Абласная Дошка гонару пераехала ад будынка Дома Саветаў з плошчы Леніна на пляцоўку да новага музея Славы Магілёўшчыны ў Буйнічах. Сёння тут адбылося ўрачыстае мерапрыемства з занясеннем на абноўленую Дошку імён людзей, а таксама назваў населеных пунктаў і арганізацый, якія перамаглі ў сацыяльна-эканамічным спаборніцтве па выніках работы за мінулы год.
Ва ўрачыстым мерапрыемстве прыняла ўдзел болей чым 400 чалавек. Гэта прадстаўнікі кіраўніцтва раёнаў, арганізацый, прадпрыемстваў, спартсмены, дзеячы культуры, працаўнікі, якія дасягнулі высокіх вынікаў у рабоце. Залатымі літарамі на Дошку гонару ўпісаны назвы пераможцаў сярод гарадоў і раёнаў, а таксама прозвішчы 14 уладальнікаў спецпрэміі «Чалавек года Магілёўшчыны».
— Чалавек працы — гэта не проста прафесія, гэта прызнанне і склад жыцця, — адзначыў старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка. — Мы аддаём даніну павагі людзям, якія сваёй мэтанакіраванасцю, талентам і поспехамі прымножылі працоўную славу Прыдняпроўскага краю.
Сярод тых, чыя імёны сёння ўпрыгожваюць Дошку гонару, артыст-вакаліст, вядучы майстар сцэны Магілёўскай абласной філармоніі, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Павел Усовіч, сярэбраныя прызёры летніх Алімпійскіх гульняў-24 у Парыжы, спартсмены-інструктары нацыянальнай каманды Рэспублікі Беларусь Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі — па гімнастычных відах спорту Віялета Бардзілоўская (скачкі на батуце) і па вяслярных відах спорту Яўген Залаты (акадэмічнае веславанне), старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Ігар Марзалюк і іншыя.

Па выніках работы за мінулы год на першым месцы Магілёў, сярод раёнаў лепшы — Кіраўскі, на другім месцы — Хоцімскі раён, на трэцім — Бялыніцкі.
— Прыемна, што наш раён так высока адзначаны, — прызналася намеснік старшыні Бялыніцкага райвыканкама Святлана Патапчык. — Мінулы год стаў для нас па-сапраўднаму трыумфальным. Адзначана работа райвыканкама, лясгаса, СВК «Калгас «Радзіма», Жылкамгаса і асобна работа яго галоўнага інжынера Мікалая Канкевіча. Група падтрымкі Бялыніцкага раёна вяртаецца дамоў радасная. Нават з надвор’ем нам пашчасціла. Ганарымся сваімі людзьмі і працоўнымі калектывамі. Высокія вынікі — гэта плённая праца ўсіх жыхароў раёна на карысць сваёй малой радзімы і краіны ў цэлым. Арганізацыі, якія прадэманстравалі добры рэзультат, моцныя і стабільныя. Яны часта займаюць у розных спаборніцтвах лідзіруючыя пазіцыі. Але так многа пераможцаў адначасова на абласным ўзроўні гэта ўпершыню. Будзем і далей трымаць высокую планку.
Нэлі ЗІГУЛЯ
Фота з тэлеграм-канала mogilevnewsby