Top.Mail.Ru

У Магілёве прааналізавалі вынікі работы ідэалагічнай вертыкалі за мінулы год

«Трэба рабіць акцэнт на якасць і аператыўнасць»


Удзел у калегіі Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Магілёўскага аблвыканкама прынялі прадстаўнікі абласной улады, профільных міністэрстваў, Адміністрацыі Прэзідэнта, сілавога ведамства. Начальнік упраўлення Кацярына Музычэнка агучыла вынікі па асноўных кірунках работы за мінулы год, удакладніўшы, што павышэнне эфектыўнасці ідэалагічнай работы — гэта задача палітычная. 


— У выкананне Дырэктывы № 12 — першага ключавога праграмнага дакумента, які вызначае ідэалагічнае развіццё дзяржавы — у Магілёўскай вобласці створана выразная структура ідэалагічнай вертыкалі, — паведаміла яна. —У гаррайвыканкамах функцыянуюць аддзелы ідэалагічнай работы і па справах моладзі ў колькасці не меней чым 3 чалавекі. Акрамя гэтага, ва ўсіх арганізацыях з колькасцю працуючых ад 600 і больш чалавек, а таксама ва ўстановах вышэйшай адукацыі каардынацыю ідэалагічнай работы ажыццяўляюць намеснікі кіраўнікоў і прарэктары, адпаведна. Для арганізацыі больш эфектыўнай работы сёлета сумесна з таварыствам «Веды» і МДУ імя Куляшова запланаваны цыкл навучальных мерапрыемстваў, які ўключае ў сябе правядзенне практыкаарыентаваных семінараў, круглых сталоў, канферэнцый.

Спікер расказала пра дзейнасць інфармацыйна-прапагандысцкіх груп, якімі летась толькі ў рамках Адзінага інфармацыйнага дня праведзена 27 тысяч сустрэч у працоўных калектывах. Грамадска-палітычную абстаноўку ў рэгіёне яна ахарактарызавала як стабільную, адзначыўшы, што па сацдаследаваннях 85% жыхароў задаволена якасцю свайго жыцця і што насельніцтва давярае мясцовым органам улады. Маніторынг грамадска-палітычнай і сацыяльна-эканамічнай сітуацыі дае магчымасць своечасова выяўляць актуальныя праблемы і прымаць меры па іх вырашэнні. 

У рэгіёне забяспечана аператыўнае рэагаванне на звароты грамадзян і праблемныя пытанні, якія ўздымаюцца ў сацыяльных сетках. Было агучана таксама, якая работа праводзіцца па ўвекавечанні памяці загінулых пры абароне Айчыны, для кансалідацыі насельніцтва праз грамадскія арганізацыі, іншых кірунках.

Намеснік міністра інфармацыі Беларусі Дзяніс Езерскі адзначыў, што ў параўнанні з 2024 годам у рэгіёнах наладзілі паслядоўную сістэму публікацый аналітычнага, крытычнага, грамадска-значнага характару, а таксама пра дзейнасць Прэзідэнта. 

— Сёння галоўнае павысіць якасць інфармацыйнага прадукту, — падкрэсліў ён. — І не абмяжоўвацца друкаваным фарматам. Мы павінны быць прадстаўлены ва ўсіх без выключэння сродках інфармацыі. Простай мовай тлумачыць, што адбываецца і як гэта будзе ўплываць на рэгіён.


— Задача не проста надрукаваць матэрыял і паставіць галачку, — рэзюмаваў ён. — Трэба разумець, пра што і як мы пішам. Што датычыцца крытычных матэрыялаў, праблемных, грамадска-значнай тэматыкі — усё павінна аналізавацца. Нельга дазваляць гуляць на нашым інфармацыйным полі дэструктыўным рэсурсам. 

Начальнік галоўнага ідэалагічнага ўпраўлення Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандр Ліпніцкі крытычна выказаўся наконт таго, што вось амаль год дзейнічае Дырэктыва № 12, але за лічбамі не бачна якасці работы. 

— Ідэалогія — гэта шырокая сфера, тут акрамя інфармацыйнай работы ёсць і эканоміка, і адукацыя, і ахова здароўя, і іншыя галіны, — падкрэсліў ён. — Па асобных кірунках вобласць мае добрыя вынікі. Але хочацца нагадаць, што інфармацыйная работа не павінна быць фармальнай. Некаторыя мерапрыемствы праводзяцца для птушачкі і людзі на іх адкрыта сумуюць або не да канца разумеюць, пра што ідзе гаворка. На першым плане павінен быць чалавек. Калі з ім не паразмаўляць, ён звернецца ў інтэрнэт. І гэта будзе ўжо сацыяльны нарыў, які выйшаў вонкі.

Начальнік упраўлення па ўвекавечанні памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр войнаў Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь Сяргей Корнеў расказаў аб выніках пошукавай дзейнасці. Ён высока ацаніў дзейнасць Магілёўскага абласнога гісторыка-патрыятычнага пошукавага клуба «Віккру» ў данясенні гістарычнай памяці да моладзі. А яго выданне — «Пошукавы веснік» — назваў унікальным метадычным дапаможнікам па правядзенні пошукавых работ. 

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю