Top.Mail.Ru

У Крычаве моладзь Беларусі і Расіі абмянялася інфармацыяй пра добрыя справы на карысць Радзімы

Ідэі міжнароднага маштабу

Маладзёжны міжрэгіянальны форум «Што ты зрабіў для Радзімы», які чатыры гады таму нарадзіўся ў Мсціславе, гэтым разам пабываў у Крычаве. Прыехалі юнакі і дзяўчаты з дзесяці раёнаў Магілёўскай вобласці і пяці — Смаленскай. Як заўсёды, было пазнавальна, эмацыянальна і змястоўна.

Крычаў — горад патрыятычны, тут шмат месцаў, звязаных з воінскай славай. Некалькі новых з’явілася ў апошнія гады дзякуючы актыўнай дзейнасці Маладзёжнага савета пры Крычаўскім райсавеце. Дастаткова ўспомніць «Гераічны летапіс Крычаўшчыны», які быў прызнаны адным з найлепшых на рэспубліканскім узроўні праектаў і прафінансаваны. На прэмію крычаўская моладзь зрабіла перасоўную выставу, дзе можна па фота і дакументах прасачыць, як змагаўся раён у гады ліхалецця. Сёлета крычаўскія актывісты зрабілі яшчэ адну выставу да 80-годдзя з Дня Перамогі — «Героі Вялікай Перамогі» аб сваіх земляках — Героях Савецкага Саюза. Іх на Крычаўшчыне тры і яшчэ адзін кавалер ордэна Славы трох ступеняў

Мерапрыемства пачалося з ускладання кветак да мемарыяла ў парку Перамогі. Потым асноўнай пляцоўкай форуму стала СШ № 8, дзе моладзь абменьвалася вопытам. У фае ўстановы размясцілася выстава праектаў і ініцыятыў. Пра іх і не толькі ішла размова падчас абмеркавання тых спраў, якімі ганарацца маладыя людзі. Прысутных было так шмат, што ў актавай зале ўстановы не было вольных месцаў. Тэмы агучваліся самыя

розныя: і культурнага, і спартыўнага, і патрыятычнага, і экалагічнага кірункаў. Расіяне дзяліліся напрацоўкамі па валанцёрскай і пошукавай дзейнасці. Навучэнцы крычаўскай СШ № 8 расказвалі пра свае найбольш папулярныя праекты. Яны неаднаразова станавіліся прызёрамі рэспубліканскага конкурсу «100 ідэй для Беларусі». Аднойчы скарылі яго журы рэцэптам варэння з... бульбы. Вось чым сапраўды можна здзівіць і прывабіць іншаземнага турыста.

А вось крычаўская СШ № 5 цесна супрацоўнічае з расійскімі школьнікамі, разам яны распрацоўваюць сумесныя праекты, запрашаюць адзін аднаго на свае мерапрыемствы, сумесна ўдзельнічаюць у пошукавай дзейнасці.

— Форум — гэта цікавы фармат абмену вопытам, магчымасць падгледзець нешта ў сяброў, а потым прымяніць у сябе, — кажа старшыня Маладзёжнага савета пры Крычаўскім райсавеце, дырэктар Крычаўскага гістарычнага музея Уладзімір Мішчанка. — Гэтым разам мы падпісалі некалькі пагадненняў аб доўгатэрміновым супрацоўніцтве з трыма расійскімі раёнамі — Шумяцкім, Пачынкаўскім, Хіславіцкім. Збіраемся больш цесна ўзаемадзейнічаць па ўсіх кірунках, абменьвацца дэлегацыямі, рэалізоўваць сумесныя праекты, праводзіць відэаканферэнцыі з нагоды памятных дат. Мы такім чынам ужо працуем з Рослаўлем, і эфект відавочны. Апошні раз яны да нас прыязджалі на Дзень яднання Беларусі і Расіі. Нам цікава, як нашы расійскія калегі рэалізоўваюць краязнаўчыя праекты, як яны алічбоўваюць лісты і ўспаміны франтавікоў, робяць аўдыяагучванне. Такія прыёмы дапамагаюць больш эмацыянальна ўздзейнічаць на гледача

Расійскія рупліўцы па-добраму зайздросцілі беларускім сябрам, што ў іх ёсць такі форум. Вельмі зручная і эфектыўная форма праслаўляць Радзіму агульнымі справамі ды яшчэ пры падтрымцы больш вопытных дарослых калег, дэпутатаў, грамадскасці.

— Форум пашыраецца, і гэта радуе, — адзначыла старшыня Крычаўскага райсавета Ірына Пруднікава. — Шмат гучала ідэй па патрыятызме і навядзенні парадку на памятных месцах, па ўвекавечанні памяці. Вельмі важна, што моладзь сама прапаноўвае свае ідэі і знаходзіць спосабы іх рэалізаваць. Ад аднаго раёна вельмі часта прапаноўваўся не адзін, а некалькі праектаў. У маладых шмат нестандартных цікавых думак. Каштоўна тое, што моладзь прагаворвае ўслых тое, што яе турбуе. І гэта адгукаецца ў сэрцах аднагодкаў. Форум стаў добрай магчымасцю прэзентаваць зробленае на вялікую аўдыторыю. І кожны праект меў сваю разыначку. Удзельнікі атрымалі вялікі зарад энергіі, і ім цяпер ёсць над чым працаваць цэлы год, каб налета зноў знайсці, чым нас здзіўляць і натхняць.

Наступны год будзе юбілейным для форуму — пяты па ліку. І месцам яго правядзення стане Магілёў. Арганізатары збіраюцца яшчэ больш пашырыць геаграфію форуму, бо цікавасць да такой формы стасункаў вялікая з абодвух бакоў.

Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю