Старшыня аблвыканкама Анатоль Ісачанка адразу ж звярнуў увагу на тое, што менавіта прамысловасць традыцыйна фарміруе каля траціны ключавога паказчыка развіцця ў галіне рэгіянальнага прадукту. Па выніках яе дзейнасці ў цэлым складаюцца і вынікі работы рэгіёна і выкананне даведзеных Кіраўніком дзяржавы даручэнняў па мэтавых параметрах.
— Рост аб’ёмных паказчыкаў станоўча ўплывае на фінансавы стан арганізацый, павышэнне даходу насельніцтва, выкананне бюджэту, — падкрэсліў губернатар. — На жаль, у нас не ўсе прамысловыя прадпрыемствы паказваюць рост. Таму ў мэтах выканання даручэнняў Кіраўніка дзяржавы, мы павінны дэталёва разгледзець на пасяджэнні абласнога выканаўчага камітэта, што кіраўнікі нашых прадпрыемстваў плануюць і якія перспектывы бачаць.
Былі заслуханы даклады кіраўнікоў асобных прадпрыемстваў з акцэнтам на праблемныя пытанні і перспектывы далейшага развіцця.Па словах генеральнага дырэктара ААТ «Магілёўскі завод ліфтавага машынабудавання» Руслана Страхара, будучыня прадпрыемства наўпрост звязана з дыверсіфікацыяй прадуктаў і рынкаў збыту. На расійскім і азіяцкім рынку сур’ёзную канкурэнцыю складаюць кітайскія ліфты.
— Мы разумеем, што ў гэтым жорсткім канкурэнтным рынку, асабліва з кітайскімі пастаўшчыкамі, якія прысутнічаюць усюды, мы павінны рабіць акцэнт на якасці нашай прадукцыі і новых кампетэнцыях, — адзначыў гендырэктар прадпрыемства. — Таму мы зараз актыўна працуем над стварэннем звышцяжкіх ліфтаў, па якіх на дадзены момант ні ў кітайскіх, ні ў расійскіх вытворцаў няма кампетэнцый. Ужо сёлета мы прадставім цэлую лінейку новай прадукцыі.
Буйнагабарытны ліфт — прынцыпова іншы прадукт. Стандартны ліфт, які зараз выпускае прадпрыемства, мае грузападымальнасць ад 200 да 6200 кілаграмаў. Цяпер «Магілёўліфтмаш» нацэлены на вытворчасць ліфтаў ад 7,5 да 20 тон.
Прадпрыемства актывізавала і работу па замацаванні прысутнасці на традыцыйных рынках па прасоўванні ліфтаў для жылых дамоў.
Былі заслуханы даклады і іншых кіраўнікоў прамысловых прадпрыемстваў рэгіёна.
Асаблівая ўвага Адміністрацыі Прэзідэнта зараз надаецца ўзаемадзеянню прадпрыемстваў з дзяржорганамі па выпрацоўцы неабходных дадатковых мер, якія дазволяць у гэты няпросты перыяд хутчэй стабілізаваць работу прамысловасці і развівацца далей.
У пасяджэнні прынялі ўдзел кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Дзмітрый Крутой, памочнік Прэзідэнта — інспектар па Магілёўскай вобласці Сяргей Налівайка, сенатар, старшыня Магілёўскага аблсавета Аляксандр Гарошкін, члены выканкама.
Нэлі ЗІГУЛЯ
Фота аўтара