Пытанні скарачэння дэфіцыту кадраў і замацавання маладых спецыялістаў сталі тэмай для абмеркавання ў Магілёўскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў ЖКГ і сферы абслугоўвання. Як паказаў аналіз выпадкаў звальнення маладых спецыялістаў па мінулым годзе, палова іх звязаная з прызывам у армію. Яшчэ 10 % былі пераведзеныя да іншых наймальнікаў. Менш як трэць маладых спецыялістаў пакінулі свае працоўныя месцы пасля заканчэння кантракту і адпрацоўкі. Яшчэ ў 5 % выпадкаў працоўныя адносіны былі спынены па іншых прычынах.
— Праведзены аналіз дазваляе выпрацаваць канкрэтныя меры па замацаванні моладзі ў арганізацыях, — лічыць старшыня абласной арганізацыі галіновага прафсаюза Павел ЖУЙКОЎ. — Напрыклад, у Пагадненне паміж галоўным упраўленнем ЖКГ Магілёўскага аблвыканкама і абласной арганізацыяй галіновага прафсаюза ўключана норма аб аказанні аднаразовай матэрыяльнай дапамогі работнікам, якія вярнуліся ў арганізацыю пасля ваеннай або альтэрнатыўнай службы, у памеры да 20 базавых велічынь. Мы клапоцімся і пра вопытных спецыялістаў, якія дасягнулі ўстаноўленага пенсіённага ўзросту, але працягваюць працаваць. Пры згодзе на заключэнне або прадаўжэнне кантракта ім, як і маладым спецыялістам, прадугледжана аднаразовая выплата ў памеры не менш чым пяць базавых велічынь за кожны год.
Для замацавання на працоўных месцах моладзі наймальнікі і прафсаюзныя арганізацыі практыкуюць развіццё настаўніцтва, аказваюць дапамогу ў забеспячэнні жыллём, падтрымліваюць маладзёжныя ініцыятывы, садзейнічаюць навучанню і павышэнню кваліфікацыі.
Нэлі ЗІГУЛЯ