Урачыстая падзея адбылася ў перадавой гаспадарцы Магілёўскага раёна ЗАТ «Агракамбінат «Зара». Героямі дня сталі трактарыст-машыніст Іван Здаравікоў і вадзіцелі — Дзмітрый Магілeўцаў, Аляксандр Андрэйчыкаў і Юрый Манкевіч. Дарэчы, для 26-гадовага механізатара Івана Здаравікова гэта першае жніво ў агракамбінаце. Рэкордную тысячу ён намалаціў літаральна за чатыры дні. Усе тры вадзіцелі, кожны з якіх перавёз рэкордную на сённяшні дзень тысячу збожжа, таксама з ліку моладзі — самаму малодшаму Дзмітрыю Магілеўцаму — 22 гады.
Лідараў жніва віншавалі наўпрост на працоўным месцы — палетках гаспадаркі каля вёскі Засценкі. Атрымалася вельмі прыгожае мерапрыемства. Пасярод залатой прыгажосці для перадавікоў спявалі дзяўчаты ў народных строях. Павіншаваць хлебаробаў прыехалі кіраўніцтва раёна і вобласці на чале са старшынёй Магілёўскага аблвыканкама. Прагучала шмат прыгожых слоў, былі ўручаны каштоўныя падарункі.

— У вобласці поўным ходам ідзе ўборка азімага ячменю, яшчэ некалькі дзён і мы скончым гэты этап, — адзначыў губернатар вобласці Анатоль Ісачанка. — Віды на ўраджай нядрэнныя, збяром не менш леташняга. Сёння жнём ячмень, наперадзе рапс і іншыя збожжавыя культуры. Адначасова вядзём уборку кармоў, саломы, узорваем землі пад азімы рапс. Увесь шлейф работ праводзіцца. Ловім кожны сонечны дзень.
Губернатар паведаміў, што ў вобласці робіцца ўсё для таго, каб сабраць ураджай у аптымальныя тэрміны.

— Адрамантаваныя ўсе камбайны, плюс 35 закуплена новых, — падкрэсліў ён. — Акрамя гэтага мы штогод ствараем звенні, у нас працуе на ўборцы і адвозцы збожжа 10 механізаваных атрадаў. Гэта адчувальная дапамога раёнам, дзе вялікая нагрузка на камбайн. Сёння мехатрады задзейнічаныя ў Глускім, Асіповіцкім, на выхадныя яны адправяцца ў паўночныя, дзе таксама кіпіць работа. Працуюць тэхналагічныя звенні па тэхабслугоўванні камбайнаў, каб своечасова вяртаць няспраўную тэхніку ў работу.

Для прадукцыйнай працы створана ўсё — арганізавана дастаўка харчавання, існуюць умовы спаборніцтва, гарантаваная добрая зарплата. Зараз усё залежыць ад кожнага хлебароба і надвор’я. Калі яно не падвядзе, работы скончацца хутчэй.
Сакрэт поспеху адкрыла генеральны дырэктар гаспадаркі Кацярына Зароўская.

— Тэхналогія і дысцыпліна далі свой вынік, і надвор’е не перашкодзіла атрымаць нам высокія паказчыкі, — аптымістычна паведаміла яна. — Збожжа добрае, мы яго ўбіраем актыўна. Работнікі настроены станоўча. Усе гатовыя ісці ў поле, дапамагаць, працаваць і забяспечваць харчовую бяспеку.
Ураджайнасць на сённяшні дзень у гаспадарцы 72 цэнтнеры з гектара, вільгаць 12 працэнтаў.
Нэлі ЗІГУЛЯ
Фота з тэлеграм-канала mogilevnewsby