітэцкія дацэнты і прафесары маюць унікальныя аўтарскія методыкі работы са школьнікамі.

— Падрыхтаваныя намі настаўнікі пазіцыянуюцца як спецыялісты, якія ўмеюць працаваць менавіта з таленавітымі і адоранымі дзецьмі, — працягвае тэму прарэктар па вучэбнай рабоце і інтэрнацыяналізацыі адукацыі Віктар Кочын. — Наша задача — падрыхтаваць спецыялістаў, якія сапраўды будуць развіваць патэнцыял, закладзены прыродай у юных грамадзянах, каб моладзь праслаўляла нашу краіну на міжнароднай арэне і дабівалася поспехаў.

З міждысцыплінарным кампанентам

Сёлета ў БДУ адкрыюцца чатыры новыя спецыяльнасці. Важная агаворка — з міждысцыплінарным кампанентам.

— Гэтага прынцыпу мы прытрымліваемся апошнія сем гадоў і бачым у ім вялікія магчымасці для падрыхтоўкі высокапрафесійных спецыялістаў з глыбокім светапоглядам, — тлумачыць Андрэй Кароль. — Бо місія сучаснага ўніверсітэта заключаецца ў базіснай трыядзе, дзе нароўні з навукай і выкладаннем ідзе культурнае выхаванне моладзі.

Гаворка, па словах кіраўніка ВНУ, ідзе аб фарміраванні ў студэнтаў кругагляду, светапогляду, павагі да традыцый і каштоўнасцяў сваёй краіны і грамадства.

— У гэтым пытанні вельмі важныя намаганні па аб’яднанні міждысцыплінарных даследаванняў, навучальных праграм для таго, каб, арыентуючыся на фундаментальнасць падрыхтоўкі, мы імкнуліся да станаўлення студэнтаў як грамадзян — патрыётаў сваёй краіны. А сёння дасягнуць гэтай мэты немагчыма без філалогіі, гісторыі, філасофіі і іншых навук, — перакананы рэктар.

Усе новыя спецыяльнасці пацвярджаюць тэзісы кіраўніка ўніверсітэта: напрыклад, «Міжнародная эканоміка і гандаль (з паглыбленым вывучэннем кітайскай мовы)» з’явілася як вынік супрацоўніцтва эканамічнага факультэта БДУ і Рэспубліканскага інстытута кітаязнаўства імя Канфуцыя. 

Абітурыентаў, якія жадаюць вывучаць «Інтэлектуальную электроніку», прыме факультэт радыёфізікі і камп’ютарных тэхналогій. На факультэце сацыякультурных камунікацый будуць вывучаць «Камп’ютарнае мадэляванне і распрацоўку вэб-праграм», а факультэт міжнародных адносін пачне рыхтаваць спецыялістаў па «Афрыканістыцы».

Фота дадзена БДУ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю