Top.Mail.Ru

У Магілёве ўрачыста адкрыўся Міжнародны маладзёжны тэатральны форум «М.@rt.кантакт»

Пад гукі аркестра, апладысментаў, захопленых воклічаў вось ужо ў 19 раз у Магілёў завітала гэта прыгожае вясновае свята. Тэатральная моладзь сваім дынамічным перфомансам разагнала над плошчай перад драмтэатрам шэрыя хмары і ззяла сваімі ўсмешкамі не горш чым само сонейка. Мерапрыемства распачалося а палове шостай вечара. А перад гэтым на сцэне Магілёўскага лялечнага тэатра артысты Пермскага тэатра «Век Жыцця» адыгралі першы фестывальны спектакль «Носферату». Спектакль-роздум, як, дарэчы, і ўсе астанія, якія стварыў цудоўны выбітны рэжысёр з Екацерынбурга Мікалай Каляда. На жаль, рэжысёр, які неаднаразова прыязджаў на фестываль са сваім тэатрам і радаваў сваімі пастаноўкамі магіляўчан ў сёлетнім сакавіку заўчасна пайшоў з жыцця. Артысты-пермякі прысвяцілі сваё выступленне яму, падкрэсліўшы, што і для іх тэатра ён адыграў вельмі важную ролю.


Наогул ў тэатральнай афішы сёлетняга фестывалю 17 спектакляў калектываў з Беларусі, Расіі і Казахстана. Яны пройдуць на трох тэатральных сцэнах з 20 па 27 сакавіка. На сцэне Магілёўскага абласнога драмтэатра быў дадзены афіцыйны старт падзеі. З прывітальным словам да гледачоў звярнуўся намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Алег Стэльмашок, які зачытаў прывітальны адрас кіраўніка вобласці Анатоля Ісачанкі. З вуснаў кансультанта ўпраўлення прафесійнага мастацтва галоўнага ўпраўлення дзяржаўных спецыяльных культурных мерапрыемстваў і прафесійнага мастацтва Міністэрства культуры Яўгеніі Багдановіч прагучала віншаванне з падзеяй міністра культуры Руслана Чарнецкага. 


Традыцыйна ў рамках форуму, акрамя паказаў спектакляў беларускіх і замежных тэатральных калектываў, адбудуцца майстар-класы, творчыя сустрэчы, будзе працаваць маладзёжная творчая лабараторыя.


Вядучыя яшчэ раз нагадалі, што ў фестывальнай афішы спрэс праслаўленыя тэатры — лаўрэаты нацыянальных і міжнародных тэатральных прэмій. Дарэчы, за час існавання форуму яго ўдзельнікамі сталі тэатры з 22 краін свету, якія адыгралі 320 спектакляў.


Па выніках форуму, як заўсёды, будуць названы тры лепшыя спектаклі па меркаванні прафесійнага журы, маладзёжнага і гледачоў. Апошнія будуць галасаваць сваімі квіткамі, кідаючы іх у скрыні, якія ўстаноўлены ў фае тэатраў. У Магілёўскім абласным тэатры гледачы могуць таксама выказваць свае меркаванні на спецыяльных стэндах, якія ўстаноўлены ў фае. Учора там з’явіліся першыя водгукі пасля спектакля Арлоўскага дзяржаўнага акадэмічнага тэатра імя І.Тургенева «Яўгеній Анегін». Цікавы пранізлівы погляд на паэму Аляксандра Пушкіна.


Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю