З удзячнасцю да людзей у белых халатах
Вялікае свята, прымеркаванае да Дня медыцынскага работніка, прайшло ў сценах Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра творчасці і культурна-асветнай работы. Прысутных віншавалі, дарылі кветкі і канцэртныя нумары. Шэраг медработнікаў адзначылі рознымі ўзнагародамі. Нямала цёплых слоў адрасаваў ім старшыня Магілёўскага абласнога Савета, сенатар Аляксандр Гарошкін. Ён паведаміў, што жыхары Прыдняпроўя атрымліваюць медыцынскую дапамогу высокай якасці:
— За апошнія гады ў рэгіёне адкрыты новыя карпусы медыцынскіх устаноў і ўрачэбныя кабінеты, абнаўляюцца аўтапарк хуткай дапамогі, абсталяванне ў гарадскіх і раённых медустановах.
Павіншаваў медыкаў і старшыня Пастаяннай камісіі па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Валерый Малашка. Па яго словах, уклад магілёўскіх медыкаў у захаванне жыцця людзей і ў развіццё сістэмы аховы здароўя неацэнны.

А начальнік галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя Магілёўскага аблвыканкама Уладзімір Гацко падкрэсліў, што работа медыкаў — гэта штодзённая адказнасць за нечае жыццё. Яна патрабуе не толькі каласальных ведаў, але і вялізнай душэўнай шчодрасці:
— І мы гаворым дзякуй тым, хто стаіць на варце нашага здароўя, хто не баіцца цяжкасцяў і застаецца верным свайму абавязку ў самых складаных сітуацыях.
Узнагароды рознага ўзроўню атрымалі больш за восемдзесят медыцынскіх работнікаў вобласці. Галоўны ўрач Магілёўскага абласнога анкалагічнага дыспансера Сяргей Батоўскі адзначаны Ганаровай граматай Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу. Ганаровай граматай Магілёўскага аблвыканкама ўзнагароджана намеснік галоўнага ўрача па інфекцыйных захворваннях Магілёўскай клінічнай бальніцы № 1 Ірына Бас.

Высока ацэнена работа медыцынскіх сясцёр, якія заўсёды на перадавой і ад дзеянняў якіх залежыць настрой і самаадчуванне пацыентаў. Ганаровай граматай Міністэрства аховы здароўя адзначана работа медыцынскай сястры агульнабальнічнага персаналу Магілёўскай клінічнай бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі Святланы Кулак. Нагрудным знакам адрознення Беларускага прафсаюза работнікаў аховы здароўя «За працу ў імя жыцця» ўзнагароджана медсястра-анестэзіст выязной рэанімацыйнай брыгады Магілёўскай абласной дзіцячай бальніцы Валянціна Азаронак.
Цёплыя словы падзякі гучалі і ў адрас ветэранаў аховы здароўя.
— Гэтыя людзі — узор сапраўднага служэння краіне, — перакананы старшыня абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў аховы здароўя Аляксандр Басенка. — Яны ратавалі жыцці, рызыкуючы сваім. Іх подзвіг — прыклад, аб якім мы гаворым новаму пакаленню. Пераемнасць пакаленняў у медыцыне — не пусты гук, і маладыя калегі годна працягваюць справу сваіх настаўнікаў.
Артысты Цэнтра народнай творчасці падрыхтавалі для людзей у белых халатах яркую канцэртную праграму, якая стала яшчэ адным прыемным падарункам да іх прафесійнага свята.
Урачыстыя мерапрыемствы, прысвечаныя Дню медыцынскага работніка, на працягу тыдня праходзілі ва ўсіх установах аховы здароўя Магілёўшчыны. Супрацоўнікі прымалі віншаванні ад прадстаўнікоў галіновага прафсаюза.

Дарэчы, па даных галоўнага статупраўлення Магілёўскай вобласці, на канец мінулага года ў рэгіёне працавалі 5,2 тысячы ўрачоў, на 10 тысяч насельніцтва прыходзілася 46 практыкуючых урачоў і 139 медработнікаў сярэдняга звяна. Сярэдні ўзрост практыкуючага ўрача склаў 41,8 года, а медработніка сярэдняга звяна — 43,8.
Нэлі ЗІГУЛЯ
Фота з тэлеграм-канала mogilevnewsby