Top.Mail.Ru

У Магілёўскім аблвыканкаме прааналізавалі прамежкавыя вынікі выканання паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёна

Аўтар:
Тэмпы па нарастаючай

Пасяджэнне прайшло з удзелам дэлегатаў VІІ Усебеларускага народнага сходу. Гэты год — першы ў рэалізацыі Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2026–2030 гады, асноўная задача якой — забяспечыць рост якасці жыцця грамадзян. У Магілёўскай вобласці гэта пытанне было разгледжана з удзелам прадстаўнікоў улады, дэпутатаў, кіраўнікоў суб’ектаў народнага гаспадарання.

Бюджэт з плюсам

Старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль ІСАЧАНКА ахарактарызаваў агульны стан выканання паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця вобласці за 9 месяцаў як станоўчы. Валавы рэгіянальны прадукт склаў больш за 18 мільярдаў рублёў з тэмпам росту 101 %. Прамысловасцю выраблена прадукцыі амаль на 13 мільярдаў рублёў. 

У сельскай гаспадарцы рост валавой вытворчасці малака і сярэдняга надою малака ад адной каровы склаў 4,1 % і 5 % адпаведна, з апярэджаннем растуць паказчыкі па вырошчванні буйной рагатай жывёлы, свіней, птушкі.

Перавыканана заданне па будаўніча-мантажных работах — тэмп росту склаў 111,6 пры заданні 104,7. Перавыкананы на 18 % і план па ўводу агульнай плошчы жылля. Узведзена больш за 300 тысяч квадратных метраў пры заданні 254,3 тысячы. На 100 % выканана гадавое заданне па рамонце вулічна-дарожнай сеткі — 1,63 мільёна квадратных метраў.

Развіваецца сацыяльная сфера. Завершана будаўніцтва рэабілітацыйнага корпуса абласной дзіцячай бальніцы, праведзена рэканструкцыя Чэрыкаўскай бальніцы і дзіцячай кансультацыі паліклінікі № 10 у Магілёве.

Больш падрабязна на прагнозных паказчыках спынілася намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Алена ПРУДНІКАВА-КІРПІЧОНАК. Яна звярнула ўвагу на тое, што ў эканоміку рэгіёна прыцягнутыя без малога 4 мільярды рублёў інвестыцый — амаль на 7 % больш за ўстаноўлены ўрадам план на гэты год.

На 15 мільёнаў больш, чым за аналагічны перыяд, — каля 104 мільёнаў рублёў — накіравана на развіццё матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў аховы здароўя, яшчэ звыш 115 мільёнаў рублёў (на 13 мільёнаў больш, чым летась) — на правядзенне капітальных і бягучых рамонтаў устаноў адукацыі і набыццё абсталявання.

Магілёўская вобласць паспяхова рэалізуе свой турыстычны патэнцыял. Па словах Алены Пруднікавай-Кірпічонак, тэмп росту экспарту турпаслуг за 9 месяцаў склаў больш за 108 %. Развіваецца інфраструктура — у санаторыях і гасцініцах вобласці з’явіліся 52 новыя нумары, завершана другая чарга рэканструкцыі пешаходнай вуліцы Ленінскай у Магілёве.

У мэтах развіцця патэнцыялу рэгіёнаў у Магілёўскай вобласці распачата рэалізацыя 120 інвестпраектаў у вытворчай сферы з аб’ёмам інвестыцый 610 мільёнаў рублёў.

Удзел у пасяджэнні ўзяла намеснік міністра эканомікі Марыя МАЖЫНСКАЯ.

Зверылі гадзіннікі

Для дэлегатаў УНС было вельмі важна даведацца пра прамежкавыя паказчыкі сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёна.

— Вынікі будуць падсумоўвацца на рэспубліканскім узроўні, і падчас правядзення УНС мы ўбачым, як рухаецца краіна і ў яе складзе Магілёўская вобласць, — адзначыў сенатар, дырэктар ААТ «Рассвет» імя К. П. Арлоўскага" Аляксандр БАГЕЛЬ. — Сход дае разуменне таго вектару развіцця, па якім павінны рухацца прамысловасць, сельская гаспадарка і ў цэлым эканоміка краіны. Усё завязана на тое, каб павысіць дабрабыт жыхароў краіны, у тым ліку нашай вобласці. Калі будзе стабільнасць у эканоміцы, людзі змогуць жыць спакойна, дружна, кансалідавана. І тады нам будуць не страшныя знешнія выклікі, якія ўзнікаюць у сучасным свеце.

Для дырэктара Чавускай абласной сярэдняй школы, члена раённага Савета дэпутатаў Алега САМСОНАВА, які з’яўляецца дэлегатам VІІ УНС, таксама вельмі важна было даведацца пра вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця вобласці, што падводзіліся на пасяджэнні аблвыканкама:

— Натуральна, усе задачы былі пастаўлены вельмі дакладна і канкрэтна па кожнаму суб’екту гаспадарання. І ўсё робіцца для таго, каб паказчыкі былі дасягнутыя. Для дэлегатаў УНС гэта вельмі важна знаць, каб вырашыць усе пастаўленыя задачы ў рэгіёнах. Мяне асабіста вельмі хвалюе дэмаграфічная сітуацыя ў маленькіх гарадах. Яна патрабуе больш увагі з боку дзяржавы і, магчыма, нейкіх карэкціровак. Калі меркаваць па школе, якой я кірую, то дынаміка не вельмі добрая. Не крытычная, але пэўныя асцярогі ёсць. Важна затрымаць моладзь у маленькіх гарадках, стварыць ёй камфортныя ўмовы на працоўным месцы, каб яна трымалася за работу.

Настаўніца рускай мовы і літаратуры Падсолтаўскай сярэдняй школы Алена ХЛІМАНКОВА — дэлегат ад Мсціслаўшчыны.

— Было цікава даведацца, як рэалізоўваюцца планы праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны і вобласці ў прыватнасці, — кажа яна. — У Мсціслаўскім раёне шмат чаго зроблена па добраўпарадкаванні, развіцці інфраструктуры, вельмі добра развітая падтрымка грамадзянскіх ініцыятыў. Заўсёды цікава пачуць паспяховыя практыкі, каб скарэктаваць далейшую работу. Больш за ўсё мяне, вядома, цікавіць сістэма адукацыі, ход рэалізацыі праграмы ў гэтым кірунку.

Яшчэ адзін дэлегат УНС — старшыня Крычаўскага райсавета дэпутатаў Ірына ПРУДНІКАВА — лічыць гэтую місію вельмі ганаровай і адказнай. Усе задачы, якія ставяцца на сходзе, яна па прыездзе дамоў даносіць да насельніцтва, раённых суб’ектаў гаспадарання:

— Усебеларускі народны сход дае штуршок для развіцця рэгіёнаў, бо гэта адзін з прыярытэтаў Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2026–2030 гады. Летась наш раён прымаў абласныя «Дажынкі», і ў яго развіццё былі ўкладзены немалыя сродкі. Шмат чаго было зроблена па добраўпарадкаванні, капрамонце дамоў, рамонце дарог, аб’ектаў сацыяльнай сферы. Сёлета гэта работа працягваецца. Сельскагаспадарчае прадпрыемства «Маляцічы-Агра» будуе два памяшканні для кароў і прафілакторый для вырошчвання цялят, а ў СПК «Калгас імя Суворава» сёлета ўзведзены новы прафілакторый і МТК. Стаўка робіцца на якасць і выкананне тэхналагічных працэсаў.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю