Top.Mail.Ru

У Магілёве стартуе праграма мерапрыемстваў у гонар Дня Перамогі

У горадзе ўжо адчуваецца набліжэнне свята. Ідуць рэпетыцыі, адкрываюцца выставы, праходзяць спартыўныя, канцэртна-забаўляльныя мерапрыемствы, прысвечаныя 9 Мая.


Шостага мая ўрачыста распачнецца бесперапынны канцэрт працягласцю ў 81 гадзіну з удзелам творчых калектываў філармоніі і найбуйнейшых устаноў культуры вобласці. Патрыятычны канцэрт-акцыю падрыхтавала Магілёўская абласная філармонія. Выступленні будуць праходзіць з 6 па 9 мая на вулічнай пляцоўцы каля яе будынка. Тут установяць LED-экран са святлодыёднымі панелямі і партэр на 50 месцаў. У праграме — выступленні артыстаў, у тым ліку тэатра, кінапрагляды, прэзентацыі Магілёўскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі. На канцэрт «Вялікі Май! Вялікая Перамога!» запросіць таксама адкрытая пляцоўка Цэнтра творчасці «Эверэст».

Сёмага мая Магілёўскі гарадскі Цэнтр культуры і вольнага часу прысвеціць Дню Перамогі канцэрт «Ад герояў былых часоў». Выступяць заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь Магілёўская гарадская капэла і заслужаны артыст Расійскай Федэрацыі, саліст Маскоўскага тэатра «Новая опера» імя А. У. Колабава Уладзімір Кудашаў. 

Беларускі дзяржуніверсітэт харчовых і хімічных тэхналогій на сваёй адкрытай пляцоўцы будзе падымаць настрой канцэртна-забаўляльнай праграмай «Перамогі нашай радасць!». А Магілёўскі дзяржаўны тэхналагічны каледж арганізуе спартыўна-патрыятычнае мерапрыемства «Раўненне на Перамогу!» Яшчэ адзін магілёўскі каледж — індустрыяльны — правядзе конкурс ваенна-патрыятычнай песні «Мы гэтай зямлі працяг».

Восьмага мая канцэрты будуць грымець у розных куточках Магілёва — на адкрытых пляцоўках жылых масіваў, каля ўстаноў адукацыі, гандлёвага цэнтра «Парк-Сіці». Багатым на розныя мерапрыемствы стане само свята 9 Мая. У 8 гадзін раніцы адбудзецца ўрачыстае шэсце з удзелам духавога аркестра да брацкага пахавання па вуліцы Аўтазаводскай. Падчас мітынгу-рэквіму ўдзельнікі ўспомняць, якой цаной была заваяваная доўгачаканая Перамога. 

Асноўнымі пляцоўкамі свята стануць плошчы Славы і Леніна, дзе адбудуцца парад нашчадкаў і марш воінскіх часцей Магілёўскага гарнізона. Па традыцыі па вуліцы Першамайскай пройдзе ўрачыстае тэатралізаванае шэсце. Шмат цікавага чакае гараджан на святочных пляцоўках у Камсамольскім скверы, плошчы Адзінства, Пячэрскім лесапарку, парку ў Падніколлі, на плошчы Зорак і ў іншых куточках горада. 

А палове дзясятай вечара на плошчы Славы магіляўчан і гасцей горада збярэ тэатралізаваны канцэрт «Яны выстаялі, каб мы жылі» і патрыятычная акцыя
«Праспяваем «День Победы». Завершыцца мерапрыемства святочным феерверкам, які расквеціць мірнае неба над павольнымі хвалямі Дняпра. 

Нэлі ЗІГУЛЯ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю