Тэма добраўпарадкавання стала галоўнай на нядаўнім пашыраным пасяджэнні Прэзідыума Савета Рэспублікі. На ім абмяркоўвалася роля дэпутацкага корпуса ў рэалізацыі задач, пастаўленых кіраўніком дзяржавы, па навядзенні парадку на зямлі і ўладкаванні тэрыторый. Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава адзначыла: «Асаблівую ўвагу дэпутацкаму корпусу трэба ўдзяліць мясцовым ініцыятывам па добраўпарадкаванні. Уцягванне грамадзян у гэты працэс — адна з найважнейшых задач мясцовых Саветаў. Неабходна падтрымліваць і заахвочваць грамадзянскія ініцыятывы, ствараць умовы для актыўнага ўдзелу насельніцтва ў навядзенні парадку як на асобна ўзятых прыдамавых тэрыторыях, так і ў цэлым у сёлах, гарадах, раёнах». Карэспандэнты «МС» пацікавіліся на месцах, якія грамадзянскія ініцыятывы мяркуецца рэалізаваць у Год добраўпарадкавання.
Міншчына: «Дрэва жаданняў» і «Алімпійская паляна»
Мінскім абласным Саветам дэпутатаў быў аб’яўлены адбор грамадзянскіх ініцыятыў, накіраваных на добраўпарадкаванне населеных пунктаў. Усяго на разгляд паступіла больш чым 30 праектаў.
Найлепшыя атрымаюць фінансавую падтрымку на рэалізацыю са сродкаў рэспубліканскага і мясцовага бюджэтаў. Аднак і сам ініцыятар праекта павінен забяспечыць суфінансаванне — не менш за 10 % ад запытанай сумы, адзначыла член Савета Рэспублікі, старшыня Мінскага абласнога Савета дэпутатаў Наталля Якубіцкая: «Такія праекты дазваляюць рэалізаваць ідэі, якія прапаноўваюць нашы грамадзяне. Яны звязаны з навядзеннем парадку на зямлі, з добраўпарадкаваннем, з фарміраваннем эстэтыкі населеных пунктаў. Пасля рэалізацыі яны становяцца месцам прыцягнення людзей. Гэта спартыўныя і дзіцячыя пляцоўкі, паркі, скверы, патрыятычныя праекты, якія дазваляюць захаваць памяць аб тых земляках, што ў свой час адстаялі Вялікую Перамогу».
Старшыня Халопеніцкага сельвыканкама Лідзія Бачышава прадставіла ініцыятыву па добраўпарадкаванні парку ў гарадскім пасёлку Халопенічы Крупскага раёна.
У рамках ініцыятывы плануецца мадэрнізацыя існуючай сцэны-амфітэатра, устаноўка новых гульнявых комплексаў для дзяцей, стварэнне зоны для варкаўту, а таксама арганізацыя ўваходнай зоны з архітэктурнымі формамі. «Мы разумеем, што сёння парк — не новая ідэя, але ён мае багатую гісторыю. Мясцовыя жыхары гатовыя ўдзельнічаць у суфінансаванні праекта, праяўляючы сваю грамадзянскую пазіцыю. Мы імкнёмся зрабіць нашу малую радзіму яшчэ прыгажэйшай і лепшай», — падкрэсліла Лідзія Бачышчава.
У вёсцы Маркаўшчына Лагойскага раёна развіваецца ўнікальны праект грамадзянскіх ініцыятыў — спартыўная пляцоўка «Алімпійская паляна». Прадстаўляючы ініцыятыву, жыхарка вёскі Маркаўшчына
Паліна Каўрыжных падкрэсліла, што праект ужо атрымаў значнае развіццё дзякуючы сумесным намаганням мясцовых жыхароў і ўлад.
У перспектыве праект плануецца развіваць: трэба будзе ўладкаваць агароджы спартыўных зон, устанавіць інфармацыйныя шчыты для бяспекі. Па словах Паліны Каўрыжных, важнасць гэтай работы пацвярджаецца ўжо праведзенымі на пляцоўцы мерапрыемствамі — валейбольнымі турнірамі, дабрачыннымі каляднымі святамі і актыўнасцямі для дзяцей.
У аграгарадку Беразінскае Маладзечанскага раёна плануюць добраўпарадкаваць батанічны помнік прыроды — Бярэзінскі парк. У яго добраўпарадкаванне і гатовыя ўкладвацца мясцовыя. Праект пад назвай «Бярэзінскі парк: прыгажосць прыроды, спадчына гісторыі і будучыня» прадставіла старшыня Маладзечанскага раённага Савета дэпутатаў Людміла Канановіч: «У рамках праекта плануецца стварэнне сямі новых лакацый: дзіцячай і спартыўнай пляцовак, валейбольнага корта, а таксама канцэртнай зоны з драўлянай ратондай. Адной з арыгінальных задумак стане „Дрэва жаданняў“, дзе маладажоны змогуць пакідаць памятныя стужкі. Для старэйшага пакалення арганізуюць сцежку здароўя, якая пасадзейнічае актыўнаму даўгалеццю». Інфармацыйнае напаўненне парку таксама атрымае развіццё. Па словах старшыні райсавета, уздоўж алеі ўстановяць банеры з QR-кодамі, якія вядуць да звестак аб славутасцях, гісторыі сельсавета і вядомых земляках.
Магілёўшчына: «Кветкі Перамогі» і «Плошча Герояў»
Палыкавіцкая крыніца — адна з найпрыгажэйшых мясцін Магілёўскай вобласці. Гэта помнік прыроды рэспубліканскага значэння з цікавай старадаўняй гісторыяй. Побач з ёй храм у гонар Святой Параскевы Пятніцы, а вакол — цудоўны парк з пешаходнымі сцяжынкамі і зонамі адпачынку. Апошнім часам прыгажосць вакол храма стала, мякка кажучы, страчваць былы лоск. І насельніцтва на чале з дэпутатамі вырашылі зрабіць у Год добраўпарадкавання гэты аб’ект месцам прыкладання сваіх сіл, каб надаць яму годнае аблічча.
— Наспела неабходнасць навесці ў гэтым сакральным месцы парадак, — адзначае старшыня Магілёўскага райсавета Сяргей Ярошчанка. — Калі храм выглядае цудоўна, то паркавую зону, падыходы да крыніцы надышоў час асвяжыць. Як заўсёды, параіліся з насельніцтвам. Правялі некалькі сходаў у Палыкавіцкім сельсавеце, людзі адназначна выказаліся за абнаўленне. Яны ўжо ведаюць, што грошы можна прыцягнуць і сваёй ініцыятывай.
Падлічылі, што спатрэбіцца 30 тысяч рублёў. Жыхары сабралі тры тысячы рублёў і выказалі гатоўнасць прыйсці на суботнікі, якія тут плануюцца правесці не адзін.
Ініцыятыва прайшла конкурсны адбор і перамагла. Яна стала адной з дзевяці, што атрымалі грашовую дапамогу ад Асацыяцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў. Усяго на яе прэтэндавала 33 ініцыятывы.
Сярод іншых праектаў, якія ацаніла журы, краснапольскі — «Іх імёнамі названы вуліцы Краснапольшчыны», чавускі — «Рух — гэта жыццё», накіраваны на добраўпарадкаванне парку адпачынку па вуліцы 60 гадоў СССР, шклоўскі праект «Кветкі перамогі», слаўгарадскі — «Сувязь часоў і пакаленняў», бялыніцкі (вёска Вослеўка) — «Памяць захоўваюць жывыя», хоцімскі (аграгарадок Забялышын) — спартыўны праект «Даступны спорт», бабруйская ініцыятыва па рамонце помніка ў гонар воінскіх часцей і злучэнняў, якія праславіліся пры вызваленні горада, па вуліцы Сацыялістычнай, рамонт і добраўпарадкаванне памятнага аб’екта «Плошча Герояў» у Быхаве.
— Сімвалічна, што значная частка праектаў закранула тэму ўвекавечання памяці воінаў-вызваленцаў і ахвяр Вялікай Айчыннай вайны, — ахарактарызавала ініцыятывы-пераможцы дырэктар Магілёўскай абласной асацыяцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў Паліна Церашкова. — Гэты год адзначаны 80-й гадавінай Вялікай Перамогі і аб’яўлены Годам добраўпарадкавання. І жаданне жыхароў рэалізаваць праекты менавіта такога кірунку сведчыць аб іх актыўнай пазіцыі, неабыякавасці і патрыятычнасці. Знамянальна таксама, што шэраг ініцыятыў накіраваны на ўмацаванне здароўя і здаровага ладу жыцця.
Сёлета на падтрымку грамадзянскіх ініцыятыў будзе накіравана 400 тысяч рублёў. Памер дапамогі залежыць ад агульнай сумы, якая заяўлена ў праекце.
— Гэта вельмі добры механізм у рэалізацыі грамадзянскіх ініцыятыў, — лічыць старшыня Чавускага райсавета Анатоль Мацюлін. — Адчуванне, што ты датычны да чагосьці вельмі важнага і патрэбнага, акрыляе і прымушае яшчэ больш старанна працаваць на карысць малой радзімы. А прысутнасць такой колькасці аднадумцаў згуртоўвае і аб’ядноўвае. Нядаўна адкрылі спартыўную пляцоўку ў аграгарадку Гарбавічы, якую пабудавалі з прыцягненнем сродкаў ад асацыяцыі. Жыхары прыйшлі з настроем, радаваліся святу. Сёлета мы падавалі чатыры праекты, але перамог адзін. Парк, які мы плануем разам з насельніцтвам добраўпарадкаваць, калісьці быў адным з найлепшых куточкаў горада. Адрамантуем сцяжынкі, памяняем ліхтары, лаўкі, зробім зону для прагулак. Добра, што сёння на падтрымку грамадскіх ініцыятыў мы атрымліваем грошы са свайго бюджэту. Людзі разумеюць, што дзяржава таксама клапоціцца пра іх.
Мінск: усё найлепшае — дзецям
У Мінску на конкурс грамадзянскіх ініцыятыў было пададзена каля 50 праектаў. У выніку пераможцамі вызначаны 14 з іх.
Па словах старшыні Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў Арцёма Цурана, практычна ўсе з ініцыятыў датычацца мадэрнізацыі або абнаўлення дзіцячых пляцовак:
— Усе праекты ўяўляюць сабой прапановы ад насельніцтва па стварэнні дадатковых умоў для дзяцей на дваровых тэрыторыях. Акрамя таго, сярод пераможцаў ёсць ініцыятыва па рэканструкцыі мемарыяльнага знака ў гонар 75-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне ў Партызанскім раёне, — адзначыў старшыня Мінгарсавета.
Два з чатырнаццаці праектаў былі прапанаваны Маскоўскім раёнам — устаноўка дзіцячага гульнявога комплексу на прыдамавой тэрыторыі на праспекце газеты «Звязда» і ўстаноўка дзіцячага і спартыўнага абсталявання на прыдамавой тэрыторыі на праспекце Дзяржынскага. Плануецца, што да першага верасня яны будуць рэалізаваны.
Першы намеснік кіраўніка адміністрацыі Маскоўскага раёна Сяргей Рубанаў адзначыў вялікую актыўнасць з боку насельніцтва адносна прапанаваных праектаў. Варта падкрэсліць, што ад агульнага кошту грамадзянскай ініцыятывы не менш за 10 % — долевы ўдзел насельніцтва, усё астатняе кампенсуе і падтрымлівае дзяржаўны бюджэт. Дамоўленасць з насельніцтвам, паводле слоў Сяргея Віктаравіча, ёсць: людзі гатовыя зрабіць унёсак не толькі матэрыяльна, але і выйсці на суботнікі, каб прывесці тэрыторыі ў парадак.
— Будуць удасканалены спартыўныя пляцоўкі, дзіцячыя гульнявыя комплексы. Установім спартыўнае абсталяванне, баскетбольную пляцоўку, месцы для велагаражоў. Агульнымі сіламі з жыхарамі навядзём парадак у дварах. Актыўна будзем прыцягваць моладзь — БРСМ, які таксама выказаў жаданне ўзяць удзел у развіцці гэтых тэрыторый.
Спецыяліст, які курыруе работу Мірашнічэнкаўскага акруговага савета ТГС № 49 Мінска, Анжаліка Пузанкова паведаміла, што з насельніцтвам за гэты час была праведзена вялікая работа:
— Нам неабходна было знайсці ініцыятыўных грамадзян, якія гатовыя паўдзельнічаць у добраўпарадкаванні горада, сумеснымі намаганнямі зрабіць яго камфортней. І важна было знайсці тых, хто гатовы ўкласціся ў тым ліку і фінансава, бо па рэгламенце грамадзяне абавязаны ўнесці не менш за 10 % ад кошту. Мы таксама дапамагалі са зборам неабходных для конкурсу дакументаў. Наша задача цяпер — каб грошы былі пералічаны на рахунак для рэалізацыі задуманага. Людзі хочуць, каб у дварах было прыгожа, добраўпарадкавана і зручна. У нашым раёне шмат жылых дамоў, жыхары якіх маюць патрэбу ў сучасных дзіцячых пляцоўках. Увага ўдзяляецца ў тым ліку і азеляненню дваровых тэрыторый. 2025-ы аб’яўлены Годам добраўпарадкавання, таму мы будзем ініцыіраваць, напрыклад, правядзенне суботнікаў, — рэзюмавала яна.