Top.Mail.Ru

У Магілёве вызначыліся шчасліўчыкі, у якіх ёсць шанц атрымаць пуцёўку на «Славянскі базар»

Магілёў стаў першым горадам, дзе адбыўся нацыянальны адбор да міжнародных конкурсаў фестывалю «Славянскі базар» — XXXV Міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні «Віцебск» і XXIV Міжнароднага дзіцячага музычнага конкурсу «Віцебск». Касцінг праходзіў у сценах Палаца культуры вобласці. У склад журы ўвайшлі аўтарытэтныя эксперты пад старшынствам загадчыцы музычнага аддзялення Магілёўскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў Алены Трутневай. У адборачным туры ўзялі ўдзел 29 дзяцей і 14 дарослых.



Усе ўдзельнікі матываваныя, сур’ёзна мараць пра музычную кар’еру і нідзе больш сябе не бачаць акрамя як на сцэне. Дзесяцігадовая магіляўчанка Аляксандра Савоцкая «запальвала» на сцэне з беларускай і іспанскай песняй.

— Вельмі цудоўны конкурс, мару стаць вядомай выканаўцай, — прызналася яна. 

З такімі ж спадзяваннямі прыйшлі на адбор і дарослыя выканаўцы, якія спаборнічалі ў гэты ж дзень. 

— Шчыра кажучы, мяне ўразілі многія адкрыцці, таму што прагучала шмат новых кампазіцый, была заяўлена вялікая колькасць музычных школ, — падзялілася меркаваннем наконт удзельнікаў дзіцячага адбору загадчыца аддзела міжнароднага супрацоўніцтва дзяржаўнай установы «Цэнтр культуры «Віцебск» дырэкцыі Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар» у Віцебску Святлана Аўдзеева. — Хачу шчыра падзякаваць, і педагогам, і бацькам, і тым камандам, якія рыхтавалі рабят, якія рызыкнулі і адважыліся заявіць пра сябе. 

Суразмоўніца адзначыла і слабыя бакі некаторых кандыдатаў. Яе крыху расчаравала, што не ўсе дзеці змаглі напець беларускія народныя песні, адзінкі ведалі аўтараў тых твораў, якія яны выконвалі. 

— Хацелася б, каб было поўнае паглыбленне ў той музычны матэрыял, які выкарыстоўваецца, — паведаміла яна. — Гэта вельмі важна, бо сведчыць аб тым, як ты арганічна ўзаемадзейнічаеш з тым, што выконваеш, як разумееш, пра што спяваеш. Вельмі важна для артыста, каб яму паверылі як выканаўцу. Таму шчыра хачу пажадаць, каб на гэта звярнулі ўвагу ў іншых рэгіёнах, дзе пройдуць адборы. 

Ад выканаўцаў патрабуецца не толькі валодаць сваім голасам, дыяпазонам, рознымі стылістычнымі прыёмамі, але і разумець тое, што яму прыйдзецца ўтрымліваць увагу вялікай аўдыторыі, спаборнічаць з рознымі школамі розных краін свету.

— Безумоўна, сцены дапамагаюць, але гэта вельмі хвалююча, вельмі адказна і вельмі ганарова прадстаўляць на сцэне «Славянскага базару» сваю краіну, — кажа Святлана Аўдзеева. — У прынцыпе для таго гэтыя адборы, або, як я іх яшчэ называю, музычныя жорны і прыдуманы. Ні ў адной краіне свету так старанна адбор не праходзіць. Мы шукаем самага яркага, стрэсаўстойлівага, харызматычнага, нават дзёрзкага, вось такога класнага вакаліста. 

Старшыню журы, загадчыцу музычнага аддзялення Магілёўскага дзяржкаледжа мастацтваў Алену Трутневу парадавала тая жанравая палітра і той рэпертуар, які быў прадстаўлены ўдзельнікамі адбору.

— Вельмі шмат таленавітых дзяцей, — заўважыла яна. — Уразіла, што малыя дзеці спяваюць вельмі складаныя творы. Бачна, што праведзена вялікая работа. Шыкоўныя касцюмы, палаючыя вочы — радуе, што нашы дзеці настолькі ўцягнутыя ў творчасць.

Магілёў у чарговы раз не расчараваў, прызналася карэспандэнту «Звязды» начальнік упраўлення дзяржаўных спецыяльных культурных мерапрыемстваў Міністэрства культуры Іна Адамовіч.

— Магілёўшчына добра стартавала ў рамках нацыянальнага адбору да міжнародных конкурсаў «Славянскага базару ў Віцебску», які пройдзе ў ліпені наступнага года, — заўважыла яна. — Гэта, як вядома, самы прэстыжны, самы, напэўна, статусны конкурс з усіх вакальных, якія існуюць на тэрыторыі постсавецкай прасторы. У ім прымаюць удзел самыя моцныя, цікавыя вакалісты, у якіх за плячыма вопыт канцэртных выступленняў і дасягненні ў іншых рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах і фестывалях. Таму да ўдзельнікаў прад’яўляюцца асаблівыя, дастаткова сур’ёзныя патрабаванні. У Магілёве я пачула вельмі шмат моцных цікавых тэмбраў, яркіх галасоў. Дзеці ў свае 9, 10, 12 гадоў ужо амаль сапраўдныя артысты, якія ў далейшым могуць стаць надзеяй нашай беларускай эстрады. 

Для ўдзелу ў другім этапе, які адбудзецца ў Мінску 25 студзеня на пляцоўцы Маладзёжнага тэатра эстрады, у Магілёве былі адабраны па 5 кандыдатаў ад дзяцей і дарослых. У трэцім, фінальным этапе, стане вядома, хто будзе прадстаўляць краіну на славутых конкурсах фестывалю «Славянскі базар». 

Нэлі ЗІГУЛЯ
Фота аўтара

Чытайце таксама: У Магілёве назвалі імёны дабрадзеяў, якія прымуць удзел у рэспубліканскім этапе конкурсу «Валанцёр года — 2025»

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю