Top.Mail.Ru
329

У Магілёве пачаўся продаж білетаў на «М.@rt.кантакт»

Міжнародны маладзёжны тэатральны форум М.@rt.кантакт пройдзе ў Магілёве з 20 па 27 сакавіка ў дзевятнаццаты раз. Яго асноўная праграма ўключае 17 спектакляў тэатраў з Беларусі, Расіі і Казахстана. На гэты раз у афішы аж тры беларускія тэатры лялек — з Магілёва, Гродна і Мінска.



Запрошаны таксама два тэатральныя калектывы з Мінска, арыентаваныя на маладзёжную аўдыторыю, — Беларускі дзяржаўны маладзёжны тэатр і ТЮГ. Як заўсёды, адну з лепшых пастановак пакажа Магілёўскі абласны драмтэатр.

З Расіі ў Магілёў прыедуць добрыя знаёмыя «ТЮГ імя А. А. Бранцава» з Санкт-Пецярбурга, Уладзімірскі акадэмічны абласны тэатр драмы, Ульянаўскі маладзёжны тэатр імя Б. У. Аляксандрава, тэатр-студыя «Невялікі драматычны тэатр» з Санкт-Пецярбурга, тэатр «Школа драматычнага мастацтва» з Масквы, Арлоўскі дзяржаўны тэатр для дзяцей і моладзі «Свабодная прастора». Упершыню ў якасці гасцей форуму свае пастаноўкі прывязуць «Цэнтр развіцця тэатральнага мастацтва «Маскоўскі губернскі драматычны тэатр», Смаленскі камерны тэатр, пермскі тэатр з інтрыгуючай назвай «СТАГОДДЗЕ ЖЫЦЦЯ», Арлоўскі дзяржаўны акадэмічны тэатр імя І. С. Тургенева, Дзяржаўны рускі драматычны тэатр імя Ф. М. Дастаеўскага з казахскага горада Сямей. Паказы адбудуцца на трох сцэнічных пляцоўках Магілёва — абласнога драмтэатра, абласнога тэатра лялек і філармоніі. Як заўсёды адбудуцца штодзённыя абмеркаванні спектакляў з удзелам прафесійнага журы. У яго складзе аўтарытэтныя крытыкі і тэатразнаўцы — заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь, рэжысёр Нацыянальнага акадэмічнага драмтэатра імя М. Горкага, выкладчык Беларускай дзяржакадэміі мастацтваў Валянціна Еранькова, загадчык аддзела тэатральнага мастацтва «Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі», доктар мастацтвазнаўства, старшыня Беларускага саюза тэатральных дзеячаў Вераніка Ермалінская, доктар філалагічных навук, дацэнт, правадзейны член Сербскай Каралеўскай акадэміі інавацыйных навук, намеснік дырэктара Аўтаномнай некамерцыйнай арганізацыі садзейнічання канцэртнай дзейнасці «Рускія сезоны» Ірына Безукладава, рэжысёр-пастаноўшчык Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы імя Ленінскага камсамола Беларусі Дзяніс Фёдараў, старшы выкладчык кафедры гісторыі музыкі і музычнай беларусістыкі Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Надзея Бунцэвіч, магістр тэатразнаўства, драматург, кіраўнік Цэнтра беларускай драматургіі пры Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі Анастасія Васілевіч. Маладзёжнае журы прадставяць студэнты Расійскага інстытута тэатральнага мастацтва з Масквы Міхаіл Асееў і Кацярына Данілава, а таксама малодшы навуковы супрацоўнік НДА БДАМ, чатырохразовая стыпендыянтка Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, студэнтка магістратуры Беларускай дзяржаўнай акадэміі, рэдактар Цэнтра беларускай драматургіі Яўгенія Бачыла. Па выніках форуму будуць названыя найлепшыя спектаклі па ацэнках экспертнага і маладзёжнага жыры, а таксама глядацкіх сімпатый. 


У рамках спецыяльнай праграмы XIX Міжнароднага маладзёжнага тэатральнага форуму «М.@rt. кантакт» запланаваныя творчыя сустрэчы і майстар-класы педагогаў, драматургаў, вядомых рэжысёраў, артыстаў. Работа маладзёжнай творчай лабараторыі будзе арганізавана з удзелам студэнтаў Расійскага дзяржінстытута сцэнічных мастацтваў Аляксандра Бухарына і Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Уладзіслава Лушчынскага.

У творчую атмасферу дапамогуць акунуцца тэматычныя выставачныя экспазіцыі, якія будуць прадстаўлены ў арт-фае тэатра.

Нагадаем, што купіць білеты на спектаклі можна ў касе Магілёўскага абласнога драмтэатра або на сайце Kinoteatr. Megamag.by.

Нэлі ЗІГУЛЯ


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю