Рэгіён стаў чацвёртым па краіне, які дасягнуў мільённай планкі. З гэтай нагоды ў аўторак на полі ЗАТ «АСБ-Агра Гарадзец» каля вёскі Царковішча Шклоўскага раёна адбылося ўрачыстае мерапрыемства з удзелам старшыні Пастаяннай камісіі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Леаніда Зайца.
Старшыня Шклоўскага райвыканкама Сяргей Барташ уручыў старшыні Магілёўскага аблвыканкама Анатолю Ісачанку сімвалічны абласны сноп ураджаю 2025 года. Менавіта на гэтым полі быў атрыманы мільённы вынік сёлетняга жніва і стотысячны — Шклоўскага раёна.
— Мільён тон — гэта не дрэнны вынік, але я хацеў бы дадаць — яшчэ толькі мільён, — адзначыў старшыня Магілёўскага аблвыканкама. — На палях яшчэ стаіць збожжа і, па падліках спецыялістаў, каля 300 тысяч тон нам трэба ўбраць. У нас ёсць усе магчымасці, каб дасягнуць добрых вынікаў, — зямля, людзі, мірнае неба над галавой. Год спрыяльны для ўраджаю, але складаны. Нашы аграрыі паказваюць добры вынік, упартасць і тое, што могуць у любых умовах дабівацца поспеху. Дзякуй усім, хто прымаў удзел у вырошчванні хлеба, — і хто араў, і хто працаваў на хіміі, і спецыялістам, і кіраўнікам. Гэта наша агульная праца. Толькі сумеснымі намаганнямі можна дасягнуць выніку.
Асаблівую падзяку губернатар выказаў кіраўнікам Шклоўскага і Магілёўскага райвыканкамаў Сяргею Барташу і Дзмітрыю Мудрагелаву за тое, што іх раёны намалацілі па сто тысяч тон збожжа. І выказаў пажаданне, каб раёнаў з такімі дасягненнямі ў вобласці было як мага больш.
Ад Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і сябе асабіста аграрыяў з добрым вынікам павіншаваў Леанід Заяц.
— Прыемна ўдзельнічаць у такой значнай падзеі, як дасягненне мільённай мяжы па намалоце збожжа, — адзначыў старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Леанід Заяц. — Мяне перапаўняе пачуццё гонару за тое, што Магілёўская вобласць умее працаваць, умее вырошчваць хлеб. Тая палітыка, якая праводзіцца ў краіне пад кіраўніцтвам Аляксандра Лукашэнкі, дае свой плён. Мы багатыя сёння на хлеб, цукровыя буракі, прадукты харчавання. Мы спажываем самі, а лішкі прадаём. Па выніках работы за сем месяцаў, наша краіна прадала гатовай прадукцыі на больш чым 4,5 мільярда долараў і займае лідзіруючыя пазіцыі па жывёлагадоўлі ў свеце. Хочацца падзякаваць кіраўнікам і звычайным работнікам за добрую працу, за тое, што менавіта ў гэтых няпростых кліматычных умовах даказалі сваю грунтоўнасць. Мы дасягнулі нядрэнных вынікаў, але заканчваецца гэта пяцігодка і пачынаецца чарговая, дзе трэба будзе вельмі сур’ёзна дадаваць. Я перакананы, што з такім патэнцыялам кадраў, з такімі людзьмі, якія сёння працуюць у аграпрамысловым комплексе нашай краіны, з падтрымкай нашага Прэзідэнта ўсе паказчыкі гэтага года і наступнай пяцігодкі будуць выкананыя.
У якасці падарункаў кіраўнікам раёнаў і гаспадарак, якія зрабілі ўнёсак у агульны «мільён», перадалі караваі з мукі новага ўраджаю ад булачна-кандытарскай кампаніі «Дамачай». І першы з іх атрымаў упаўнаважаны прадстаўнік Прэзідэнта ў Магілёўскай вобласці Леанід Заяц.
Старшыня Шклоўскага райвыканкама Сяргей Барташ паведаміў, што раёну даводзілася заданне сабраць 100 тысяч тон збожжа і гэту планку атрымалася перасягнуць. У бліжэйшыя дні раёну трэба будзе ўбраць яшчэ больш як 20 %. На раніцу аўторка на рахунку шклоўскіх аграрыяў было 103 тысячы тон сабранага ўраджаю збожжавых і зернебабовых культур.
— Поспеху шклоўскіх хлебаробаў спрыялі ў тым ліку дзяржаўныя і абласныя праграмы па падтрымцы сельскай гаспадаркі — тэхнічнае абсталяванне, забеспячэнне мінеральнымі ўгнаеннямі, — падкрэсліў старшыня райвыканкама. — Садзейнічалі і ўмовы надвор’я — дажджы, якія першапачаткова нас палохалі, але ў далейшым садзейнічалі наліву збожжа. Усё, што вырасцілі, збяром без астатку, а наперадзе — закладка ўраджаю пад наступны год. Настрой баявы — справімся з усімі задачамі.
Магілёўскі раён таксама стаў лідарам, намалаціўшы першыя 100 тысяч тон збожжа. Літаральна напярэдадні мерапрыемства, прысвечанага намалоту першага «мільёна», у ЗАТ «Сервалюкс-Агра» віншавалі тры экіпажы, якія перасягнулі трохтысячную мяжу. Добрыя вынікі дэманструюць механізатары ЗАТ «Агракамбінат «Зара», ТАА «Птушкафабрыка «Раманавічы», сельскагаспадарчыя прадпрыемствы «Авангард» і «Палыкавічы»...
— Усе нашы гаспадаркі стараюцца быць на вышыні, — кажа старшыня Магілёўскага райвыканкама Дзмітрый Мудрагелаў. — Мы працягваем працаваць на палях, і тое, што атрымалі, яшчэ не мяжа. Работы вядуцца па ўсіх напрамках, найперш па нарыхтоўцы збожжавых. Мы сёння не проста будуем планы, а актыўна аром і сеем — закладваем фундамент будучага ўраджаю. Вялікі дзякуй нашым людзям, на якіх трымаецца сельская гаспадарка. Яны адказныя і працавітыя, у сезон знаходзяцца ў полі з раніцы і да позняга вечара. А калі ішлі дажджы, лавілі кожную пагодлівую хвіліну — рабілі ўсё, каб сабраць і захаваць хлеб новага ўраджаю. На нашых сельскіх працаўніках сёння трымаецца і ўраджай, і поспех.
Героі хлебнай нівы
Аграрыі Магілёўшчыны дэманструюць добрыя вынікі ў працы. На 19 жніўня найлепшых паказчыкаў па намалоце зерневых і зернебабовых культур, рапсу ў Магілёўскай вобласці дасягнулі камбайнеры СВК «Калгас Радзіма» Мікалай Дарэчкін і Мікалай Фурсаў (3956,78 тоны), два экіпажы ААТ «Рассвет імя К. П. Арлоўскага» — Яўгена Шалкоўскага і Сяргея Крэера (3481,17 тоны) і маладзёжны — у складзе механізатараў Андрэя Дразда і Аляксандра Краўцова (3922,4 тоны). Акрамя гэтага, 242 экіпажы намалацілі звыш 1000 тон збожжа і 8 — звыш 3000.
Найлепшыя паказчыкі на адвозцы збожжа прадэманстравалі кіроўцы ААТ «Рассвет імя К. П. Арлоўскага» Аляксандр Белы (5117,6 тоны) і Міхаіл Семянкоў (4424,2 тоны), а таксама кіроўца КСУП «Ніва Барсукі» Дзмітрый Мендзялееў (4202 тоны). Звыш 1000 тон перавёз 141 вадзіцель, больш чым 2000 — 54, больш чым 4000 — 5.
Найлепшымі па ўраджайнасці збожжавых і зернебабовых сярод сельгасарганізацый сталі СВК «Гігант» Бабруйскага, ААТ «Світанак імя К. П. Арлоўскага» — Кіраўскага і ЗАТ «Вялікія Славені» — Шклоўскага раёнаў.
Першы намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Сяргей Савіцкі ўдакладняе, што дастаткова 10 пагодлівых дзён, каб Магілёўская вобласць цалкам завяршыла ўборку.
— Гэты мільённы прамежкавы вынік — комплекс работы ўсіх — механізатараў, якія шчыруюць на палетках, спецыялістаў, якія прадугледзелі ўсе тэхналагічныя аспекты, кіраўнікоў, у тым ліку раённых узроўняў. З аднаго боку кажуць, што надвор’е неспрыяльнае, аднак яно дапамагло нам сабраць асноўны каравай. Засталося ледзь-ледзь — і жніво скончыцца. Ужо спечаны першы хлеб з сёлетняга ўраджаю, і гэта цудоўна.
Тым часам
На дапамогу суседзям
У сераду раніцай зводны атрад тэхнікі ад Магілёўскай вобласці накіраваўся на дапамогу віцебскім аграрыям. Калона з 10 камбайнаў ААТ Задняпроўскага міжрайаграсэрвіса і ААТ «Круглянскі аграпрамтэхзаб» адправілася ў паўночны рэгіён ад мехдвара ААТ «Любінічы-Агра» Шклоўскага раёна.
— Нашы людзі гатовыя самааддана папрацаваць, дапамагчы на ўборцы суседзям, — паведаміў начальнік аддзела вытворчасці, рамонту, тэхнічнага абслугоўвання і лізінгавых аперацый ААТ «Кіруючая кампанія холдынга «Аграмашсэрвіс» Аляксандр Бельскі. — У нас уборачная рухаецца да завяршэння, таму ёсць магчымасць дапамагчы.
Старшы камбайнер Задняпроўскага міжрайаграсэрвіса Аляксей Сянько працуе ў гэтай якасці трэці год, але на дапамогу ў іншую вобласць адпраўляецца ўпершыню.
— У нас яшчэ засталося трошкі, аднак трэба і іншым дапамагчы, — рэзюмуе ён. — Справа наша вельмі адказная. Заўсёды, калі прыязджаеш на поле, ёсць азарт. Спачатку крыху хвалюешся, але як толькі пачынаеш працаваць, глядзіш толькі на тое, каб якасць была высокай, не было страт. Бярэш прыклад са старэйшых, больш вопытных.
Да адпраўкі ў суседнюю вобласць механізатары падрыхтаваліся адказна. Усё прамазалі, замовілі дадатковыя дэталі, каб пад рукой былі запасныя часткі і, калі тэхніка раптоўна закапрызнічае, не было доўгатэрміновых прастояў.
«Справіўся сам — дапамажы іншаму» — па такім прынцыпе працуе камбайнер Задняпроўскага міжрайаграсэрвіса Валерый Краўчанка. Прызнаецца, што працаваць прыходзілася на палетках розных раёнаў Магілёўскай вобласці. Сёлета, напрыклад, ён убіраў ураджай у Слаўгарадскім раёне. Механізатар лічыць, што ў іх справе ні ў якім разе нельга заставацца ў баку ад дапамогі іншым. Усе аграрыі краіны сёння робяць адну вялікую справу.
Нэлі ЗІГУЛЯ
Шклоўскі раён