Top.Mail.Ru

У Магілёўскай вобласці жыхароў сярэбранага ўзросту запрашаюць на калядныя балі

Адно з такіх мерапрыемстваў адбылося ў аграгардку Дашкаўка Магілёўскага раёна ў сядзібе XIX стагоддзя, якая належала старадаўняму роду Жукоўскіх. Жывы аркестр і непараўнальны Вівальдзі ў выкананні музыкантаў хутка прымусілі ўсіх успомніць свецкія манеры. Дамы былі па-жаноцкі элегантнымі, кавалеры па-джэнтльменскі галантнымі.


— Нават сцены будынка натхнілі на лірычны лад, — з захапленнем падзялілася адна дама. — Яны дакладна бачылі не адзін такі баль. Чула, што калісьці ў былых гаспадароў гасцілі Дзяніс Давыдаў і нават генерал Пётр Баграціён. Гэты баль — сапраўднае свята для мяне. І не толькі для мяне. Твары прысутных вельмі яскрава сведчылі пра гэта. 

Запрашэнне на бал стала падарункам для жыхароў Магілёўскага раёна. Удзельнікі ў адзін голас сведчылі: прыемна, што лепшыя традыцыі даўніх часоў адраджаюцца. Гэта добрая магчымасць перажыць хвіліны сапраўднага захаплення. 

— Вельмі хочацца, падарыць людзям радасць і надзею на лепшае, — кажа загадчыца аддзялення Магілёўскага раённага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Вольга Ермакова. — Хай усе іх лепшыя пажаданні спраўдзяцца ў гэтыя чароўныя дні! 

Шмат добрых слоў прагучала ў адрас удзельнікаў каляднага балю у Палацы вобласці, які даў старт падобным мерапрыемствам у рэгіёне. Па словах старшыні камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Магілёўскага аблвыканкама Марыі Шапнеўскай, калядныя балі становяцца прыгожай традыцыяй і з кожным годам павялічваецца колькасць жадаючых прыняць у іх удзел.

Фота з архіва Вольгі ЕРМАКОВАЙ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю