Top.Mail.Ru

У Магілёве бізнесмены, дыпламаты, прадстаўнікі ўлады ствараюць глебу для перспектыўных праектаў

Пратаколы намераў аб рэалізацыі інвестыцыйных праектаў на тэрыторыі Магілёўскай вобласці на суму больш як 250 мільёнаў рублёў падпісаны ў рамках XVI Міжнароднага эканамічнага форуму «Млын поспеху», які сабраў у Магілёве каля 1500 чалавек з ліку прадстаўнікоў улады, дзелавых колаў, дыпкорпусу Беларусі, Расіі, Кітая, Славакіі, Турцыі, Анголы, Замбіі, Нігерыі, Пакістана, Уганды. 


Падпісанне пратаколаў аб стварэнні высокатэхналагічных вытворчасцяў агульнай колькасцю 530 працоўных месцаў у Бабруйску, Магілёўскім, Клімавіцкім і Мсціслаўскім раёнах адбылося падчас пленарнага пасяджэння. 


Эканамічны форум — гэта добрая пляцоўка для абмену вопытам, прасоўвання перадавых ідэй, плённага супрацоўніцтва — так характарызуе падзею кіраўніцтва вобласці. Магілёўшчына — рэгіён з магутнай прамысловай базай, развітой лагістыкай і асаблівым прэферэнцыйным рэжымам у паўднёва-ўсходніх раёнах. 760 кампаній з замежным капіталам, зарэгістраваныя на Магілёўшчыне, таму пацвярджэнне.


На месцы галоўных падзей — Магілёўскага абласнога метадцэнтра народнай творчасці і культурна-асветніцкай работы — працуе вялікая выстава-кірмаш дасягненняў суб’ектаў гаспадарання Магілёўшчыны ў вобласці прамысловасці і аграэкатурызму. 

Падчас пленарнага пасяджэння старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка звярнуў увагу прысутных на перавагі Магілёўскай вобласці для развіцця гандлёвых і эканамічных адносін. Яна мае адкрытую мяжу з Расійскай Федэрацыяй, што дае магчымасць трапіць на агульны мытны рынак з колькасцю насельніцтва больш за 180 мільёнаў чалавек, а таксама выкарыстоўваць развітую інфраструктуру, у тым ліку чыгуначную, для выхаду ў краіны Блізкага Усходу, Афрыку, Кітай.

— Рэгіён валодае магутным інтэлектуальным патэнцыялам, — рэзюмаваў кіраўнік вобласці. — Пяць ВНУ і шырокая сетка сярэдніх спецыяльных адукацыйных устаноў дазваляе нам рыхтаваць высакакласных спецыялістаў па розных напрамках. Наладжана ўзаемасувязь устаноў вышэйшай адукацыі з арганізацыямі і прадпрыемствамі. Праграмы навучання карэкціруюцца пад канкрэтныя патрэбы прадпрыемстваў. Укараняюцца тэхналогіі Чацвёртай прамысловай рэвалюцыі, дзякуючы якім можна забяспечыць незалежнасць ключавых галін эканомікі ад знешніх пастаўшчыкоў тэхналогій. 


У вобласці рэалізуюцца праекты, якія стартавалі на папярэднім форуме «Млын поспеху», — па вытворчасці сухіх малочных прадуктаў у Клімавіцкім раёне, глыбокай перапрацоўцы алейных культур у Чавускім раёне. Шмат прыкладаў паспяховай кааперацыі. Напрыклад, холдынг «Бабруйскаграмаш» збірае тэхніку ў Казахстане, а «Сервалюкс Агра» будуе буйны птушкагадоўчы комплекс ва Узбекістане. 

Турызм таксама перастаў быць проста формай для адпачынку. Сёння гэта эфектыўны інструмент міжнароднага супрацоўніцтва. 

— Толькі за мінулы год у Магілёўскай вобласці экспарт турпаслуг склаў амаль 8 мільёнаў долараў і вырас у 1,4 раза ў параўнанні з 2024 годам, — падкрэсліў Анатоль Ісачанка. — Для інвестараў гэта перспектыўны напрамак, бо ў нас ёсць не толькі гістарычныя архітэктурныя помнікі, але і запасы мінеральнай вады, сапрапелевыя гразі, унікальная прырода. Прапануем удзельнічаць у будаўніцтве санаторыяў і іншых аздараўленчых цэнтраў у Крычаве, Асіповічах, Бялынічах.

Больш падрабязна пра турыстычныя магчымасці Магілёўскай вобласці ішла гаворка на адмысловай секцыі. А на базе СЭЗ «Магілёў» прайшлі беларуска-кітайскія перагаворы. СЭЗ «Магілёў» — прывабнае ўтварэнне для развіцця бізнесу. Яе ўчасткі знаходзяцца ў Магілёве, Бабруйску, Магілёўскім, Крычаўскім, Асіповіцкім і Шклоўскім раёнах. Для рэзідэнтаў дзейнічае шэраг падатковых, мытных ільгот і іншых прэферэнцый. Асаблівы статус мае паўднёва-ўсходні рэгіён Магілёўшчыны, які ахоплівае сем раёнаў вобласці.

У рамках Міжнароднага эканамічнага форуму «Млын поспеху» прайшоў конкурс бізнес-праектаў «Mogilev Invest Day 2026». Пераможцы вызначыліся ў 8 намінацыях. Сярод лепшых навуковых распрацовак — інавацыйны праект студэнта Беларускай дзяржаўнай сельгасакадэміі Арсенія Кірэева «Палявы скаўт: інтэлектуальная біяабарона ўраджаю з дапамогай дронаў і ШІ», праект «Разумная шафа для арэнды інструментаў» студэнтаў Беларускага ўніверсітэта харчовых і хімічных тэхналогій Станіслава Хомачкіна і Ільі Піліповіча. Навучэнцы 8-й школы Крычава Цімафей Ласіцкі і Мікіта Барысенка перамаглі ў намінацыі «100 ідэй для Беларусі» з праектам «Паста-Patatini і макарона з бульбы».

Работа форуму працягваецца. Заўтра яго ўдзельнікі абмяркуюць тэму «Тэхналагічны суверэнітэт. Прампаркі. Дыверсіфікацыя экспарту» і прымуць удзел ва ўрачыстай цырымоніі ўзнагароджання пераможцаў конкурсу «Найлепшыя тавары Рэспублікі Беларусь» 2025 года.

Нэлі ЗІГУЛЯ
Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю