Top.Mail.Ru

У Магілёве сустрэлі ўдзельнікаў сумеснага беларуска-расійскага культурна-асветнага праекта «Цягнік Памяці»

Цягнік прыбыў на станцыю «Магілёў» пад гукі духавога аркестра і прывітальныя воклічы сустракаючых. Прыйшло шмат моладзі, прысутнічалі малалетнія вязні фашысцкіх канцлагераў, прадстаўнікі абласной улады, дэпутаты. Удзельнікаў праекта сустракалі як доўгачаканых гасцей — з усмешкамі, букетамі кветак.



— Мы вельмі рады вітаць вас на гасціннай магілёўскай зямлі, — звярнуўся да моладзі намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Алег Стэльмашок. — Нас усіх аб’ядноўвае агульная гісторыя і традыцыі. Гэты праект дае магчымасць знайсці новых сяброў, падзяліцца настроем, эмоцыямі. Вы нашчадкі пакалення пераможцаў і заўсёды павінны пра гэта помніць і перадаваць гэтую памяць наступным пакаленням. 

Выступоўцы казалі пра важнасць праекта, пра тое, што гэта не проста падарожжа ў прыгожых вагонах, а сапраўдны мост паміж нашым гераічным мінулым і сучаснасцю. Ён дае магчымасць ацаніць, якой цаной была заваяваная Перамога. 

Калі дзяўчынкі ў стылізаваных пад 40-я гады сукенках і юнакі ў белых кашулях закружылі ў вальсе Перамогі, да іх далучыліся і ўдзельнікі праекта.

— Я вельмі ўражаная сустрэчай у Магілёве — вельмі маштабна і прыгожа, — прызналася дзесяцікласніца Карына Мурашка са Смалявіцкага раёна. —Да слёз кранула, што сустракаць нас прыйшлі ветэраны. Мой прадзядуля Уладзімір Рудзянкоў быў партызанам 8 Рагачоўскай брыгады, яму было 17 гадоў, калі пачалася вайна. Ён для мяне сапраўдны герой, у яго было шмат узнагарод.

— Вельмі хачу пабываць у Валгаградзе, убачыць сваімі вачамі Мамаеў курган і скульптуру Радзіма-маці, — дзялілася спадзяваннямі дзяўчына. — Для мяне гэта месца, якое трэба наведаць кожнаму, хто паважае гісторыю Вялікай Айчыннай вайны. 

Карына паведаміла, што для яе вельмі ганарова прадстаўляць свой раён у такім грандыёзным праекце. «Праект неверагодна цікавы і важны, — адзначыла яна. — У нас усяго 16 дзён на тое, каб пазнаёміцца бліжэй і пабыць разам. Мы нашым атрадам адразу ж вельмі добра пасябравалі, вучым адзін аднаго традыцыям нашых народаў. У атрадзе і расіяне, і таджыкі, і туркмены, і казахі — усяго ў цягніку едуць прадстаўнікі 15 краін свету». 

Пасля цёплай сустрэчы ўдзельнікі праекта адправіліся на аўтобусах на мемарыяльны гісторыка-культурны комплекс Буйніцкае поле. Там жа яны наведалі Магілёўскі агратэхнічны каледж імя К. Арлоўскага, дзе азнаёміліся з экспазіцыяй пад адкрытым небам, прысвечанай вызваленню населенага пункта ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Затым знаёмства з Магілёвам працягнулася ў сценах Палаца культуры вобласці, дзе моладзь прыняла ўдзел у культурна-забаўляльным шоу «У рытме Перамогі». Сёння ж цягнік адправіцца па маршруце далей. 

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю