Top.Mail.Ru

У каледжах Беларусі пачаўся прыём дакументаў

На двух узроўнях

Сёлета на ўзроўні прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі прымуць на навучанне больш за 68 тысяч чалавек. Дэталі нам паведамілі ў Міністэрстве адукацыі.

Мэтавікі, завочнікі, вячэрнікі

На бюджэтныя месцы на ўзровень прафесійна-тэхнічнай адукацыі (менавіта на яго ўжо і пачаўся прыём дакументаў) плануецца залічыць каля 29 тысяч чалавек. З агульнай колькасці абітурыентаў на дзённай форме будуць навучацца каля 28,1 тысячы юнакоў і дзяўчат.

У Мінадукацыі таксама праінфармавалі, што пераважная колькасць тых, хто паступае, — выпускнікі 9-х класаў, іх каля 23,4 тысячы чалавек. Да паступлення ў каледжы рыхтуюцца і 4,4 тысячы адзінаццацікласнікаў. Для падлеткаў са спецыяльнай адукацыяй прадугледжана 414 месцаў.

У працэс атрымання прафесійна-тэхнічнай адукацыі таксама ўключацца 5,4 тысячы мэтавікоў.

На вячэрнюю форму навучання плануецца прыняць каля 700 чалавек, на завочную — 185.

Пакет — стандартны

У Міністэрстве адукацыі нагадалі, што пры сабе павінен мець абітурыент, адпраўляючыся ў прыёмную камісію. У спісе — заява на імя дырэктара каледжа, арыгінал дакумента аб адукацыі, фатаграфіі, медыцынская даведка аб стане здароўя, дакументы, якія пацвярджаюць права на льготы пры прыёме на навучанне, а таксама дакумент, які засведчвае асобу. Прыёмная камісія будзе працаваць да 23 жніўня.

Падрыхтавацца наступным

Па інфармацыі Мінадукацыі, план прыёму ў каледжы для атрымання сярэдняй спецыяльнай адукацыі складае каля 38,9 тысячы чалавек, у тым ліку за кошт сродкаў бюджэту — каля 31,4 тысячы, на платнай аснове — каля 7,5 тысячы.

Для атрымання адукацыі ў дзённай форме за кошт сродкаў бюджэту каледжы прымуць каля 30 тысяч чалавек, у тым ліку на аснове агульнай базавай адукацыі — 22,3 тысячы, на аснове агульнай сярэдняй і прафесійна-тэхнічнай адукацыі — 7,78 тысячы.

На ўзровень сярэдняй спецыяльнай адукацыі каледжы будуць прымаць дакументы ў выпускнікоў 9-х класаў на бюджэтныя месцы з 18 ліпеня па 3 жніўня, на платныя — з 18 ліпеня да 10 жніўня. Залічэнне на бюджэт будзе праходзіць да 6 жніўня.

Прыём дакументаў у тых, хто паступае на спецыяльнасці, па якіх праводзяцца ўступныя іспыты, пройдзе 18 — 23 ліпеня. Экзамены правядуць з 24 да 29 ліпеня. Гэту катэгорыю абітурыентаў залічаць на бюджэт па 31 ліпеня.

На спецыяльнасці па кірунках «сельская гаспадарка» і «ветэрынарыя» дакументы на бюджэт трэба падаць з 18 ліпеня да 6 жніўня, на платныя месцы — з 18 ліпеня да 10 жніўня. У гэтым выпадку залічэнне на бюджэт запланавана правесці да 8 жніўня, на платнае навучэнне па ўсіх спецыяльнасцях — да 12 жніўня.

Алена ВІНАГРАДАВА

Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю