Top.Mail.Ru

У Магілёве ўспаміналі фотамастака Анатоля Талкачова, які пакінуў яркі след у беларускім фотамастацтве

Аўтар:

«Пазітыўны як праменьчык»


Таленавіты фотамастак Анатоль Талкачоў пайшоў з жыцця ў кастрычніку мінулага года. Але засталіся яго захапляльныя фотаработы, сонечныя як свята карціны, калекцыя прынесеных з небяспечных горных паходаў мінералаў. І яшчэ нешта нерэальнае, тое, што грэе душу шматлікіх яго сяброў і прыхільнікаў. Іх было вельмі шмат на адкрыцці выставы «Дарога ў неба», якая прымеркаваная да гадавіны з дня яго смерці ў музеі гісторыі Магілёва.

Імя на карце

Некалькі залаў напоўненых настроем, эмоцыямі, радасцю. Менавіта такія пачуцці выклікаюць работы Анатоля Талкачова, старанна падабраныя для выставы яго сябрамі. Нават чорна-белыя выглядаюць аптымістычна. Напэўна таму, што прысвечаныя горам. А там сумна не бывае. У вітрыне пад шклом кніга «Вецер далёкіх гор» пра магілёўскіх турыстаў і альпіністаў, створаная з іх удзелам. На абгортцы карта, дзе замест населеных пунктаў стаяць прозвішчы ўдзельнікаў экспедыцыі. І сярод іх ёсць пункт пад назвай Анатоль Талкачоў. З рукзаком і фотаапаратам ён абышоў амаль усе горныя раёны СССР, стаў майстрам спорту па горным турызме, чэмпіёнам Савецкага Саюза ў класе падарожжаў пятай катэгорыі складанасці.



На адным з фота пачатку 80-х яго сябар па экспедыцыях — Сяргей Мяжэвіч, з ім фотамастак скарыў не адну з вяршынь.

— Мы якраз выходзім на перавал, я іду апошнім, — успамінае альпініст. — А ў тых, хто ідзе першым і апошнім, самая адказная работа. Падымаюся наверх, цягну за сабой вяроўкі, а тут усё крычаць: «Стой, не варушыся, Талкачоў здымае!» Я ўсё кінуў, руку падняў і ён мяне сфатаграфаваў. 

Гэта якраз горны турысцкі пераход пятай катэгорыі складанасці па Паміра-Алаю (Матчынскі горны вузел), дзе Анатоль Талкачоў быў кіраўніком. А Сяргей Мяжэвіч вёў паходны дзённік. Калі чытаеш пра тыя складанасці, якія пераадольвала група, лепш разумееш словы знакамітага барда Уладзіміра Высоцкага: «Если друг оказался вдруг,/ И не друг, и не враг — а так, /Если сразу не разберешь, / Плох он или хорош. /Парня в горы тяни — рискни! / Не бросай одного его, /Пусть он в связке одной с тобой. /Там поймешь, кто такой...» 

— Калі ідзеш у горы, ты ўвесь час рызыкуеш жыццём, — кажа Сяргей Мяжэвіч. — Але, калі ёсць апора, нашмат лягчэй. Талкачоў быў адной з надзейных апор. Калі ён быў за спінай, я не азіраўся, ішоў наперад і ведаў: калі што — цябе зловяць, выратуюць...

Не проста фота на памяць 

Фотамайстар Ірына Савосіна з цеплынёй успамінае свайго калегу па магілёўскім народным фотаклубе «Вясёлка».

— Я прыйшла ў фотаклуб на пяць гадоў пазней за Анатоля, — кажа яна. — Заснавальнікамі нашай фотамайстэрні былі зоркі міжнароднага класу — Павел Цішкоўскі, Зіновій Шэгельман. Гэта была добрая творчая школа. На той час Анатоль мала ўдзельнічаў у нашых фотапленэрах па Магілёве і Беларусі, таму што быў вельмі актыўным турыстам, альпіністам і ўсё лета праводзіў у гарах. Адтуль ён прывозіў менавіта работы, а не здымкі на памяць, як часцей за ўсё бывае ў нас. Гэта была асэнсаваная, прадуманая работа, вельмі складаная, бо акрамя таго, што ты павінен выконваць усё тое, што табе належыць пры ўзыходжаннях, ты яшчэ і здымаеш.



Ірына расказвае, як Талкачоў тыднямі сядзеў у фоталабараторыі, манціруючы амаль метровых памераў здымкі для творчай справаздачы. Для пачатку 70-х гэта была фантастычная работа. Нездарма яго фота неаднаразова станавіліся пераможцамі прэстыжных конкурсаў. Сярод іншых здымкаў на выставе ёсць вельмі незвычайны, які ён зрабіў ваеннаслужачым 76-й гвардзейскай паветрана-дэсантнай дывізіі ў Пскове падчас скачка з парашутам у 1968 годзе. У ёй ёсць нешта адначасова касмічнае і зямное. Далёка ўнізе аб’екты і ландшафты і над усім гэтым у паветры распускаюцца беласнежныя дзьмухаўцы. 

Горад, якога няма

Немагчыма адарвацца ад здымкаў 60—80-х з відамі Магілёва. Здаецца, гэта зусім іншы горад. Глядзіш і адчуваеш незразумелае хваляванне — гэтыя вуліцы, людзі, іх твары настолькі жывыя, што здаецца, усё гэта зараз схлыне на цябе і закруціць у вір шчаслівых успамінаў. Побач мастацкія работы, створаныя таленавітай рукой Анатоля Талкачова. У дзяцінстве ён наведваў аб’яднанне «Юныя мастакі» ў магілёўскім Палацы піянераў, а дарослым прымяняў гэтыя ўменні ў стварэнні фотаработ.


— Выстава адлюстроўвае шматгранную творчасць Анатоля Фёдаравіча Талкачова, — кажа дырэктар музея гісторыі Магілёва Наталля Стральцова. — Ён і фатограф, і турыст, і мастак. Невыпадкова выстава выклікае цікавасць. А яшчэ павагу да аўтара гэтых работ і захапленне. Нездарма кажуць, што ў горы ідуць людзі, якім давяраюць жыццё, — ненадзейных туды не бяруць. Якім ён быў, тут можна ўбачыць сваімі вачамі. Здымкі шмат што пра яго раскажуць. І нават на тых, дзе пазіруе іншым, ён пазітыўны як праменьчык. 

Дарога ў неба

Калегі па народным фотаклубе «Вясёлка» лічаць знакавым фотаздымак, зроблены падчас пленэру ў Асіповіцкім раёне. Фотасесія праходзіла на развалінах старога свіслацкага замка. Калега фотамастака Аляксандр Грэбенеў сфатаграфаваў Анатоля Талкачова на фоне праёма, з-за якога выглядае сонца. Быццам бы той сабраўся ступіць на светлавую сцяжынку і на хвіліну прыпыніўся, каб яшчэ раз паглядзець на той свет, з якім кожнаму з нас аднойчы прыйдзецца развітацца. Погляд спакойны, нават аптымістычны. Як у чалавека, якога зноў паклікала дарога. І ён не можа не ісці.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара і Валерыя МАСКАЛЕВА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю