Top.Mail.Ru

У Магілёве працягваецца VI Міжнародны фестываль-конкурс мастацтваў «Залатая мара»

Яго арганізатарам з’яўляецца Магілёўскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці і культурна-асветнай работы. Мерапрыемства праводзіцца з мэтай папулярызацыі розных жанраў мастацкай творчасці і падтрымкі таленавітых дзяцей і творчай моладзі. Сёлета ў ім прымаюць удзел выканаўцы і калектывы з Віцебска, Гомеля, усіх раёнаў Магілёўскай вобласці, а таксама прадстаўнікі з Санкт-Пецярбурга і Смаленскай вобласці. Яны спаборнічаюць за званне пераможцаў у чатырох жанрах — тэатральным, харэаграфічным, вакальным і музычна-інструментальным.


— Кожны год у нашым фестывалі прымае ўдзел каля 2 тысяч чалавек, — адзначыла мастацкі кіраўнік фестывалю Святлана Яфрэмава. — Кожны дэманструе свой талент, майстэрства, паказвае, на што здольны. Гэты фестываль свята творчасці і натхнення. Прыемна назіраць, як шмат у нас таленавітай моладзі. 

Ужо вызначыліся пераможцы ў тэатральным і харэаграфічным мастацтвах. Уладальнікам Гран-пры ў жанры «Тэатральнае мастацтва» стала прадстаўніца Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі з Кіраўска Магілёўскай вобласці Віталіна Нявінская. Харэаграфічныя калектывы і індывідуальныя выканаўцы выступілі ў пяці намінацыях — класічны, эстрадны, народна-стылізаваны і народна-сцэнічны танец, а таксама сучасная харэаграфія. Дыпломы I ступені атрымалі Міраслава Кулініч з Санкт-Пецярбурга, харэаграфічная студыя «АТЛАНТЫС» з Магілёва, ансамбль танца «Каблучак» сярэдняй школа № 459 Санкт-Пецярбурга, харэаграфічны гурток «МультыДзеткі» Палаца культуры вобласці з Магілёва. Наперадзе яшчэ два дні спаборніцтваў, у выніку якіх стануць вядомы імёны пераможцаў сярод вакалістаў і інструменталістаў. 

Як адзначыла вядучы рэдактар Магілёўскага абласнога метадцэнтра НТ і КПР Крысціна Башарымава, каштоўнасць фестывалю яшчэ і ў тым, што за шэсць гадоў свайго існавання ён стаў не толькі платформай для выяўлення талентаў, але і месцам для абмену культурным вопытам.

Фота з архіва Магілёўскага абласнога метадцэнтра НТ і КПР

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю