Top.Mail.Ru

У Магілёўскай вобласці да ўборачнай далучыўся мехатрад з асабовага складу МНС

Механізатары ў пагонах

Урачыстасці з нагоды адпраўкі ратавальнікаў на палі Глускага і Асіповіцкага раёна адбыліся на мехдвары ААТ «Аграпрамналадка» ў Буйнічах. 18 добраахвотнікаў — супрацоўнікаў МНС з усёй Магілёўскай вобласці — селі за штурвал 10 камбайнаў «Аграмашсэрвіса», каб дапамагчы гаспадаркам ва ўборцы ўраджаю.

Сярод тых, хто на час жніва перакваліфікаваўся ў механізатары, — Ілья Заяц з Глускага РАНС.

— Для мяне гэта ўжо восьмая ўборачная, — усміхаецца малады чалавек. — Справа звыклая. Прадпрыемства забяспечыла нас тэхнікай. Асабіста мяне накіравалі ў Глускі раён, паеду ўбіраць азімы ячмень на радзіму. Настрой баявы.

Мікіта Гарбацюк са Шклова і яго калега Віталь Савін з Бабруйска ў якасці механізатараў будуць працаваць другі год. Летась дапамагалі гаспадарцы «Мазалаўскае» ў Мсціслаўскім раёне. Бацька Мікіты працуе не адзін дзесятак гадоў у сельскай гаспадарцы, сын у яго і пераняў вопыт работы. 

— Тэхніка добрая, арганізацыя работы таксама на высокім узроўні, — кажуць хлопцы. — Абеды, пражыванне — усё бясплатна. Летась намалацілі тысячу тон збожжа, сёлета плануем паставіць новы рэкорд. Паломак тэхнікі было мала, самі рамантавалі, калі нешта здаралася, — мы ж людзі ў пагонах, трэба трымаць марку.

Дарэчы, стымул працаваць двайны. Адначасова забяспечваеш харчовую бяспеку краіны і папраўляеш свой бюджэт. Летась мае суразмоўнікі за ўборачную атрымалі па 10–11 тысяч рублёў.

У Асіповіцкі і Глускі раёны адправілася па пяць камбайнаў.

— Усе хлопцы вопытныя, не першы год працуюць, — кажа старшы інструктар-ратавальнік Бялыніцкага РАНС Мікалай Тышкевіч. — Мы і раней супрацоўнічалі з «Аграмашсэрвісам», тэхніка ў іх добрая. Хлопцы ўсе гатовы, усе зараджаны на ўдарную працу.

Добраахвотнікі працуюць у МНС на розных пасадах — ёсць пажарныя, вадзіцелі. Але кожны мае навыкі работы на сельскагаспадарчай тэхніцы. Мікалай Тышкевіч па першай сваёй адукацыі інжынер, закончыў мехфак Беларускай сельгасакадэміі. Тэхніку, на якой ён з таварышамі едзе на палеткі, ацэньвае высока:

— Зручная, новая, абкатаная. Працуюць кандыцыянеры, шмат ноу-хау. У гэтым камбайне ўсё зроблена для зручнасці механізатараў.

Мікалай упершыню сеў на камбайн летась, прызнаецца, што яму спадабалася:

— Прыемна, калі ёсць магчымасць дапамагчы краіне сабраць ураджай. Калектыў у нас зладжаны, адзін аднаму заўсёды дапамагаем. Едзем на ўсю ўборачную, на перыяд свайго асноўнага водпуску. Плюс будзем браць за свой кошт, каб дапамагчы гаспадаркам усё сабраць.

На Магілёўшчыне плошча збожжавых культур складае 320 тысяч гектараў. Акцэнт зроблены на азімыя культуры. Намеснік старшыні Камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Магілёўскага аблвыканкама Яўген Сіманькоў адзначае, што ў структуры ўсіх збожжавых менавіта каля 70 % — азімыя, бо, як паказвае практыка, ураджайнасць іх нашмат вышэй.

У цэлым ураджай на палях добры. Да спякоты, якая ў апошнія дні накрыла краіну, было аптымальнае для выспявання надвор’е — і па вільготнасці, і па тэмпературы. Наліў збожжа адбыўся пры ідэальных умовах. Зараз паспяванне ідзе больш інтэнсіўна, таму тэмпы паскараюцца.

— Усяго па вобласці працуюць 42 мехатрады, — удакладніў Яўген Сіманькоў. — Такі эксперымент мы пачалі праводзіць яшчэ летась і засталіся задаволеныя вынікамі. Гэта каласальная дапамога нашым аграрыям. На плечы мехатрадаў кладзецца каля 20 % нагрузкі па вобласці. На дадзены момант яны накіроўваюцца ў нашы паўднёвыя раёны, там зараз больш інтэнсіўна ідзе працэс паспявання збожжавых культур.

Намеснік генеральнага дырэктара — дырэктар базы ААТ «Кіруючая кампанія холдынга «Аграмашсэрвіс» Ігар Казаноўскі расказвае, што акрамя зводнага мехатрада ад МНС «Аграмашсэрвіс» забяспечыць тэхнікай і супрацоўнікаў міліцыі. На наступным тыдні да ўборачнай падключацца 8–9 камбайнаў з экіпажамі міліцыянераў.

— Пакуль умовы надвор’я дазваляюць, трэба паскорыць уборку ўраджаю, — падкрэслівае ён. — Мехатрады задзейнічаны практычна ва ўсіх кірунках, пачынаючы ад узворвання і заканчваючы ўборкай. Летась у нас было каля 8 тысячнікаў сярод супрацоўнікаў МНС і МУС. Гэта вялікая дапамога.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю