Члены Савета Рэспублікі ад Магілёўскай вобласці розных скліканняў сабраліся ў Музеі Славы Магілёўшчыны на Буйніцкім полі абмеркаваць трыццацігадовы шлях палаты тэрытарыяльнага прадстаўніцтва. Падобныя ўрачыстыя мерапрыемствы праводзяцца ва ўсіх рэгіёнах краіны.
— За тры дзесяцігоддзі свет вакол нас імкліва змяніўся, — адзначыла Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава. — Але нязменнымі засталіся каштоўнасці, якія абараняе беларускі парламент: суверэнітэт, бяспека, сацыяльная справядлівасць і гатоўнасць упэўнена глядзець у заўтрашні дзень.
— Калі рабіліся першыя крокі па стварэнні двухпалатнага парламента, кіраўнік дзяржавы, як заўсёды вельмі прадбачліва, прапанаваў вынесці пытанне на рэферэндум, — падкрэсліла спікер. — І народ падтрымаў гэту прапанову. Сёння мы ўспамінаем тых, хто першымі сталі плячо ў плячо з Прэзідэнтам і стварылі прававы падмурак краіны. Толькі за першае скліканне было створана 18 кодэксаў. А за 30 гадоў работы парламента — тры тысячы законапраектаў і 39 кодэксаў, па 25-і з якіх мы сёння жывём. Прэзідэнт вельмі цэніць работу парламенцкага корпуса нашай краіны, разумее, як гэта важна сёння, каб заканадаўчая ўлада была моцная, а заканадаўцы разумелі і жылі праблемамі людзей і не былі адарваны ад зямлі і народа. Гэта накладае на ўсіх, хто ўдастоены гонару прадстаўляць народ у парламенце, высокую адказнасць.

Наталля Качанава адзначыла таксама, што ў цяперашні, вельмі турбулентны час голас парламентарыяў, у тым ліку на міжнародных пляцоўках, павінен гучаць як мага гучней.
Старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка асабліва падкрэсліў, што ўсе дасягненні ў развіцці рэгіёна сталі магчымыя дзякуючы выключна цвёрдай уладзе і людзям, якія самааддана працуюць на сваёй зямлі. Увесь час у Савеце Рэспублікі Магілёўшчыну прадстаўлялі і прадстаўляюць выключна заслужаныя яго жыхары.
— Савет Рэспублікі — гэта тая пляцоўка, дзе законапраекты атрымліваюць сілу, каб працаваць на карысць людзей, — падкрэсліў губернатар. — Дзейнасць парламента наўпрост звязаная з развіццём рэгіёнаў. Узаемадзеянне заканадаўчай і выканаўчай улад у Магілёўскай вобласці з’яўляецца асновай для вырашэння задач у эканоміцы і стварэнні камфортных умоў для жыцця людзей.
За 30 гадоў існавання беларускага парламента Магілёўскі рэгіён у Савеце Рэспублікі прадстаўлялі 54 чалавекі. Сярод іх — сенатар першага склікання, заслужаны работнік аховы здароўя краіны Яўгенія Зелянкова.
— Гэта быў вельмі важны экзамен перад усім народам, — успомніла яна той час. — Заканатворчасць — надзвычай адказная справа, патрабуе пэўнай падрыхтоўкі. Даводзілася вучыцца, раіцца, размаўляць з дасведчанымі людзьмі. Гэта вялікая сістэмная работа, у выніку якой ствараюцца законы, па якіх жыве краіна. Патрабаваліся ўседлівасць, цярпенне, адказнасць за кожнае слова. Трэба было выслухваць розныя бакі, меркаванні і прымаць найбольш рацыянальныя і прымальныя рашэнні.

Барыс Батура, які, з'яўляючыся сенатарам трэцяга склікання, узначальваў Магілёўскі аблвыканкам, згадвае:
— У 1996 годзе, дзякуючы Прэзідэнту, стала зразумела, куды рухацца краіне. Была створана стратэгія сацыяльна-эканамічнага развіцця, вызначаны прыярытэтныя кірункі — экспарт, сельская гаспадарка, будаўніцтва жылля. Тыя тэмпы, якія былі ўзятыя, захоўваюцца па сённяшні дзень. Заканадаўчы орган стаў гарантам стабільнасці развіцця краіны.
Ігар Марзалюк (сёння — старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў) прадстаўляў Магілёўшчыну ў пятым скліканні Савета Рэспублікі, калі быў загадчыкам кафедры археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін МДУ імя А. Куляшова. Самай галоўнай сваёй работай ён лічыць дзейнасць у складзе Канстытуцыйнай камісіі. Яму належыць аўтарства каментарыяў да Асноўнага закона. Ганарыцца і тым, што падчас яго сенатарства шмат што было зроблена на карысць аховы гісторыка-архітэктурнай спадчыны краіны.

Галоўны ўрач Магілёўскай абласной дзіцячай бальніцы Ігар Каско ў заканатворчым жыцці краіны ўдзельнічаў, калі быў членам Савета Рэспублікі сёмага склікання.
— Наогул за 30 гадоў існавання інстытута парламентарызму зроблена шмат чаго, у тым ліку для аховы здароўя нашых грамадзян, — падкрэсліў ён. — У прыватнасці, створана служба транспланталогіі, укаранёныя перадавыя інфармацыйныя тэхналогіі...
На сустрэчы прысутныя ўспомнілі аб рабоце ў розных скліканнях Савета Рэспублікі, гаварылі аб калегах, якія пакінулі значны след у гісторыі сучаснай Беларусі, успаміналі пра тых, каго сёння ўжо няма сярод нас, але іх справы жывуць на карысць народа.
Азнаёміцца з гісторыяй парламентарызму можна было на спецыяльна падрыхтаванай да гэтай падзеі выстаўцы.

Нэлі ЗІГУЛЯ