Top.Mail.Ru

У Магілёве тэатр і музей прымеркавалі сумесную выставу да форуму «М.@рт.кантакт»

Гэта сумесны праект заслужанага калектыву Магілёўскі абласны драмтэатр і Магілёўскага абласнога краязнаўчага музея імя Я. Раманава. Выстава пад назвай «Сакавік. Жывапіс. Графіка» прадстаўлена работамі двух вядомых мастакоў — ураджэнцаў Магілёўскай вобласці Віктара Альшэўскага і Ганны Паўлавай — з фондаў філіяла краязнаўчага музея — мастацкага музея імя Паўла Масленікава.


Адкрыццё адбылося пад чароўныя гукі музычнага калектыву «Квартэт» і апладысменты аматараў тэатральнага мастацтва. Яны прыйшлі на спектакль «Трыбунал», прэм’ера якога нядаўна адбылася ў сценах тэатра, і атрымалі такі прыгожы бонус да свайго білета.


— Я вельмі рада, што наш любімы фестываль «М.@рт.кантакт» на гэты раз будзе суправаджацца не толькі меладычнымі гукамі, але і прыгожымі вясновымі фарбамі, — паведаміла падчас адкрыцця выставы дырэктар тэатра Вольга Кузняцова. — Я дзякую мастакам, якія падарылі нам гэту выставу. У далейшым мы спадзяёмся нашы сумесныя з музеем праекты развіваць і пашыраць.


Дырэктар Магілёўскага абласнога краязнаўчага музея імя Я. Раманава Яўген Белавусаў падкрэсліў, што гэта той выпадак, калі адзін від мастацтва арганічна дапаўняе другі, чым узмацняе ўздзеянне на гледача. 

— Мы знайшлі ў творах гэтых мастакоў пэўную тэатральнасць, — адзначыў ён. — Адразу нават цяжка разгадаць той сюжэт, які тут схаваны. Гэта як тэатральная пастаноўка, якую трэба спачатку паглядзець, а потым абдумаць, што ж хацеў сказаць рэжысёр. Мастак у нейкай ступені таксама рэжысёр. І яго думку таксама трэба разгадаць. 


Сумесны праект тэатра і музея ўжо не першы, таму гэта плённае супрацоўніцтва вырашана было замацаваць пагадненнем.

— Музей крыху іншая культурная дзейнасць, але для мастацтва меж няма, — рэзюмаваў Яўген Белавусаў. — Будзем і надалей аб’ядноўвацца і ствараць цікавыя для гледача праекты. Вельмі спадзяюся, што і тэатр знойдзе магчымасць прыйсці ў музей. Наперадзе міжнародная акцыя «Ноч музеяў», якая вельмі папулярная ў нашых наведвальнікаў. Магчыма і тэатр падключыцца, каб атрымаўся двайны эфект.


Нэлі ЗІГУЛЯ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю