— Эканоміка рэгіёна дэманструе ўстойлівае развіццё, — адзначыў у сваім выступленні старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка. — Забяспечана выкананне прагнозаў па шэрагу паказчыкаў. Але, нягледзячы на ўсе поспехі, якія ёсць, ключавы паказчык — ВРП — склаў 100 % пры заданні 101,8 %. Прычына тая ж — падзенне аб’ёмаў вытворчасці ў прамысловасці. Аднак з пачатку года прамысловы сектар рэгіёна павольнымі тэмпамі, але набірае абароты. Стаіць задача па зніжэнні страт на прадпрыемствах рэспубліканскай і камунальнай форм уласнасці.
Анатоль Ісачанка нагадаў, што вынікі асобных прамысловых прадпрыемстваў за першае паўгоддзе былі разгледжаны на рабочай сустрэчы ў Бабруйску. Ім былі дадзены адпаведныя даручэнні. Калі казаць пра раёны, якія не выканалі і паловы даведзеных паказчыкаў, то гэта Круглянскі і Дрыбінскі.
Больш дэталёва пра работу эканомікі вобласці расказала ў сваім дакладзе намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Алена Пруднікава-Кірпічонак.
За студзень-чэрвень Магілёўская вобласць забяспечыла выкананне 4 з 5 мэтавых паказчыкаў матрыцы задач вертыкалі ўлады. Намінальная налічаная сярэднямесячная заработная плата склала 113,3 % пры заданні 110,5 %, інвестыцыі ў асноўны капітал дасягнулі 113,6 % да аналагічнага перыяду мінулага года пры заданні 101,3 %. Уведзена ў эксплуатацыю 225,3 тыс. кв. метраў агульнай плошчы жылля пры заданні на студзень-чэрвень — 137 тыс. кв. метраў, арэнднага жылля — 59,9 тыс. «квадратаў» пры заданні 21 тыс. «квадратаў».
З-за адмоўнай дынамікі ў прамысловасці не выкананы паказчык па валавым рэгіянальным прадукце. Станоўчы ўклад у прырост ВРП аказалі будаўніцтва, аптовы і рознічны гандаль, транспарт, сельская, лясная і рыбная гаспадаркі, сувязь.
Па выніках работы за студзень-чэрвень прамысловымі арганізацыямі вобласці выраблена прадукцыі на суму 8,5 млрд рублёў. У параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года, павялічана вытворчасць у натуральным выражэнні масла сметанковага, тары са шкла, цеплавой і электрычнай энергіі, кармоў для сельскагаспадарчых жывёл, каўбасных вырабаў, паперы і кардону.
За паўгоддзе на развіццё эканомікі і сацыяльнай сферы вобласці за кошт усіх крыніц фінансавання выкарыстана 2529,3 млн рублёў у асноўны капітал — 113,6 % у супастаўных цэнах да мінулага года пры заданні 101,3 %. Асноўнымі крыніцамі інвестыцый з’яўляліся ўласныя сродкі арганізацый, кансалідаванага бюджэту, банкаў і насельніцтва. У першым паўгоддзі ў вобласці рэалізоўвалася 107 інвестпраектаў, засвоена амаль 363 мільёны рублёў пры плане 256,3 мільёна.
За першае паўгоддзе намінальная налічаная зарплата павялічылася на 13,3 % у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. Узровень беспрацоўя на 1 ліпеня склаў 0,1 % да колькасці працоўнай сілы пры прагнозе 1 %.
- — Мы прыраслі па намінальнай зарплаце больш, чым на 13 %, і гэта цудоўны вынік, — адзначыла ў размове з журналістамі Алена Пруднікава-Кірпічонак. — Па інвестыцыях мы лідары, прырост склаў 13,6 %. Пабудавалі і ўвялі дамоў агульнай плошчай у 1,6 раза больш, чым запланавалі, у 3 разы больш пабудавалі арэнднага жылля. На жаль, па ключавым паказчыку ВРП мы дасягнулі пакуль узроўню мінулага года, але 100 % — гэта таксама добры вынік работы рэальнага сектара эканомікі. Галоўнае, пераломлены тэмп падзення, мы пачалі прырастаць па прамысловай вытворчасці. Усе прынятыя меры пачалі паціху спрацоўваць. Думаю, па выніках 9 месяцаў і года мы не адкоцімся назад і выйдзем на прагнозныя паказчыкі.
На станоўчую дынаміку, па словах Алены Пруднікавай-Кірпічонак, спрацавалі ўсе тыя інвестзадумкі і крэдытныя прадукты, якія прапаноўвае ўрад. Спрацаваў прадукт «Моцныя рэгіёны» — 52 праекты атрымліваюць ільготны крэдыт. Запрацаваў і прадукт «Турыстычны патэнцыял».
Нядаўна быў уведзены льготны крэдыт для новага рэгіянальнага прадукту мясамалпраму — для навінак перапрацоўчай харчовай прамысловасці. І для занятых у гэтай сферы дзейнасці існуе добрая магчымасць трапіць у ініцыятыву.
— Усе эканамічныя службы рэгіёна павінны сёння працаваць на суправаджэнне інвестара, а не ў якасці статыста, — адзначыла суразмоўніца. — Эканамічным службам СЭЗ «Магілёў», «Магілёўскаму агенцтву рэгіянальнага развіцця» пастаўлена задача ўнесці прапановы па пераходзе да праектнага кіравання бізнес-ідэямі. Я думаю, гэту навацыю мы з часам ажыццявім. Вопыт праектнага кіравання, напрыклад, шырока выкарыстоўваецца ў Расійскай Федэрацыі і вынік станоўчы. Там па-іншаму будуецца работа. Робяцца матрычныя структуры кіравання, утвараюцца каманды з некалькіх спецыялістаў, якія вядуць на пэўным этапе бізнес-ідэі. І гэта прыносіць вынік.
Нэлі ЗІГУЛЯ