Top.Mail.Ru

У Магілёве запусцілі аўтаномную электрападстанцыю для новага мікрараёна

Мікрараён Саломінка-2 вырас літаральна на вачах. Ён разлічаны на 30 тысяч жыхароў. Яго галоўная асаблівасць у тым, што аб’екты сацыяльнай сферы і жыллёвы фонд тут цалкам электрычныя.


І новая закрытая падстанцыя 110/10 кВ «Саломінка» з двума ўнутранымі сілавымі трансфарматарамі намінальнай магутнасцю па 60 МВА надзейна забяспечыць яго электраэнергіяй. Падстанцыя пабудавана ў адпаведнасці з пастановай Міністэрства энергетыкі Рэспублікі Беларусь «Аб зацвярджэнні Праграмы комплекснай мадэрнізацыі вытворчасцяў энергетычнай сферы на 2021–2025 гады».

Аб’ект сам па сабе перадавы, аснашчаны сучасным высокатэхналагічным абсталяваннем, у асноўным беларускай вытворчасці. Кіраваць ім будуць на адлегласці, што забяспечыць пастаянны маніторынг і зменшыць эксплуатацыйныя выдаткі. 

Праектам былі прадугледжаны таксама рэканструкцыя існуючай падстанцыі 110 кВ «Сельмаш» і будаўніцтва кабельнай лініі 110 кВ «Саломінка-Сельмаш». Для рэалізацыі хапіла 15 месяцаў замест нарматыўных 23, агульная сума ўкладзеных сродкаў склала 48 мільёнаў рублёў. Вакол будынка праведзена добраўпарадкаванне, зроблены пад’язныя шляхі і пешаходныя сцяжынкі.

Генеральны дырэктар РУП «Магілёўэнерга» Канстанцін Пуціла назваў адкрыццё падстанцыі ў мікрараёне Саломінка-2 маштабным інфраструктурным праектам для Магілёўскай энергасістэмы.

— Гэта лічбавая падстанцыя супернадзейная, сюды ўкладзены найсучасныя тэхналогіі і распрацоўкі ў электратэхнічнай прамысловасці, — падкрэсліў ён. — Вы бачыце, што вакол няма ніводнай апоры, пракладзена сем кіламетраў кабельных ліній 110 кВ. На найбліжэйшыя як мінімум 30 гадоў нічога ў гэтую падстанцыю не трэба ўкладваць. Яна будзе бездакорна працаваць.

Надзейнасць, бяспека і высокая тэхналагічнасць — так характарызуюць аб’ект спецыялісты.

Памочнік Прэзідэнта — інспектар па Магілёўскай вобласці Сяргей Налівайка звярнуў увагу на тое, што аб’ект адпавядае ўсім патрабаванням пяцігодкі якасці і Года добраўпарадкавання.

— Мы ведаем, якую вялікую ўвагу кіраўнік дзяржавы ўдзяляе энергабяспецы і энерганезалежнасці краіны, — адзначыў ён. — Мы помнім, пад якім ціскам успрымалася яго рашэнне аб будаўніцтве АЭС. Час паказвае, што яно было правільным. І цяпер стаіць задача нарошчваць энергаспажыванне. Энергасістэма нашай краіны, у тым ліку Магілёўшчыны, дэманструе ўстойлівасць і бяспеку. Калі мы кажам пра пяцігодку якасці, то разумеем, што пад гэтым маецца на ўвазе паляпшэнне якасці жыцця грамадзян. Для гэтага і адкрываюцца новыя аб’екты.

Знамянальнай для магілёўскай энергасістэмы падзеяй назваў увод у строй электрападстанцыі міністр энергетыкі Рэспублікі Беларусь Аляксей Кушнарэнка. Ён падзякаваў усім, хто з гонарам выканаў сваю прафесійную місію, каб зрабіць гэту надзейную крыніцу энергазабеспячэння для мікрараёна, дзе электрычнасць выкарыстоўваецца для ацяплення, гарачага водазабеспячэння, прыгатавання ежы.

Мэр Магілёва Аляксандр Студнеў у сваёй прамове акцэнтаваў увагу на тым, што Магілёў апошнім часам вельмі дынамічна развіваецца — будуюцца масты, дарогі, жыллё. І адкрыццё перадавой падстанцыі — яшчэ адно яскравае пацвярджэнне гэтаму. У аснове ўсяго — клопат пра камфорт і бяспеку жыхароў горада.

Загаловак у газеце: Надзейны кілават

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю