Top.Mail.Ru

У Дзень ведаў за школьныя парты сядуць 90 тысяч першакласнікаў

Што трэба ведаць бацькам першакласнікаў у пачатку навучальнага года? Акрамя таго што дзіця павінна быць апранутым-абутым, забяспечаным канцтаварамі, падручнікамі і перададзеным з рук у рукі педкалектыву школы? Усё значна глыбей і больш сур’ёзна.


— Мы разумеем бацькоў, якія, аддаючы самае дарагое, што ёсць у іх у жыцці — сваё дзіця, па сутнасці, чужым людзям, разам з ім робяць чарговы крок у яго будучыню, — кажа педагог з вялікім стажам, начальнік аддзела пачатковай адукацыі ДУА «Мінскі гарадскі інстытут развіцця адукацыі» Вольга НАЗАРАНКА і дае наказ бацькам: — Першае і самае важнае — даверце сваё дзіця настаўніку. У нас усе педагогі, якія прыходзяць у першы клас да сваіх вучняў, сапраўды высокакваліфікаваныя прафесіяналы, тыя, хто любіць сваю працу і дзяцей. І для педагогаў, і, вядома, для навучэнцаў створаны ўсе неабходныя ўмовы. А вы — цікаўцеся не адзнакамі, а тым, якім быў дзень вашага дзіцяці ў школе, кантактуйце з ім, райцеся з настаўнікамі, станьце іх памочнікамі. Мы чакаем вас і ўжо вельмі любім.

1 верасня адчыняць дзверы больш за 2600 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, за парты сядзе каля 1 мільёна 50 тысяч навучэнцаў. Да пачатку навучальнага года адкрыецца 7 новых устаноў адукацыі.

— Завяршаецца падпісанне пашпартоў гатоўнасці, — расказвае намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення Мінадукацыі Ірына КАРЖОВА. — Кропку ў гэтай рабоце ў адпаведнасці з пастановай урада мы павінны паставіць 20 жніўня.

2. 045A0598.jpg

3. 045A0443.jpg

4. 045A0558.JPG

Гаворачы аб новаўвядзеннях у сістэме, якія запрацуюць з 1 верасня, прадстаўнік адукацыйнага ведамства асобна спынілася на знешнім выглядзе сучаснага школьніка.

— Рэкамендацыі па знаходжанні на занятках у адзенні дзелавога стылю даваліся кіраўнікам устаноў адукацыі на працягу многіх гадоў, — успамінае Ірына Каржова. — Але гэта былі толькі рэкамендацыі, таму пытанні: а можна я на матэматыцы буду ў спартыўнай форме і гэтак далей, узнікалі даволі часта. Змены, прапісаныя ў Кодэксе аб адукацыі, і ў гэтым пытанні паставілі кропку — стыль адзіны, дзелавы.

Міністэрства адукацыі і канцэрн «Беллегпрам» даўно і паспяхова працуюць над тым, каб задаволіць усе запыты вучняў, іх бацькоў і педагогаў у частцы школьнага адзення. На партале Міністэрства адукацыі размяшчаюцца каталогі адзення дзелавога стылю, дзе ёсць шмат прапаноў па вопратцы. Сёння кожнае дзіця, зрабіўшы свой выбар, можа стварыць індывідуальны лук, але, вядома, з улікам тых патрабаванняў, якія замацаваны кіраўніком канкрэтнай установы адукацыі.

  • 1 верасня адчыняць дзверы больш за 2600 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, за парты сядзе каля 1 мільёна 50 тысяч навучэнцаў. Да пачатку навучальнага года адкрыецца 7 новых устаноў адукацыі.

Па словах начальніка ўпраўлення каардынацыі развіцця трыкатажнай і швейнай галін канцэрна «Беллегпрам» Анастасіі КУЦІШЧАВАЙ, да новага навучальнага года запланавана пашыць адзін мільён дзвесце тысяч вырабаў верхняга асартыменту і парадку больш за 300 тысяч — абутку.

— Ужо выраблена і пастаўлена ў гандлёвыя кропкі Беларусі больш за 80 % ад запланаваных аб'ёмаў, — знаёміць з сітуацыяй спецыяліст канцэрна.

Адзенне, абутак і аксэсуары для школьнікаў пастаўляюць не толькі ў фірмовую сетку — іх атрымліваюць і аб'екты спажыўкааперацыі, індывідуальныя прадпрымальнікі, дробны і сярэдні бізнес.

5. 045A0653.jpg

6. 045A0394 (1).jpg

— Калекцыя дзелавога адзення выканана ў лаканічным элегантным стылі, —працягнула начальнік упраўлення канцэрна. — Але мы ведаем, што пакупнік галасуе рублём, і прымусіць дзіця апрануць класічную, але не модную вопратку складана. Таму, улічваючы гэтыя патрабаванні, спрабуем сумясціць з аднаго боку дзелавы стыль, з другога — уключыць туды тэндэнцыі і трэнды бягучай моды.

У якасці прыкладу яна прывяла штаны палаца для дзяўчынак, блузкі ў стылі аверсайз. Хітом продажаў застаюцца трыкатажныя камізэлькі, якія спалучаюць у сабе аптымальныя цану і якасць і найбольш запатрабаваныя сярод навучэнцаў школ. У гэтым годзе асаблівай папулярнасцю таксама карыстаюцца сарафаны для дзяўчынак малодшай школьнай групы. Па—першае, яны дазваляюць замяніць адразу два вырабы — камізэльку і спадніцу, па-другое, яны зручныя і прасторныя — а гэта для маленькіх гарэзаў вельмі важна.

— Тэндэнцыя ў тыпалогіі дзяцей вядзе ў бок нестандартных фігур, з павялічанымі абхватамі таліі, — дзеліцца Анастасія Куцішчава. — Улічваючы гэта, стараемся вырабляць поясавыя вырабы з рэгуліроўкай па лініі таліі. Гэта альбо гумка, альбо нейкія дадатковыя элементы. Ну, а калі 

фігура зусім нестандартная, то можна ў індывідуальным парадку звярнуцца ў фірмовую сетку прадпрыемстваў-вытворцаў і пакінуць заяўку на выраб абранай мадэлі.

7. 045A0717.jpg

8. 045A0420.jpg

9. 045A0777.jpg

10. 045A0464.jpg

Што датычыцца кошту, то, як сцвярджае прадстаўнік «Беллегпрама», прадпрыемствы—вытворцы пры вырабе школьнага асартыменту імкнуцца стрымліваць яго на ўзроўні мінулага года. Тым не менш, рост кошту на школьную вопратку ў гэтым годзе фіксуецца прыкладна на 5-10 %.

— Гэта звязана з павелічэннем матэрыяльных выдаткаў, — тлумачыць яна. — Так, камплект для хлопчыка, старэйшага школьніка, можна набыць у фірмовай сетцы за 200 рублёў, туды ўваходзіць пінжак, штаны і кашуля. Для дзяўчынкі гэта цана будзе таксама парытэтная. Але, зноў жа, усё залежыць ад вытворцаў і шкалы памераў. Ёсць фірмы, у якіх дзяўчынку можна апрануць крыху даражэй, таму што там ёсць пэўныя кірункі, больш модныя, і тканіны выкарыстоўваюцца больш дарагія. Гаворачы пра кошты на скургалантарэйныя вырабы, то цана на іх вар'іруецца ад 70 да 170 рублёў. Абутак можна набыць ад 40 да 200 рублёў.

Алена ВІНАГРАДАВА

Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю