Пачатак яго рабоце дало благаславенне благачыннага цэркваў Магілёўскай акругі, настаяцеля Крыжаўзвіжанскага храма Сергія, які прачытаў малебен і заклікаў кожнага далучыцца да свята. З прывітальным словам выступіла старшыня Магілёўскага гарсавета Святлана Сташэўская.
— Сама назва фестывалю сімвалічная, — адзначыла яна. — Радасць — гэта тое пачуццё, якім хочацца дзяліцца, каб яно множылася, каб мы больш любілі адно аднаго, свой родны горад. З Бібліі вядома, што радасць лечыць душу, а гэта дапамагае вылечваць цела. Фестываль дазволіць нам наведаць прадстаўніцтвы розных манастыроў і храмаў з Беларусі, Расіі, Сербіі, Палесціны і атрымаць тую самую радасць ад новых стасункаў.
Прыгожым пачаткам фестывалю стала выступленне царкоўна-харавога ансамбля магілёўскага кафедральнага сабора Трох Свяціцеляў «Баграніца».
Асаблівая праграма прадугледжана для юных наведвальнікаў. Гэта пазнавальныя экскурсіі па прымеркаванай да Года беларускай жанчыны экспазіцыі «Прападобная Ефрасіння Полацкая — радасць зямлі нашай» . Святая стала духоўным сімвалам Беларусі, прадэманстравала свету прыклад сілы духу, міласэрнасці і самаахвярнага служэння. Экспазіцыя «Гісторыя рукапіснай кнігі», «Келля манаха» і музейны пакой «Скрыпторый» дазволяць дакрануцца да гісторыі кнігадрукавання, а ў «Кніжнай кавярні» дзяцей і дарослых чакае інтэрактыўная пазнавальная віктарына і творчыя майстар-класы, дзе будзе магчымасць ствараць сувеніры сваімі рукамі. Лялечны тэатр «Батлейка» дасць магчымасць сваім гледачам больш прасякнуцца любоўю і клопатам да свайго бліжняга.

На пляцоўцы фестывалю пройдуць духоўныя гутаркі са свяшчэннікамі Магілёўскай епархіі і манахінямі Свята-Елісавецінскага манастыра.
Вялікая выстава-кірмаш прапануе вырабы ручной работы, а таксама іконы, рэдкія кнігі, аўтарскую кераміку, тэкстыль, праваслаўныя ўборы для жанчын, прадукцыю манастырскай здраўніцы, пачастункі з манастырскіх падворкаў і храмаў Беларусі, Расіі, Малдовы, Грэцыі, Сербіі, Сірыі і Палесціны. Фестываль дасць магчымасць адчуць яднальную сілу адзінства праваслаўнай культуры розных краін.
Мерапрыемства праводзіцца па благаславенні архіепіскапа Магілёўскага і Мсціслаўскага Сафронія пры падтрымцы Магілёўскага гарвыканкама. Арганізатарамі выступаюць мінскі Свята-Елісавецінскі манастыр і Праваслаўнае сястрыцтва.
Нэлі ЗІГУЛЯ
Фота аўтара