Дні памяці славутага Святога адзначаць 5-6 жніўня. Вечарам 5 жніўня ў Свята-Мікольскім жаночым манастыры ў Магілёве адбудзецца ўсяночнае богаслужэнне архірэйскім чынам. А 6-га — пасля Літургіі ў Спаса-Праабражэнскім кафедральным саборы, якую адслужаць мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін і архірэі Беларускай Праваслаўнай Царквы, пройдзе малебен каля помніка свяціцеля на агляднай пляцоўцы каля спуску ў гарадскі парк Падміколле.
Свяціцель Георгій (Каніскі) заняў Магілёўскую кафедру ў цяжкія для Праваслаўя часы. На ўсёй тэрыторыі Беларусі, якая на той момант ўваходзіла ў склад Рэчы Паспалітай, заставалася толькі адна праваслаўная епархія з цэнтрам у Магілёве. Афіцыйныя ўлады Польска-Літоўскай дзяржавы ўсяляк імкнуліся яе знішчыць. Праваслаўе зневажалася, вернікам забаранялася прымаць удзел у дэпутацкай дзейнасці, трыбуналах і камісіях, займаць ваяводскія, земскія і гарадскія пасады, арганізоўваць публічныя царкоўныя сходы.
Свяціцель змагаўся за роўнасць правоў падданых Рэчы Паспалітай розных канфесій, клапаціўся пра асвету падведамнага яму духавенства. У 1757 годзе ён адкрыў друкарню пры архірэйскім доме і выпусціў праваслаўны «Катэхізіс» Феафана Пракаповіча, які бясплатна распаўсюджваў па храмах епархіі. У гэты ж перыяд ім быў заснаваны цэлы шэраг школ накшталт брацкіх царкоўных вучылішч, адкрыта духоўная семінарыя пры Праабражэнскім манастыры. З 1783 года свяціцель з’яўляецца беларускім праваслаўным архіепіскапам, членам Святога Сінода.
У 1993 годзе па рашэнні Сінода Беларускай Праваслаўнай Царквы архіепіскап Георгій (Каніскі) быў прылічаны да Сабору Беларускіх святых. А 30 лістапада 2017 года Архірэйскі Сабор Рускай Праваслаўнай Царквы прыняў рашэнне аб агульнацаркоўным праслаўленні свяціцеля з устанаўленнем святкавання яго памяці 6 жніўня.