Top.Mail.Ru

У Магілёве запрасілі на бясплатную экскурсію па культавых мясцінах

Студзень у Беларусі праходзіць пад знакам рэлігійнага турызму. Магілёўскі аблвыканкам сумесна з турыстычным інфармацыйным цэнтрам «Рэгіён Магілёў» у рамках гэтай падзеі арганізаваў знаёмства са Свята-Мікольскім жаночым манастыром.


Жамчужына на «грыўцы»

Магілёўскі Свята-Мікольскі манастыр — жамчужына архітэктуры XVІІ стагоддзя. Ён адзіны з чатырох манастыроў Магілёва, які ў савецкі час захаваў свае будынкі. З 1937 года ў ім знаходзілася перасыльная турма, а з 1946-га размяшчалася кніжная база.

Манастыр у адрозненне ад іншых культавых будынкаў, узведзены ў нізіне. Але калі больш уважліва вывучыць рэльеф, то адкрыецца, што ён стаіць на «грыўцы». Раней тутэйшыя мясціны моцна затапляла падчас паводкі, а вось гэта так званая грыўка ніколі не знікала пад вадой. Пачынаў манастыр будавацца ў час апалячвання сучасных беларускіх тэрыторый, калі праваслаўныя храмы зачыняліся. Будаўніцтва было немагчымым без дазволу польскага караля, але Уладзіслаў ІV слыў чалавекам даволі талерантным да прадстаўнікоў іншай веры і пайшоў насустрач хадайніцтву мітрапаліта Пятра Магілы. Вернікі звяртаюць увагу, што нават прозвішча гэтага свяціцеля сугучна назве горада, і справядліва лічаць яго заснавальнікам манастыра. Дазвол быў атрыманы ў першай палове XVІІ стагоддзя. Пабудаваныя спачатку драўляныя царква і келлі, на жаль, не захаваліся. У другой палове гэтага ж стагоддзя былі ўзведзены брама, агароджа і каменны храм.

— Дзве вежы на фасадзе храма — гэта ўплыў эпохі Адраджэння, — удакладняе наш экскурсавод — дырэктар Духоўна-асветніцкага цэнтра імя Свяціцеля Георгія (Каніскага) Магілёўскай епархіі Беларускай праваслаўнай царквы дыякан Сяргей Сомаў. — Алтарныя апсіды павернутыя на ўсход па праваслаўнай традыцыі, сімвалізуючы, што мы ўсе на зямлі прыходзячыя, падарожнічаем ад заходу жыцця на ўсход вечнасці.

Яшчэ адно імя, з якім непарыўна звязана гісторыя Магілёва, належыць першаму магілёўскаму святому — Свяціцелю Георгію Каніскаму, які ўзначальваў Магілёўскую кафедру з 1755 года на працягу 40 гадоў. Ён быў прафесарам акадэміі, асветнікам. Пабудаваў шмат школ, некалькі цэркваў, у тым ліку і Спаскі сабор у Магілёве, дзе і быў пахаваны. На жаль, гэты храм разбураны, а імя Свяціцеля захавалася ў назве палаца, дзе цяпер знаходзіцца Духоўна-асветніцкі праваслаўны цэнтр Магілёўскай епархіі. Дзякуючы Георгію Каніскаму на тэрыторыі Свята-Мікольскага манастыра быў пабудаваны яшчэ адзін храм — Прападобнаму Ануфрыю Вялікаму. Ён быў закладзены ў апошні год жыцця архіепіскапа — у 1793-м.

У памяць пра Свяціцеля ўдзячныя нашчадкі ўстанавілі некалькі гадоў таму амаль чатырохметровы помнік на верхняй пляцоўцы параднай лесвіцы, па якой людзі ідуць у Падмікольскі парк, а праз яго ў манастыр.

Чым мікольскі манастыр падобны на новадзявочы?

Галоўны сабор манастыра імя Мікалая Цудатворца лічыцца рэдкім помнікам беларускага барока і занесены ў Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. 

Галоўны храм комплексу будаваўся ў тыя часы, калі купецтва не эканоміла на ўбранні. Ён прыгожы звонку, але ад яго інтэр’ера наогул не адвесці вока. Захаваўся пазалочаны чатырох’ярусны іканастас канца XVІІ стагоддзя, аўтара якога пэўны час не маглі ўстанавіць. Версія пра беларускіх майстроў паявілася дзякуючы вучоным, якія звярнулі ўвагу на тое, што ў храме Смаленскай іконы Божай Маці Новадзявочага манастыра ў Маскве іканастас вельмі падобны на магілёўскі — тая ж мудрагеліста перавітая вінаградная лаза ў пазалоце. Там жа захаваліся запісы, што іканастас рабілі беларускія майстры на чале са шклаўчанінам Клімам Міхайлавым. Не выключана, што саборы ў Магілёве і Маскве афармляла адна і тая ж рука майстра.

Багатая духоўная спадчына

Рэлігійны турызм — вельмі перспектыўны кірунак, лічыць намеснік начальніка ўпраўлення спорту і турызму Магілёўскага аблвыканкама Вадзім Брэжазінскі.

— Экскурсія па Свята-Мікольскім манастыры выклікала вялікі ажыятаж, — кажа ён. — Нашымі турыстычнымі арганізацыямі распрацаваны 22 маршруты падарожжаў і экскурсійных тураў рэлігійнай тэматыкі. Летась было створана яшчэ два — у Касцюковіцкім раёне. У рабоце знаходзіцца буклет па рэлігійным турызме Магілёўскай вобласці.

Сяргей Сомаў перакананы, што такія вандроўкі выхоўваюць і маральныя якасці чалавека.

— Да нас вельмі часта прыходзяць і мясцовыя, і прыезджыя, — кажа ён. — Людзі імкнуцца ў далёкія падарожжы, а калі прыходзяць да нас, адкрываюць гісторыю і прыгажосць родных месцаў. А бывае, што гэта становіцца пачаткам шляху духоўнага адраджэння чалавека.

Фота аўтара

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю